cybulinka @cblnq Channel on Telegram

cybulinka

@cblnq


самыя важныя навіны й гісторыі з розных сфэраў навукі

адмін: @sabaczka

cybulinka (Belarusian)

Дазвольце нам представіць вам наш канал cybulinka! Мы - група ентузіястаў, якія зацікаўленыя ў навуках і прагрэсе. На нашым канале вы знойдзеце самыя важныя навіны і гісторыі з розных сфэраў навукі. Мы стараемся падтрымліваць вас інтэресамі ў гэтай вобласці, прадастаўляючы вам свежыя і цікавыя матэрыялы. Адміністратарам нашага канала з'яўляецца @sabaczka, які зацікаўлены ў розных галінах навукі і заўсёды гатовы падзяліцца сваімі знаходкамі з вамі. Падпішыся на cybulinka, каб быць у курсе з самымі важнымі навінамі з навукі ў адной месцы!

cybulinka

14 Feb, 12:13


Як і людзі, макакі асацыююць словы з выявамі

Група мэксыканскіх і амэрыканскіх навукоўцаў высьветліла, што макакі могуць зьвязваць словы з выявамі. Раней такія крос-мадальныя асацыяцыі лічыліся ўласьцівымі толькі людзям.

У досьледзе жывёламі прайгравалі запісаныя чалавекам словы й вакалізацыі іншых макак, а потым на экране паказвалі выяву таго, пра што казаў чалавек.

Пасьля шэрагу паўтарэньняў аўтары замянялі голас чалавека на запісах, аднак макакі працягвалі правільна суадносіць гук з выявай на экране [ім трэба было абраць неабходную выяву зь некалькіх]. То бок, жывёлкі запаміналі ня проста гучаньне слова, а фактычнае

cybulinka

14 Feb, 07:53


Дасьледнікі знайшлі лярву мясной мухі, якая мае азадак у форме галавы тэрміта

У Марока міжнародная група дасьледнікаў заўважыла патэнцыйна новы від мясных мух, лярвы (лічынкі) якіх набылі цікавыя марфалягічныя зьмены, каб падманваць тэрмітаў. Гэтыя зьмены ўключаюць заднюю частку цела ў форме галавы тэрміта й здольнасьць імітаваць пах, характэрны для калёніі.

Першапачаткова дасьледчая каманда вывучала матылёў і мурашак, але аднойчы пайшоў дождж, таму навукоўцы выправіліся на пошукі апошніх. Потым пад каменем яны раптам пабачылі тэрмітнік з трыма дзіўнымі лярвамі мух, якіх потым забралі ў лябараторыю разам тэрмітамі.

Больш пільнае вывучэньне знаходкі паказала, што лярвы маюць ззаду маску тэрміта: дадатак у форме галавы, зь нефункцыянальнымі антэнамі й мандыбуламі ("ротавыя" шчупальцы). Тамака ж знайшліся й несапраўдныя вочы, ролю якіх выконвалі дыхальныя адтуліны лярвы.

Яшчэ дасьледнікі зладзілі хімічны аналіз лярваў, які паказаў, што тыя маюць аднолькавы з тэрмітамі пах. Усе гэтыя асаблівасьці дапамагаюць ім бесьперашкодна трапляць у калёнію тэрмітаў і разьвівацца там. Што праўда, у лябараторных умовах лярвы загінулі й не пасьпелі пераўтварыцца ў дарослую форму, таму як яна выглядае — пакуль застаецца невядомым.

cybulinka

13 Feb, 11:39


Афтальмолягі знайшлі сьціплую сувязь паміж прэпаратам Ozempic і пагаршэньнем зроку

Ў апублікаваным дасьледаваньні лекары апісалі некалькі впадкаў праблемаў са зрокам, якія могуць быць зьвязаныя з прыёмам прэпаратаў ад атлусьценьня й дыябэту, такімі як Ozempic, Wegovy, Zepbound і інш.

Дыягнаставаныя захворваньні пераважна былі зьвязаныя з зровакай нэрвай, а ў адным выпадку з судзінамі сеткавіцы. Пры адсутнасьці лячэньня яны могуць прывесьці да сьлепаты. Аднак у апісаных выпадках зрок да людзей вяртаўся альбо пераставаў пагаршацца пасьля спыненьня прыёму прэпарату.

Аўтары падкрэсьліваюць, што трывогу біць пакуль рана, бо амаль усе пацыенты мелі дыябэт 2 тыпу ў анамнэзе, а пры гэтым захворваньні падобныя "зрокавыя" праблемы часам здараюцца праз хуткія зьмены ўзроўню глюкозы ў крыві.

cybulinka

13 Feb, 07:08


Чарапашаняты патаньчылі ў знаёмым магнітным полі

Амэрыканскія навукоўцы ў шэрагу досьледаў высьветлілі, што марскія чарапахі Caretta caretta могуць адрозьніваць магнітнае поле паводле ягонай інтэнсыўнасьці й вуглу нахілу.

Дасьледнікам спратрэбілася два рэзэрвуары з рознымі магнітнымі палямі: у адным чарапашаняты проста плавалі, а ў другім ім давалі ежу. У выніку празь некаторы час малыя пачыналі таньчыць штораз, калі адчувалі магнітнае поле, у якім яны некалі атрымлівалі ежу.

Наступныя досьледы паказалі, што чарапашаняты C. caretta запамінаюць некалькі магнітных сыгнатур мінімум на 4 месяцы, і тут галоўную ролю граюць менавіта вугал нахілу й інтэнсыўнасьць поля [калі жывелы былі ў полі з адной знаёмай характарыстыкай, яны не чакалі ежы]. Таксама паведамляецца, што радыёчастотныя памехі, якія парушаюць ўспрыняцьцё магнітнага поля ў птушак, не перашкаджалі чарапахам адрозьніваць палі, аднак крыху ўплывалі на арыентацыю. Гэта кажа пра тое, што магнітны компас чарапах заснаваны на хэмічнай магнітарэцэпцыі.

cybulinka

11 Feb, 12:10


"Дэтокс дні" на соках могуць нанесьці шкоду кішэчніку

Некаторыя варыянты дыет і інтэрвальнага галадаваньня прапануюць спажываць сьвежыя сокі цягам 3 дзён. Мяркуецца, што гэта насыціць арґанізм вітамінамі, а таксама дапаможа пазбавіцца шкодных рэчываў [калі печань у адпачынку]. Аднак у соках вельмі мала абалоніны (цэлюлёзы), што можа мець нэгатыўныя наступствы для арґанізму, бо мікрафлора пачне абурацца.

Таму аўтары невялікага дасьледаваньня з удзелам 14 чалавек пастанавілі спраўдзіць, ці можа кароткатэрміновы недахоп абалоніны адбіцца на паказьніках здароўя. Для гэтага людзей падзялілі на тры групы й прапанавалі цягам 3 дзён прытрымлівацца адной з трох дыет: цэльная расьлінная ежа, толькі сокі, альбо звычайныя прадукты (кантрольная). Ва ўсіх удзельнікаў/удзельніц навукоўцы вывучалі мікрабіём роту й кішэчніка перад, падчас і пасьля досьледу.

Такім чынам высьветлілася, што ў людзей, якім давялося спажываць толькі сокі, адбыліся даволі выразныя зьмены. Напрыклад, у роце зьменшылася колькасьць карысных бактэрый Bacillota і павялічылася папуляцыя зьвязаных з запаленьнем Pseudomonadota. Мікрабіём кішэчніка ў гэтай групе таксама зьмяніўся падобным чынам, толькі ня так выразна. Агулам аўтары заўважылі станоўчыя зьмены кішэчнай мікрафлоры толькі ў групе з расьліннай дыетай.

cybulinka

10 Feb, 11:45


Старажытныя эўрапейцы паелі мазґоў сваіх ворагаў

Чалавечыя парэшткі, якія знайшлі ў Машыцкай пячоры недалёк ад Кракава, паказалі, што 18 000 гадоў таму людзі практыкавалі канібалізм падчас міжгрупавых канфліктаў. Аналіз 53 костак выявіў шматлікія парэзы й пераломы, якія паказвалі на мэтанакіраванае выніманьне мяккіх тканак.

Аўтары паведамілі, што сьляды такой апрацоўкі былі на 68% узораў, а на чэрапах знайшліся прыкметы зьняцьця скальпу, выдаленьня ніжняй сківіцы, вушэй і выманьня мазґоў.

Хаця канібалізм у старажытныхх людзей звычайна зьвязваюць з выжываньнем ва ўмовах недахопу ежы, і з рытуаламі, тут быў іншы характар. Вядома, што праблем з рэсурсамі ў тыя часы не было й папуляцыя старажытных людзей павялічвалася, а самі парэшткі былі перамешаныя з косткамі жывёл, што выключае рытуальны характар канібалізму. Таму дасьледнікі мяркуюць, што яны выявілі прыкметы менавіта "канфліктнага" канібалізму.

cybulinka

08 Feb, 10:38


Дасьледнікі знайшлі спосаб ідэальнай варкі яец

Складанасьць варкі яец палягае ў тым, што жаўток і бялок маюць розны хімічны склад, а таму й тэмпэратура прыгатаваньня для іх будзе рознай: 65 і 85 градусаў адпаведна. Таму часта ў звараным яйцы можна сустрэць вадкі жаўток, альбо гумавы бялок. Аднак навукоўцы паведамляюць, што мэтад пэрыядычнай варкі цягам 32 хвілін дапаможа вырашыць гэтую праблему.

Аўтары стварылі матэматычныя мадэлі перадачы цяпла ў бялку й жаўтку, і змадэлявалі розную па часе "варку" з рознымі тэмпэратурамі. Тут і высьветлілася, што шматразовыя ваганьні тэмпэратуры ад 100 да 30 градусаў дазваляюць жаўтку й бялку награвацца незалежна адзін ад аднаго.

На наступным этапе дасьледнікі пачалі гатаваць яйкі рознымі спосабамі: усьмятку, укрутую й у герметычным пакеце (sous vide). Потым усё гэта дадаткова дасьледавалася з дапамогай спэктраскапіі, тэстаў на цьвёрдасьць, а таксама дэгустатарамі ацэньваліся смакавыя паказьнікі.

У выніку пераможцам назвалі зваранае новым спосабам яйцо. Ягоны бялок быў падобны на бялок зварана ўсьмятку яйца, а жаўток быў як пасьля варкі ў герметычным пакеце.

Канчаткова тэхналёгія выглядае наступным чынам: трэба падрыхтаваць адзін рондаль з кіпнем, а другі цёплай вадой (30°С). Спачатку яйцо трэба палажыць у кіпень на 2 хвіліны, а потым пералажыць у цёплую ваду на такі ж час. Потым паўтарыць гэта 8 разоў (32 хвіліны).

cybulinka

07 Feb, 12:54


Песьні гарбатых кітоў маюць структуру, падобную на чалавечую мову

Навукоўцы выявілі, што песьні гарбатых кітоў Megaptera novaeangliae маюць статыстычныя заканамернасьці, падобныя да структуры чалавечай мовы. Хоць гэтыя гукі не нясуць складанага сэнсу, іх перадача можа нагадваць працэс засваеньня мовы ў немаўлятаў.

Толькі самцы кітоў сьпяваюць, і іхія песьні заўсёды зьмяняюцца: новыя элемэнты паступова замяняюць старыя, пакуль песьня не зьменіцца цалкам. Дасьледнікі прааналізавалі 8 гадоў запісаў кітовых песень, закадавалі іх ва ўмоўныя абазначэньні й ужылі мэтад, які выкарыстоўваецца ў лінгвістыцы для вызначэньня структуры мовы.

Вынікі паказалі, што частата паўтаральнасьці гукаў падпарадкоўваецца тым жа законам, што й у чалавечай мове. Найбольш распаўсюджаныя гукі карацейшыя, як і самыя частыя словы ў людзкой гаворцы. Гэтыя асаблівасьці могуць быць вынікам культурнага навучаньня, бо песьні кітоў перадаюцца паміж асобінамі.

cybulinka

07 Feb, 12:21


Пэрсаналізаваная вакцына ад рака паказала эфэктыўнасьць у першых выпрабаваньнях

Раньняя фаза выпрабаваньняў пэрсаналізаванай вакцыны супраць рака ныркі паказала пэрспэктыўны старт: прэпарат аказаўся бясьпечным і выклікаў сталы імунны адказ у 9 чалавек з рызыкай рэцэдыву.

Сама вакцына скіраваная на мутацыі ў пэўных генах, якія з высокай імавернасьцю выкклікаюць разьвіцьцё рака нырак. За тры гады назіраньняў былі зафіксаваныя толькі нязначныя пабочныя эфэкты, падобныя на грып.

cybulinka

05 Feb, 14:56


Рэгулярнае спажываньне яец зьніжае рызыку сьмерці ад сэрцава-судзінных захворваньняў

Новае дасьледаваньне, зладжанае аўстралійскімі навукоўцамі, паказала, што спажываньне яец 1–6 разоў на тыдзень зьніжае рызыку сьмерці ад сэрцава-судзінных захворваньняў (ССЗ) на 29% сярод адносна здаровых пажылых людзей. Таксама дасьледнікі адзначылі 15% зьніжэньне рызыкі сьмерці ад любых прычын у параўнаньні з тымі, хто еў яйкі рэдка або ня еў ніколі.

У дасьледаваньні бралі ўдзел 8 756 чалавек у веку 70 гадоў і больш, якія паведамлялі пра частату спажываньня яец: рэдка (да 2 разоў на месяц), умерана (1–6 разоў на тыдзень) і штодня. Аўтары таксама выявілі, што карысьць ад яец была асабліва выразнай у людзей з умерана высокай і высокай якасьцю дыеты — у іх рызыка сьмерці ад ССЗ зьніжалася на 33% і 44% адпаведна.

Дасьледнікі падкрэсьлілі, што яйцы зьяўляюцца добрай крыніцай бялку, вітамінаў і мінэралаў, асабліва важных для пажылых людзей. Акрамя таго, нават сярод пажылых людзей з высокім узроўнем халестэрыну тыя, хто еў яйкі штотыдзень, мелі на 27% меншую рызыку сьмерці ад ССЗ. Такія дадзеныя могуць дапамагчы скарэктаваць дыетычныя рэкамэндацыі для пажылых людзей.

cybulinka

05 Feb, 10:30


Праграмы для знаёмстваў пагоршылі псыхічны стан і ўспрыняцьце ўласнага цела

Аўтары сыстэматычнага агляду дасьледаваньняў прыйшлі да высновы, што карыстаньне праграмамі для знаёмтсваў нэгатыўна адбіваецца на ўспрыняцьці крастальнікам/ карыстальніцай уласнага цела. Таксама ўплыў быў заўважаны на псыхічным здароўі й агульным дабрабыце.

У выбарку трапіла 45 тэматычных дасьледваньняў, апублікаваных з 2016 па 2023 год. У 48.9% зь іх паведамлялася пра нэгатыўныя наступствы для ўспрыняцьця цела, а ў 64.4% — нэгатыўны ўплыў заўважылі на псыхічным стане й дабрабыце.

cybulinka

04 Feb, 13:48


Кліматолягі разабраліся з паходжаньнем радыяактыўнасьці пылу, які ў 2022 годзе прынесла ў Эўропу

Радыяактыўны пыл з Сахары, прынесены ў Эўропу ў 2022 годзе, не зьвязаны з выпрабаваньнямі францускай ядзернай бомбы ў 1960-х гадах, як меркавалася раней.

Міжнародная група кліматолягаў прааналізавала 53 узоры пылу з розных рэгіёнаў Эўропы й выявіла ў іх сьляды радыяактыўных ізатопаў. Аднак іх склад паказвае не на францускія выпрабаваньні, а на ядзерныя выбухі, праведзеныя ЗША і СССР у сярэдзіне XX стагодзьдзя.

У 1960-х гадах Францыя правяла 17 ядзерных выпрабаваньняў у альжырскай Сахары, што выклікала радыяактыўнае забруджваньне рэгіёну. У 2022 годзе пылавая бура падняла часьціцы з выпрабавальных палігонаў і панесла іх у Эўропу. Дасьледнікі праверылі ўзровень радыяцыі й пацьвердзілі, што ён не перавышае бясьпечных норм ЕС. Аднак ключавым адкрыцьцём сталі суадносіны ізатопаў плютону: яго паказьнікі аказаліся характэрнымі для выпрабаваньняў ЗША і СССР, чые выбухі былі больш магутнымі й распаўсюджвалі радыяактыўныя ападкі на тысячы кілямэтраў, у тым ліку ў Сахару.

cybulinka

03 Feb, 07:42


Фастфуд западозрылі ў паскарэньні старэньня

Каманда фінскіх навукоўцаў пастанавіла вывучыць сувязі паміж дыетамі й біялягічным старэньнем у дарослых людзей. Для гэтага яны скарысталіся зьвесткамі папуляцыйнага дасьледаваньня FinnTwin12, адкуль адабралі 826 блізьнюкоў у веку 21-25 гадоў. Дыета людзей ацэньвалася паводле апытанак, а біялягічнае старэньне — паводле эпігенэтычных профіляў.

У выніку аказалася, што рацыён зь вялікай колькасьцю садавіны й гародніны, зь невялікім спажываньнем мяса, фастфуду й салодкіх напояў быў зьвязаны з больш павольным біялягічным старэньнем. У адваротным выпадку назіралася больш хуткае старэньне. Аднак з улікам дадатковых фактараў ладу жыцьця, такіх як курэньне, алькаголь, фізычная актыўнасьць і інш. сувязі сталі больш сьціплымі.

Агулам аўтары тлумачаць такую асацыяцыю індэксам масы цела й фізычнай актыўнасьцю. То бок, пры наяўнасьці атлусьценьня ці нізкай фізычнай актыўнасьці аніякая дыета не запаволіць працэсы старэньня.

cybulinka

02 Feb, 14:59


Рост сярэдняй тэмпэратуры павялічыў колькасьць пацукоў у некаторых гарадах

Даўно прагназавалася, што па меры пацяпленьня многія віды-шкоднікі атрымаюць перавагу й створаць людзям дадатковыя праблемы. Новае дасьледаваньне гэта пацьвярджае: аналіз 16 буйных гарадоў паказаў, што папуляцыі пацукоў растуць хутчэй за ўсё там, дзе тэмпэратура павышаецца найбольш імкліва.

Дакладную колькасьць пацукоў у горадзе ацаніць складана, таму аўтары пастанавілі вывучаць не саміх жывёл, а скаргі на іх. Яны сабралі дадзеныя па 13 гарадах ЗША, а таксама Токіа, Амстэрдаму й Таронта, выбраўшы толькі тыя месцы, дзе інфармацыя зьбіралася аднолькавымі мэтадамі ня менш за сем гадоў.

Вынікі дасьледаваньня паказалі, што ў 11 гарадах колькасьць пацукоў расьце, а лідарамі сталі Вашынгтон, Сан-Францыска, Таронта, Нью-Ёрк і Амстэрдам. У іншых гарадах папуляцыя альбо не зьмянялася, альбо скарачалася (Токіа, Новы Арлеан). Аўтары мяркуюць, што галоўны фактар такога росту — павышэньне сярэднегадавой тэмпэратуры, а таксама высокая ўрбанізацыя й шчыльнасьць насельніцтва. Адзначаецца, што эканамічны ўзровень разьвіцьця гораду не ўплывае на дынаміку пацукоў.

Рэгуляваць колькасьць гарадзкіх грызуноў можна, напрыклад, абмежаваньнем доступу да ежы й харчовых адкідаў. Гэты самы танны й просты спосаб паказаў высокую эфэктыўнасьць у гарадах, дзе яго ўкаранілі. У адваротным выпадку некантраляванае пашырэньне папуляцыі грызуноў значна павысіць рызыку заражэньня некаторымі хваробамі, такімі як лептасьпіроз.

cybulinka

02 Feb, 13:20


Міжнародная група дасьледнікаў ідэнтыфікавала новы паразытычны грыб, які інфікуе пячорных павукоў Metellina merianae, каб кіраваць іхнымі паводзінамі. Упершыню грыб заўваылі падчас здымак дакумэнтальнага фільму для BBC.

Новы паразытычыны грыб атрымаў назву Gibellula attenboroughii, ён, падобна іншым грыбам-паразытам, прымушае сваю ахвяру пакінуць нару й заняць месца на столі пячоры, каб грыбныя споры мелі большы распаўсюд.

На здымку інфікаваны павук.

cybulinka

31 Jan, 09:18


Ва ўспрыманьні смаку кавы знайшоўся генэтычны сьлед

Нямецкія дасьледнікі наблізіліся да адказу на пытаньне, чаму некаторым людзям кава падаецца асабліва горкай. Спачатку навукоўцы выявілі новую групу злучэньняў у абсмажаных зернях арабікі, а потым вызначылі, якім чынам яны ўплываюць на фірмовы смак кавы. Апрача таго, аўтары ўпершыню паказалі, што індывідуальная генэтычная схільнасьць можа граць ролю ў вызначэньні горкасьці гэтых злучэньняў.

Кафэін — горкае рэчыва, аднак лічыць яго вінаватым у горкім смаку кавы не зусім карэктна, бо нават кава без кафэіну будзе мець гаркаваты смак. Гэта кажа пра тое, што мусяць быць у складзе зерняў кавы іншыя рэчывы. І яны ёсьць. Раней дасьледнікі пасьпяхова апісалі разнастайныя клясы горкіх злучэньняў, а апошнім у гэты сьпіс дадалі мазамбіязыд.

Новае злучэньне перавысіла горкасьць кафэіну ў 10 разоў, а яшчэ яно актывавала 2 з 25 рэцэптараў горкага смаку (TAS2R43 і TAS2R46). Праўда пазьней высьветлілася, што гэты мазамбіязыд распадаецца падчас тэрмічнай апрацоўкі бабоў. Таму дасьледнікі засяродзіліся на прадуктах распаду, а іх там цэлых 7.

Тут і высьветілілася цікавае. Усе гэтыя пабочныя рэчывы маюць горкі смак і пры заварваньні кавы пераходзяць у розных канцэнтрацыях у напой. Яны таксама зьвязваліся са згаданымі вышэй рэцэптарамі горкага смаку, але гэтага было недастаткова, каб аказаць заўважны ўплыў на смак кавы. На выпрабаваньнях толькі камбінацыя мазамбіязыду й прадуктаў ягонага распаду прывяла да таго, што 8 з 11 чалавек адчулі горкі смак. Аднаму сумесь падалася цёрпкай, а двум астатнім — ніякай.

Потым генэтычны тэст паказаў, што чульлівасьць да смаку залежыць ад генэтычный схільнасьці. Так у двух чалавек выявіліся 2 зламаныя копіі гена TAS2R43. Сем чалавек мелі толькі адну дэфэктную копію гэтага гена, а ў астатніх абедзьве копіі былі нармальнымі.

cybulinka

29 Jan, 08:33


Мікраплястык трапіў у мышыныя мазгі празь некалькі гадзін пасьля спажываньня

Міжнародная група навукоўцаў зладзіла шэраг досьледаў на мышах, каб даведацца больш наконт транспарту мікраплястыку ў жывых арганізмах. Для гэтага грызунам давалі ваду з часьцінкамі флюёрэсцэнтнага плястыку розных памераў (мікра, нана), а потым з дапамогай двухфатоннай мікраскапіі адсочвалі шлях плястыку. Таксама навукоўцы зрабілі маленькія акенцы ў чэрапах жывёлак, каб выявіць плястыкавыя часьцінкі ў мазгах.

Такім чынам высьветлілася, што мікраплястык хутка трапляе з сыстэмы страваваньня ў крывябег, а праз пару гадзін трапляе ў мазгі. Прытым было заўважана, што некаторыя часьцінкі плятсыку паглыналіся імуннымі вузамі, што спрыяла ўтварэньню коркаў у некаторых месцах (і адбівалася на інтэнсыўнасьці крывябегу (на фота)).

Яшчэ паведамляецца, што мышы зь вялікай колькасьцю мікраплястыку ў мазгах паказвалі пагаршэньне памяці, зьніжэньне дакладнасьці рухаў і трыываласьці. Аднак у нас з мышамі анатомія моцна адрозьніваецца, таму ў арганізьме чалавека сытуацыя можа быць іншай. Для гэтага патрэюныя тэрміновыя дасьледаваньні.

cybulinka

29 Jan, 05:24


Гадзіньнік Суднага дня зноў пераведзены наперад — цяпер ён паказвае 89 сэкунд да поўначы, што зьяўляецца самым трывожным значэньнем за ўсю 78-гадовую гісторыю праекта. Гэта сымбалічны сыгнал, які паказвае на крытычны ўзровень глябальных пагроз, здольных прывесьці да катастрофы. На думку навукоўцаў, калі сьвет не зьменіць кірунак, наступствы могуць быць непапраўнымі.

Рашэньне аб пераводзе стрэлак учора прыняла група экспэртаў з Bulletin of the Atomic Scientists, улічваючы такія фактары, як ядзернае супрацьстаяньне, зьмены клімату, біялягічныя пагрозы й разьвіцьцё штучнага інтэлекту. Асаблівую трывогу выклікаюць канфлікты ва Ўкраіне й на Блізкім Усходзе, нестабільныя міжнародныя адносіны й няздольнасьць сусьветных лідараў эфэктыўна рэагаваць на выклікі.

Гадзіньнік Суднага дня быў створаны ў 1947 годзе навукоўцамі, якія ўдзельнічалі ў Мангэтанскім праекце, як мэтафара пагрозы ядзернай вайны. Зь цягам часу значэньне пашырылася, ахопліваючы й іншыя глябальныя рызыкі. Штогод навукоўцы й ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі пераглядаюць становішча стрэлак, нагадваючы сьвету пра неабходнасьць тэрміновых дзеяньняў.

cybulinka

28 Jan, 10:13


Моцны стрэс, перажыты ў дзяцінстве, пакінуў генэтычныя адбіткі на спэрматазодах мужчын

Навукоўцы зладзілі невялікае дасьледаваньне з удзелам 58 мужчын у веку 30-40 гадоў. Аўтары з дапамогай адмысловай апытанкі спачатку вызначылі наяўнасьць стрэсавых сытуацый у дзяцінстве (занядбаньне, гвалт), а потым вызначылі іхнюю інтэнсыўнасьць: чым больш яны набралі пунктаў у апытанцы, тым больш падрабязна яны памяталі траўмы. Потым навукоўцы вывучылі эпігенэтычныя маркеры ў спэрме (мэтыляваньне ДНК, хэмічная рэакцыя, у выніку якой у ДНК дадаецца мэтыльнай групы CH3, што можа ўплываць на працу ґенаў).

У выніку аказалася, што ў мужчын, якія перажылі моцны стрэс у дзяцінстве быў іншы эпігенэтычны профіль. Прытым адрозьненьні захоўваліся нават пасьля ўліку іншых фактараў, якія б маглі аказаць уплыў на эпігеном (алькаголь, курэньне). Пакуль невядома, ці могуць такія зьмены перадавацца дзецям чалавека, але на мадэльных жывёлах (чарвякі й мышы) дасьледнікі паказалі такую магчымасьць.

cybulinka

28 Jan, 08:07


Польскія дасьледнікі знайшлі эфэктыўны спосаб навучаньня, але ён не спадабаўся студэнтам

Дасьледчая каманда зладзіла сем экспэрымэнтаў з польскімі студэнтамі, якім прапанавалі пачаць вывучаць фінскую мову, і носьбітамі ангельскай мовы, якім трэба было разабрацца ў геалягічных канцэпцыях. У першым выпадку ўдзелькі/удзельніцы запаміналі пары слоў у розных умовах: адныя бачылі новыя словы ў аднолькавым кантэксьце некалькі разоў (сабака ляжыць на канапе), а іншыя сутыкаліся з рознымі кантэкстамі (сабака ляжыць на канапе, сабака сьпіць на падлозе). У досьледах па геалёгіі студэнты мусілі адказваць на пытаньні пасьля лекцыі, толькі для адных пытаньні паўтараліся, а для другіх былі рознымі. Самі дасьледнікі вымяралі як фактычныя вынікі ўдзельнікаў/удзельніц, так і субʼектыўныя ацэнкі эфэктыўнасьці мэтадаў.

Аказалася, што ва ўсіх экспэрымэнтах пераменная практыка (розны кантэкст і розныя пытаньні) давала лепшыя вынікі, чым сталая практыка. Прытым гэта назралася ня толькі адразу пасьля заняткаў, але й праз 24 гадзіны пасьля іх. Таксама найбольш выразна эфэкт праяўляўся пры спалучэньні пераменнай практыкі з разьмеркаваным паўтарэньнем, калі вывучаныя сёньня матэрыял паўтараецца заўтра, праз тыдзень і гд. Але самі ўдзельнікі/удзельніцы лічылі найбольш эфэктыўнай сталую практыку, нават калі бачылі, што пераменная дае лепшыя вынікі.

cybulinka

27 Jan, 14:26


Мітахондрыі злавілі на рэгуляцыі запаленчых працэсаў

За мітахондрыямі моцна замацаваўся імідж "вузавых электрастанцый", бо яны сынтэзуюць неабходныя для падтрыманьня вузавых працэсаў малекулы АТФ. Аднак цяпер навукоўцы выкрылі яшчэ адну нечаканую функцыю гэтых маленькіх арганэл: рэгуляцыя запаленчых імунных рэакцыі.

Падчас вытворчасьці малекулы АТФ, электроны ідуць па адмысловым шляху ў мітахондрыях, які называюць ланцугом пераносу электронаў. Аказалася, што гэны ланцужок працуе ня толькі для атрыманьня энэргіі, але й уплывае на макрафагі — імунныя вузы, якія паглынаюць патаґены, мёртвыя вузы арґанізму й іншыя шкодныя часьцінкі.

Адной з ключавых задач макрафагаў зьяўляецца заглушэньне запаленьня праз вылучэньне спэцыфічнага бялку IL-10. Таму ў досьледах з машымі аўтары імкнуліся высьветліць, якім чынам на гэты працэс уплывае ланцуг пераносу электронаў.

Аказалася, што ў грызуноў з дэфэктным мітахандрыяльным комплексам не выпрацоўвалася дастатковая колькасьць IL-10, што істотна запавольвала аднаўленьне жывёлак пасьля інэкцый і запаленьня. Аднак актывацыя іншых, не зьвязаных зь мітахондрыямі, шляхоў рэактыўнай формы кіслароду запускала сытэз IL-10.

Такія вынікі падкрэсьліваюць важнасьць мітахондрый ня толькі ў сынтэзе энэргіі, але й у рэгуляцыі запаленьня, што можа зрабіць іх пэрспэктыўнымі мішэнямі ў тэрапіі запаленчых захворваньняў.

cybulinka

27 Jan, 12:33


Навукоўцы прымацавалі на пчол QR-коды, каб даведацца больш пра іхняе жыцьцё

Дасьледнікі замацавалі на пчолах маленькія QR-коды, каб даведацца, як далёка яны лётаюць у пошуках ежы. Гэтая інавацыйная тэхналёгія ўжо дазволіла навукоўцам і пчалярам атрымаць новыя даныя пра паводзіны важных апыляльнікаў.

Для адсочваньня перамяшчэньняў навукоўцы выкарыстоўвалі аўтаматычную сыстэму з датчыкам на ўваходзе ў вулей. Сыстэма рэгістравала кожны ўваход і выхад пчалы зь яе індывідуальным QR-кодам, фіксуючы дату, час, тэмпэратуру й кірунак руху. Усяго аўтары дасьледаваньня адзначылі больш за 32 000 пчол.

Ранейшыя дасьледаваньні высьветлілі, што мядовыя пчолы могуць лётаць на адлегласьць да 10 кілямэтраў ад вульля, але гэтая лічба часта выклікае сумненьні. Новыя дасьледаваньні дазваляюць больш дакладна ацаніць рэальныя дыстанцыі іхніх палётаў. Напрыклад, папярэднія вынікі паказваюць, што большасьць вылетаў пчол з вульля працягваюцца ад адной да чатырох хвілін, што можа сьведчыць пра хуткія праверкі надворʼя ці іншыя кароткатэрміновыя задачы.

Яшчэ каля 34% пчол зьдзяйсьнялі палёты працягласьцю больш за дзьве гадзіны. Гэтыя доўгія вылеты, магчыма, зьвязаныя зь неабходнасьцю шукаць ежу далей ад вульля, асабліва ў пэрыяды, калі паблізу было менш кветак. Але частка зьвестак магла быць скажонай пчоламі, якія маглі ўвайсьці ў вулей так, што QR-код застаўся незаўважаным.

Акрамя таго, высьветлілася, што пчолы жывуць даўжэй, чым меркавалася раней: замест 28 дзён яны могуць жыць да шасьці тыдняў. Пры гэтым першыя два тыдні свайго жыцьця пчолы праводзяць унутры вульля, а потым пачынаюць здабываць ежу.

cybulinka

25 Jan, 11:37


У мужчыны выявілі аргірыю невядомага паходжаньня

Напачатку году мэдыкі паведамілі пра выпадак аргірыі, які здарыўся з 84-гадовым мужчынам з Ганконґу. Той трапіў на абсьледаваньне наконт павялічанай прастаты, аднак лекараў зьдзівіла шэрае адценьне скуры й пазногцяў пацыента. Мэдыкі западозрылі ў пацыента аргірыю — стан, калі ў скуры назапашваюцца іёны Ag+ і пад уплывам ультрафіялету пераўтвараюцца ў атамарнае срэбра. Такое магчыма толькі тады, калі чалавек ўжывае прэпараты срэбра ў вялікіх колькасьцях, але тут мужчына не прызнаўся. Таксама не выявілася й іншых фактараў, якія б маглі паспрыяць зьяўленьню лёкага шэрага адценьня.

Калі вам падалося, што недзе вы ўжо бачылі падобнае, то вам не падалося. Гэта не адзінкавы выпадак аргірыі, пра які стала вядома. Быў яшчэ амэрыканец Пол Кэрасон, які стаў вірусным пэрсанажам ў 2007 годзе пасьля таго, як ўвесь сіні пабываў на ТВ-шоў. Яшчэ палітык Стэн Джонс і інш.

Некалі срэбра сапраўды выкарыстоўвалі для лячэньня захворваньняў, бо яно мае антымікробныя ўласьцівасьці, але сучасныя дасьледаваньні паказваюць, што ёсьць больш эфэктыўныя сродкі й ужываньне раствораў гэтага мэталу ў лепшым выпадку надасьць вам навукова-фантастычную афарбоўку, а можа яшчэ выклікаць праблемы з ныркамі.

Дарэчы, ня толькі срэбрам можна зьмяніць свой колер. Золата таксама гэта зробіць. Ёсьць яшчэ бясьпечныя й, у адрозьненьні ад папярэдніх, часовыя варыятны: прыродныя пігмэнты. Аранжавыя й жоўтыя пігмэнты аказваюць найбольшы ўплыў на скуру.

Напрыклад, калі ў рацыёне чалавека вельмі шмат морквы, лішкі бэта-каратыну будуць назапашвацца ў тлушчавых тканках, у тым ліку й пад скурай, што надасьць аматару морквы адпаведнае адценьне. Але з часам увесь назапашаны пігмэнт пойдзе на сынтэз вітаміну A, і загар паступова зьнікне.

cybulinka

24 Jan, 15:29


Умеранае спажываньне ультраапрацаванага мяса прысьпешыла старэньне мазґоў

Дасьледчая каманда высьветліла, што нават умеранае спажываньне апрацаванага чырвонага мяса можа нэґатыўна ўплываць на здароўе мазґоў. У маштабным дасьледаваньні ўдзельнічалі больш за 133 000 мэдыцынскіх работнікаў, у якіхзьбіралі зьвесткі пра харчаваньне, кагнітыўныя функцыі й дыягназы праз анкетаваньне й тэлефонныя інтэрвію. Агульны час назіраньня складаў каля 43 гадоў.

Апрацаваным мясам аўтары лічылі прадукты, такія як бэкон, сасіскі, хот-догі й салямі, а неапрацаваным – ялавічыну, сьвініну, бараніну й фарш. Акрамя дыягностыкі дэменцыі, кагнітыўныя функцыі ацэньвалі з дапамогай апытаньняў і размоў па тэлефоне, каб вымераць субʼектыўнае ўспрыманьне ўдзельнікамі сваёй памяці й мысьленьня.

Вынікі паказалі, што людзі, якія спажывалі хаця б 0,25 порцыі апрацаванага чырвонага мяса ў дзень (адна порцыя — кавалак памерам з далонь), мелі на 13% вышэй рызыку разьвіцьця дэменцыі ў параўнаньні з тымі, хто ўжываў яго мінімальна. У іх таксама назіралася паскарэньне ўзроставага старэньня мазґоў – на 1,6 году за кожную порцыю апрацаванага мяса ў дзень. Асабліва заўважна гэта было сярод удзельнікаў старэйшых за 78 гадоў, дзе аматары мяса мелі на 14% вышэйшую рызыку праблем з памяцьцю й мысьленьнем.

Аднак дасьледаваньне дае надзею: замена апрацаванага мяса іншымі крыніцамі бялку можа палепшыць стан мазґоў. Ужываньне арэхаў і бабовых замест апрацаванага мяса зьніжала рызыку дэменцыі на 19%, а рыбы – на 28%. Такі крок можа стаць простым, але эфэктыўным спосабам захаваць кагнітыўнае здароўе.

cybulinka

22 Jan, 16:04


Трусы паелі зубоў і гэта нармальна

У трусоў (і некаторых іншых жывёл) зубы растуць цягам усяго жыцьця. Меркавалася, што для падтрыманьня такога працэсу іхны рацыён мусіць утрымліваць шмат кальцу (Ca). Аднак зараз высьветлілася, што гэта зусім неабавязкова, бо трусікі ядуць свае зубы, кальц зь якіх потым зноўку ідзе на пабудову зубоў.

Каб спраўдзіць гэта, фінскія вэтэрынары зладзілі досьлед з удзелам 8 самак. Палове зь іх цягам 15 дзён давалі корм з стандартнымі дабаўкамі кальцу, а другой палове дадавалі здробненыя зубы забітых на мяса трусоў.

Выніковы аналіз не паказаў нейкіх адрозьненьняў у стане здароўя жывёлаў, а вось каэфіцыент засваяльнасьці кальцу быў вышэй у тых, каму разам з кормам давалі зубную муку: 33% супраць 20% з вэтэрынарнымі дабаўкамі.

cybulinka

22 Jan, 12:11


У японскім акварыюме рыба-месяц засумавала без наведвальнікаў

Рыба-месяц (Mola mola) прыбыла ў акварыюм Кайкёкан на захадзе Японіі летась. Рыба мела 27,65 кг. вагі, а даўжыня цела складала амаль 80 см. Цягам году яна крыху падрасла й агулам пачувалася добра.

Аднак калі 1 сьнежня 2024 году распачалася рэканструкцыя акварыюму, рыба перастала есьці й пачала церціся аб шкло рэзэрвуара. Супрацоўнікі спачатку падумалі, што прычынаю раптоўнай зьвены паводзінаў могуць быць паразыты, але потым зьявілася гіпотэза, што рыба проста пачала сумаваць без наведвальнікаў. Тым больш, яна карысталася вялікай папулярнасьцю ў іх.

Таму супрацоўнікі акварыюму пастанавілі разьвесіць перад рэзэрвуарам фотаздымкі твараў людзей і вопратку, каб стварыць ілюзію натоўпу. І гэта спрацавала! Літаральна на наступны дзень рыба ўжо сілкавалася мэдузамі й паступова перастала церціся аб шкло.

cybulinka

21 Jan, 15:31


Шклянка малака можа зьнізіць рызыку рака кішэчніка

Паводле нядаўняга дасьледаваньня брытанскіх навукоўцаў, наяўнасьць у рацыёне адной дадатковай шклянкі малака зьніжае імавернасьць разьвіцьця рака кішэчніка на 17%.

Аўтары скарысталіся двухбаковым падыходам для вывучэньня сувязі між спажываньнем малака й рызыкай анкалягічных захворваньняў. Для гэтага яны прааналізавалі ґенэтычныя зьвесткі 542 778 жанчын і засяродзіліся на нязначных зьменах у ДНК, зьвязаных з устойлівасьцю ляктазы ў дарослым веку. Адсутнасьць фэрмэнту ляктазы ў дарослых выклікае непрыйманьне ляктозы — малочнага цукру.

Таксама навукоўцы сабралі падрабязную інфармацыю пра рацыёны ўдзельніц, уключна са штодзённай колькасьцю выпітага малака. Потым аўтары абʼядналі наборы даных, каб лепей ацаніць эфэкт спажываньня малака на рызыку рака кішэчніка.

Такім чынам высьветлілася, што ўдзельніцы, якія дадаткова спажывалі 244 г малака штодня (адна шклянка), мелі на 17% ніжэйшую рызыку разьвіцьця рака кішэчніка. Прытым эфэкт тычыўся як тлустага, так і абястлушчанага малака, і не залежаў ад іншых фактараў харчаваньня й ладу жыцьця. То бок, карысьць малака была не ў тым, што ім замянялі нездаровыя прадукты.

Што праўда, прычыны назіранага эфэкту пакуль невядомыя. Аўтары мяркуюць, што ён можа быць зьвязаны з кальцам (Ca) і вітамінам D, якіх багата ў малочных прадуктах. Тым больш, што раней адобва рэчывы зьвязвалі з паніжанай рызыкай рака (тут і вось тут).

cybulinka

21 Jan, 07:59


Наступным сродкам ад хваробы Альцгаймэра можа стаць ксэнон

Ксэнон — інэртны газ, які шырока выкарыстоўваецца ў мэдыцыне ў якасьці анэстэтыка й агента для мэдыцынскай візуалізацыі. Дзякуючы здольнасьці пранікаць праз гематаэнцэфалічны барʼер, які абараняе мазгі ад інфекцый і большасьці лекавых прэпаратаў, ён зацікавіў навукоўцаў як магчымы сродак для лячэньня нэўрадэгенэратыўных захворваньняў, уключаючы хваробу Альцгаймэра.

У нядаўнім дасьледаваньні, апублікаваным у Science Translational Medicine, навукоўцы вывучылі ўплыў ксэнону на мышэй з мадэльлю хваробы Альцгаймэра. Гэта адмысловыя лініі мышэй, схільныя да запаленьня й разбурэньня мазгоў, характэрных для нэўрадэгенэратыўнага захворваньня. Удыханьне ксэнону актывавала мікраглію — асаблівыя імунныя вузы мазгоў, якія абараняюць іх ад пашкоджаньняў. Вынікі паказалі зьніжэньне ўзроўню запаленьня, памяншэньне атрафіі мазгоў і, што важна, скарачэньне ўзроўню амілоідных бляшак — ключавога біямаркера хваробы Альцгаймэра.

Хоць дасьледаваньне пакуль абмяжоўваецца экспэрымэнтамі на мышах, вынікі выглядаюць пэрспэктыўна. Навукоўцы ўжо плянуюць клінічныя выпрабаваньні на людзях, каб ацаніць патэнцыял ксэнону як новага падыходу да лячэньня хваробы Альцгаймэра.

cybulinka

20 Jan, 12:06


Галасуйце за найлепшых навукоўцаў: прэмія «Бізон Гіґс» пачынае трэці этап!

⚡️Добрыя навіны ад першай беларускай навуковай прэміі:

1️⃣Фонд сабраны й складае 1180 эўра. Гэтая сума пойдзе на:

— галоўны пры пераможцу
— падарункі ахвярадаўцам (часопіс Pamyłka)
— 3D-друк статуэткі

2️⃣На прэмію намінаваныя 9 адмыслоўцаў, што выдатны вынік для першага году!

3️⃣Цяпер можна падтрымаць свайго фаварыта!

❗️знаёмцеся з намінантамі й іхнімі дасягненьнямі
👉 вось тут

🔎 калі хочаце даведацца больш, то абавязкова пашукайце дадатковую інфармацыю пра навукоўцаў у інтэрнэце.

✏️ запаўняйце форму для галасаваньня, але рабіце гэта ўважліва.
👉 форма для галасаваньня

Тэрміны галасаваньня: з 17 студзеня па 17 лютага.

Далучайцеся да гэтай важнай падзеі й зрабіце свой унёсак у патрыманьне навукоўцаў!

партнэрскі допіс

cybulinka

20 Jan, 08:23


Укус кляшча стаў прычынаю страты слыху ў жанчыны з Нэпалу

Мэдыкі апісалі жахлівую гісторыю 21-гадовай жанчыны з Нэпалу. Паводле справаздачы, яна зьвярнулася па дапамогу праз тыдзень пасьля зьяўленьня моцнага, пранізьлівага болю ў правым вуху. Дзесьці за два дні да візыту пацыентка перастала чуць пашкоджаным вухам, а таксама ў яе зьявілася галавакручэньне.

Вінаватага ў жахлівых сымптомах знайшлі хутка, ім аказаўся мёртвы клешч, які залез глыбока ў слыхавы канал. Яго вынялі, а пацыентка неўзабаве ачуняла. Мэдыкі мяркуюць, што прычынаю запаленьня ўнутранага вуха, а менавіта яно выклікала сыптомы, стала таксычная сьліна паразыта. Да того ж, месца ўкуса было побач з бубеннай балонай (альбо наўпрост у ёй), што паспрыяла трапленьню таксына ва ўнутранае вуха.

cybulinka

18 Jan, 13:14


Навукоўцы падлічылі колькасьць разводаў у калёніі малых пінгвінаў

Пінгвіны (Eudyptula minor) — самыя маленькія пінгвіны на Зямлі. Іх можна пабачыць у Аўстраліі й Новай Зэляндыі, а самая вялікая калёнія, якая налічвае каля 40 000 птушак, знаходзіцца на востраве Філіп каля Аўстраліі.

Звычайна малыя пінгвіны ўтвараюць пары на працяглы час, аднак нядаўняе дзесяцігадовае дасьледаваньне паказала, што яны могуць разыходзіцца, калі не задаволеныя колькасьцю патомства. Такое рашэньне рызыкоўнае: пасьля зьмены партнэра ў пінгвінаў зьніжаецца посьпех у наступных сэзонах размнажэньня.

На працягу 13 сэзонаў навукоўцы зафіксавалі каля 250 разводаў сярод 1000 пар. Аналіз паказаў, што гады зь нізкім узроўнем разводаў суправаджаліся больш высокай пасьпяховасьцю размнажэньня ў калёніі. Гэты ўплыў аказаўся нават больш значным, чым зьмены ў навакольным асяродзьдзі або паводзіны птушак, напрыклад, час, выдаткаваны на пошук ежы.

Дасьледчыкі лічаць, што разуменьне сацыяльнай дынамікі, такой як разводы, можа дапамагчы ў распрацоўцы мер па абароне ўразьлівых відаў марскіх птушак, якія жывуць на востраве Філіп і за яго межамі.

cybulinka

17 Jan, 13:37


У катоў знайшлі перайманьне мімікі

Яшчэ ў 2023 годзе каманда дасьледнікаў даведалася, што ў катоў ёсьць даволі вялікі набор мімічных выразаў, але было невядома, ці зважаюць жывёлы на іх падчас камунікацыі. Знайсьці адказ на гэтае пытаньне дазволіў штучны інтэлект.

Каманда скарысталася адмысловай праграмай, распрацаванай для распазнаваньня кацінай мімікі, каб адсачыць камунікацыю жывёлаў з суродзічамі. Праграма вызначала 48 стратэгічных кропак, якія фармавалі 26 ”базавых” выразаў. Потым дасьледнікі шукалі па відэазапісам, як зьмянялася міміка гадаванцаў у парах.

Паводле аўтараў, прыкладна ў 22% выпадкаў каты на імгненьне пераймалі міміку адно аднаго. Найчасьцей пасьля такога ўчынку (60% выпадкаў) жывёлы пачыналі сяброўскія гульні, альбо ўзаемны догляд.

cybulinka

16 Jan, 13:18


Забарона рэклямы тытунёвых вырабаў зьнізіла распаўсюджанасьць курэньня

Мэтааналіз 16 навуковых публікацый паказаў, што забарона на рэкляму й прасоўваньне цыгарэт зьніжае колькасьць курцоў і імавернасьць пачынаньня курэньня. Напрыклад, пры наяўнасьці забароны людзі кураць на 20% радзей, а рызыка распачаць гэную шкодную справу зьніжаецца на 37%.

Што праўда, на колькасьць тых, хто кідае курыць, забарона не паўплывала.

cybulinka

16 Jan, 12:19


Вага і мэтабалізм у большай ступені вызначаюцца генамі, чым дыетай

Амэрыканскія даследнікі кажуць, што генэтычны фон аказвае значны ўплыў на вагу цела, тлушчавую тканку, канцэнтрацыі глюкозы і ліпідаў у крыві. Прытым гэны ўплыў больш істотны, чым ад пэўных дыет.

Аўтары кармілі генэтычна разнастайных мышэй чатырма розынмі дыетамі: міжземнаморскай, вегетарыянскай, веганскай і тыповай амэрыканскай, якая часта асацыюецца з нэгатыўнымі наступствамі для здароўя. Рацыён для кожнай дыеты быў збалянсаваны па макранутрыентах (бялкі, тлучшы, вугляводы).

Такім чынам выявілася, што не ўсе мышы на амэрыканскай дыеце набралі лішнюю вагу, а на міжземнаморскай не ўсе засталіся худымі. То бок, наступствы дыеты сярод мышэй з розным генэтычным фонам ў межах адной групы былі рознымі. Гэта дазваеляе зрабіць здагадку, што апрача дыеты ролю тут адыгралі і гены.

Гэта першае падобнае дасьледаваньне, таму ў дасьледнікаў і дасьледніц яшчэ шммат працы, але старт інтрыгуе.

cybulinka

15 Jan, 08:08


Брытанскія вавёркі, якіх падкормлівалі людзі, выпадкова зьмянілі свае чэрапы й вярнулі ўсё назад

У горадзе Формбі на заходнім узьбярэжжы Англіі турысты й валянтэры пачалі актыўна падкормліваць звычайных вавёрак (Sciurus vulgaris) арахісам, які значна мякчэйшы за арэхі, што складаюць аснову прыроднага рацыёну жывёлінак. Гэта ўмяшаньне прывяло да нечаканых наступстваў: зьменаў у будове чэрапаў і сківіц жывёл. Дасьледнікі, прааналізаваўшы 113 чэрапаў і 387 сківіц вавёрак, выявілі, што ў жывёл з Формбі чэрапы сталі крыху больш пляскатымі, а кропкі мацаваньня жавальных цагліц ссунуліся бліжэй да суставаў. Такія зьмены прывялі да зьніжэньня эфэктыўнасьці ўкусу.

Паведамляецца, што апісаныя трансфармацыі былі зафіксаваныя ўсяго празь некалькі гадоў пасьля пачатку падкормкі арахісам, што паказвае на сувязь з ужываньнем мяккай ежы. Біялягічныя тканкі, уключаючы косьці, адаптуюцца да нагрузак, і зьмяненьне мэханічных уласьцівасьцяў ежы стала прычынай аслабленьня сківіц. Аднак да канца 2010-х, калі валянтэры зьнізілі колькасьць арахісу ў рацыёне, структура чэрапаў вавёрак пачала вяртацца да нормы, нагадваючы чэрапы суродзічаў з паўночных рэгіёнаў (там вавёрак ня кормяць так актыўна арахісам).

Гэтыя назіраньні падкрэсьліваюць, што падкормка дзікіх жывёл можа ўплываць на іхнюю анатомію, зьмяняючы марфалёгію аж да костак. Гэта выклікае асьцярогі наконт магчымых доўгатэрміновых наступстваў, бо страта здольнасьці эфэктыўна перапрацоўваць цьвёрдую ежу можа зьнізіць шанцы жывёл на выжываньне ў натуральным асяродзьдзі.

cybulinka

14 Jan, 14:46


Штучны інтэлект абвінавацілі ў зьніжэньні крытычнага мысьленьня ў людзей

Некаторы час таму на reddit зьявіўся допіс, у якім карастальнік распавёў пра тое, як ягоная 11-гадовая сястра карыстаецца ChatGPT, і гэта выклікала вялікае абмеркаваньне. Паводле допісу, дзяўчынка зьвяртаецца да моўнай мадэлі літаральна з кожным пытаньнем, не спрабуючы самастойна адшукаць адказ (напрыклад, перавесьці 3 хвіліны ў сэкунды, 1 дзень і 7 гадзін ў гадзіны й г.д.). Такая зьява атрымала назву кагнітыўнай разгрузкі й, паводле новага дасьледаваньня, нічога добрага з гэта ня будзе.

Навукоўцы паклікалі 666 чалавек з розных ўзроставых груп і прапанавалі ім адказаць на некаторыя пытаньні адносна выкарыстаньня "штучнага інтэлекту", а таксама прайсьці адмысловае тэставаньне на выяшленьне ровень крытычнага мысьленьня.

Статыстычны аналіз у выніку паказаў, што частае выкарыстаньне ШІ адмоўна карэлюе з паказьнікамі крытычнага мысьленьня. Так, было выяўлена, што кагнітыўная разгрузка (перанос некаторай часткі інтэлектуальных задач на нэўрасеткі) сапраўды павялічваецца, калі чалавек актыўна карыстаецца ШІ, адначасова з гэтым яна зьніжала здольнасьць крытычна ацэньвацт інфармацыю.

У дадатак да гэтага, аўтары таксама зладзілі інтэрвію з 50 удзельнікамі й удзельніцамі, дзе сьцьвердзілася тэндэнцыя: маладыя карыстальнікі ШІ часьцей абапіраюцца на ШІ ў паўсядзённых задачах, што адбіваецца на іхняй здольнасьці самастойна разьвязваць праблемы.

Агулам такія вынікі паказваюць на неабходнасьць балянсаваньня паміж выкарыстаньнем ШІ і разьвіцьцём навыкаў крытычнага мысьленьня, а пачынаць трэба са сфэры адукацыі.

cybulinka

13 Jan, 11:37


Выпадак цеплавога ўдару ў жанчыны зь Вялікай Брытаніі нагадаў пра схаваную небясьпеку саўны

Паход у саўну можа быць расслабляльным, але грэбаваньне гідратацыяй можа прывесьці да сурʼёзных наступстваў, як паказаў рэдкі выпадак цеплавога ўдару, зарэгістраваны ў Вялікабрытаніі.

Жанчына ў веку 70 гадоў, якая мела значны досьвед наведваньня саўнаў, была знойдзена там без прытомнасьці пасьля 45 хвілін лёгкіх фізычных практыкаваньняў у залі. Яе тэрмінова даставілі ў больніцу зь небясьпечна высокай тэмпэратурай цела, дзе ёй зрабілі працэдуры ахалоджваньня й увялі вадкасьці ўнутрывенна. Нягледзячы на тое, што ў жанчыны адбыўся сэрцавы спохват і пашкоджаньне органаў, ейны стан значна палепшыўся праз колькі дзён, і праз 12 дзён яе выпісалі. Празь месяц пасьля інцыдэнту яна амаль цалкам аднавілася, за выключэньнем лёгкай стомленасьці й пашкоджаньня печані.

Жанчына, якая пакутуе на дыябэт 1-га тыпу й гіпатэрыёз, але ў астатнім актыўная й здаровая, растлумачыла, што прычынай здарэньня стала абязводжваньне.

Цеплавы ўдар ад наведваньня сауны сустракаецца вельмі рэдка — у мэдыцынскай літаратуры зарэгістравана ўсяго дзевяць падобных выпадкаў. Гэты выпадак падкрэсьлівае важнасьць належнай гідратацыі й своечасовага ўмяшаньня, паколькі хуткае ахалоджваньне на працягу 30 хвілін можа зьмякчыць пашкоджаньні органаў.

cybulinka

13 Jan, 07:27


Людзі, якія ня могуць уявіць сабе нешта, насамрэч уяўляюць гэта ў мазгах

Бальшыня людзей на просьбу ўявіць сабе, скажам, яблык, імгненна "бачаць" яркі вобраз фрукта, але прыблізна 1 чалавек з 100 не ўявіць сабе нічога. Гэта афантазыя.

Існуюць меркаваньні, што афантазыя можа быць зьвязанай з парушэньнямі функцый зрокавай кары мазгоў, дзе й апрацоўваюцца пабачанае намі. У такім выпадку просьба ўявіць сабе той жа яблык не выклікае тут актыўнасьць, а няма актыўнасьці — няма й мысьленных вобразаў.

Зрэшты гэтую гіпотэзу паставілі пад сумнеў аўтары новага дасьледаваньня, у якім узялі ўдзел 14 чалавек з афантазыяй і 18 нэўратыпічных асоб. Навукоўцы пад пільным маніторынгам фМРТ спачатку паказвалі простыя ўзоры з чырвоных ці зялёных палосак, а потым прасілі ўявіць нешта падобнае.

Затым каманда падключыла адмысловы альгарытм, каб ён мог на падставе актыўнасьці зрокавай кары вызначыць колер узору, калі людзі яго сабе ўяўлялі. У выніку дэкадаваньне аказалася пасьпяховым для ўсіх удзельнікаў і ўдзельніц незалежна ад наяўнасьці афантазыі. То бок, у актыўнасьці зрокавай кары не было аніякіх адрозьненьняў.

Аднак у наступных досьледах, дзе навукоўцы прасілі абедзьве групы ўявіць відарыс зьлева ці справа, адрозьненьні знайшліся. У людзей з афантазыяй мазгавая актыўнасьць зьяўлялася акурат з таго ж боку, дзе быў уяўны відарыс, а ў нэўратыповых людзей актыўнасьць назіралася з супрацьлеглага боку.

cybulinka

11 Jan, 12:38


Чырвонае сьвятло зьнізіла рызыку інсультаў і інфарктаў

Сьвятло аказвае прыкметны ўплыў на здароўе чалавека, які можна знайсьці ў рэгуляцыі мэтабалізму, сакрэцыі гармонаў, і рэгуляваньні кровазвароту. Уплыў сьвятла нават зьвязваюць з імавернасьцю сэрцавых спохватаў і інсультаў, якія часьцей здараюцца раніцай, чым ноччу. Цяпер навукоўцы пастанавілі дасьледаваць, ці можа сьвятло ўплываць на тромбаўтварэньне, якое ляжыць у аснове многіх небясьпечных захворваньняў, такіх як інфаркт, інсульт і тромбаэмбалія лёгачнай артэрыі.

У сваіх досьледах навукоўцы апраменьвалі мышэй сьвятлом з рознай даўжынёй хвалі: чырвоным, сінім і белым. Кожная група грызуноў знаходзілася пад 12-гадзінным асьвятленьнем, якое зьмянялася 12 гадзінамі цемры некалькі разоў. Пасьля гэтага навукоўцы ацэньвалі частату ўтварэньня тромбаў. Вынікі аказаліся даволі цікавымі: у мышэй, якія знаходзіліся ў чырвоным асьвятленьні, тромбы ўтварыліся амаль у пяць разоў радзей, чым у мышэй з групы сіняга або белага сьвятла. Пры гэтым агульная актыўнасьць, вага, сон, тэмпэратура цела й прыём ежы ва ўсіх групах заставаліся нязьменнымі, што выключае ўплыў гэтых фактараў на вынікі.

Каб спраўдзіць, ці могуць гэтыя эфэкты быць актуальнымі для людзей, дасьледнікі вывучылі зьвесткі больш чым 10 000 пацыентаў, якія перанесьлі апэрацыю на вачах (выдаленьне катаракты). Некаторым зь іх усталёўвалі звычайныя лінзы, якія прапускаюць увесь бачны спэктар сьвятла, а іншым — лінзы зь сінім фільтрам, якія зьніжаюць колькасьць сіняга сьвятла прыкладна на 50%. Аналіз паказаў, што сярод анкалягічных пацыентаў, якія выкарыстоўвалі лінзы зь фільтрацыяй сіняга сьвятла, рызыка ўтварэньня тромбаў была ніжэйшай, чым у тых, каму ўсталявалі звычайныя лінзы. Гэты вынік асабліва важны, улічваючы, што людзі з анкалягічнымі хваробамі маюць у дзевяць разоў вышэйшую рызыку тромбаўтварэньня.

Калі такая гіпотэза сьцьвердзіцца ў клінічных выпрабаваньнях, то яна стане эфэктыўным інструмэнтам для прадухіленьня трамбозаў, якія зьяўляюцца адной з асноўных прычын прадухіляльных сьмерцяў па ўсім сьвеце.

cybulinka

10 Jan, 13:34


Фізычныя практыкаваньні пасьля сьняданьня зьнізілі апэтыт і ровень глюкозы ў жанчын

Дасьледчая каманда з Унівэрсытэта Таронта зладзіла дасьледаваньне, у якім выявіла, што ў здаровых жанчын павышэньне ровеню цукру ў крыві пасьля прыёму ежы было ніжэй, калі фізычныя практыкаваньні адбываліся пасьля сьняданку. Яны таксама заўважылі, што ўдзельніцы, якія займаліся спортам пасьля сьняданьня, мелі больш нізкі апэтыт перад і пасьля трэнаваньня, чым тыя, хто аддавалі перавагу практыкаваньням нашча.

Павелічэньне канцэнтрацыі цукру ў крыві пасьля ежы - зьява цалкам натуральная, але празьмерныя ваганьні ровеню глюкозы могуць падвышаць рызыку кардыёмэтабалічных захворваньняў, такіх як дыябэт 2 тыпу.

Звычайна падобныя дасьледаваньні ладзяцца ў лябараторных умовах на адмысловым абсталяваньні, але тут аўтары засяродзіліся на хатніх ўмовах і простых практыкаваньнях, такіх як скокі, прысяданьні, і камбінацыя іх.

cybulinka

09 Jan, 13:47


Ангельскамоўныя фільмы сталі больш жорсткімі за апошнія 50 гадоў

Новае дасьледаваньне, якое базуецца на аналізе дыялогаў гэрояў больш чым 166 000 фільмаў за апошнія 50 гадоў, выявіла заўважны рост узгадваньняў забойстваў, нават у жанрах, не зьвязаных з крыміналам.

Аўтары падлічылі частату выкарыстаньня "дзеясловаў забойства" у стужках, зьнятых з 1970 па 2020 год, і пабачылі істотны рост выкарыстаньня такіх слоў з кожным дзесяцігодзьдзем. Найбольш выразна тэндэнцыя праяўляецца ў крымінальных творах, але рост не абмінуў і іншыя жанры, што сьведчыць аб нармалізацыі абмеркаваньня гвалту ў дыялогах.

Дасьледнікі адзначаюць, што такі трэнд, імаверна, зьявіўся праз канкурэнцыю кінастудый за ўвагу гледача. У такім выпадку гвалт становіцца эфэктыўным інструмэнтам прыцягненьня аўдыторыі, аднак у пэрспэктыве людзі могуць пачаць ўспрымаць рэальнасьць больш небясьпечнай і пагрозьлівай, чым яна ёсьць насамрэч.

cybulinka

08 Jan, 11:43


Польскія вэтэрынары знайшлі невялікага паразыта ў сьвіным мясе. Гэта толькі чацьвёрты задакумэнтаваны выпадак

Нацыянальны інстытут вэтэрынарных дасьледаваньняў у Польшчы паведаміў пра ідэнтыфікацыю паразыта Sarcocystіs mіescherіana у свойскіх сьвіней.

S. mіescherіana — прасьцейшы паразыт, для якога дзікія й свойскія сьвіньні могуць быць прамежкавымі гаспадарамі. Мяса сьвіней з выразнымі прыкметамі саркацыстозу лічыцца няпрыдатным для спажываньня.

Аднак выяўленьне паразыта ўскладняецца тым, што сама інфэкцыя ў сьвіней можа ісьці ў лёгкай форме, а цысты (часовая форма існаваньня паразыта) у мясе няўзброеным вокам заўважыць складана.

Польскія дасьледнікі сабралі белыя, падобныя на зерне рысу паражэньні цяглічных тканак сьвіньні, і зрабілі шэраг аналізаў. Усе 10 узораў далі пазытыўны вынік на ДНК S. mіescherіana. Асобныя пашкоджаньні мелі даўжыню крыху больш за 1 см, а шырыня складала каля 3 мм.

Хоць крыніца заражэньня застаецца невядомай, генэтычны аналіз паказаў на сувязь польскіх узораў зь італьянскімі й латвійскімі. Аўтары кажуць, што паразыт можа быць значна больш пашыраны ў глябальнай папуляцыі сьвіней.

cybulinka

08 Jan, 07:52


Напоі з цукрам сталі прычынаю 10% новых выпадкаў дыябэту

Міжнародная ініцыятыва Global Dietary Database апублікавала справаздачу, паводле якой у 2020 годзе салодкія напоі сталі прычынай 2.2 млн новых выпадкаў цукровага дыябэту (9.8% ад усіх новых выпадкаў) і 1.2 млн выпадкаў сэрцава-судзінных захворваньняў (3.1% усіх новых выпадкаў). Аналіз базуецца на зьвестках з 118 краін і апытаньнях амаль 3 млн дарослых людзей.

Са справаздачы вынікае, што ў сярэднім дарослы чалавек спажываў 2.6 порцыі салодкіх напояў за тыдзень. У падлік бралі ня толькі стандартныя газаваныя напоі, але й энэргетыкі, напоі з сокам і інш.

Найбольшая доля захворваньняў, зьвязаных са спажываньнем такіх напояў, зарэгістравана сярод мужчын, моладзі, гарадзкіх жыхароў з вышэйшай адукацыяй.

Каманда аўтараў падкрэсьлівае, што багатыя на калёрыі напоі з цукрам спрыяюць набору вагі й павялічваюць тым самым рызыкі кардыёмэтабалічных захворваньняў. Для зьніжэньня нэгатыўных наступстваў яны раяць уводзіь абмежаваньні продажу й спажываньня напояў.

cybulinka

06 Jan, 11:23


Малады культурыст спаліў прэпаратам для пахудзеньня ня толькі тлушч, але й сваё жыцьцё

Францускія дасьледнікі апісалі трагічную гісторыю 21-гадовага культурыста, які дзеля рэльефных цягліц пачаў ужываць небясьпечнае рэчыва 2,4- дынітрафэнол. Гэта цягнулася паўгады, і скончылася сьмерцьцю ад поліорганнай нястачы.

2,4-дынітрафэнол (2,4-ДНФ) — арганічнае рэчыва, якое сынтэзавалі ў пачатку 20 ст. для прамысловасьці. Аднак у 1930-х гадах высьветлілася, што гэтае рэчыва парушае сынтэз энэргіі ў вузах, чым паскарае мэтабалізм. Таму 2,4-ДНФ кароткі час выкарыстоўвалі ў якасьці сродка для пахудзеньня. Потым выявіліся жудасныя пабочныя эфэкты (гіпэртэрмія, высокае потавывядзеньне, поліорганная нястача), і рэчыва забаранілі. Але набыць яго можна й сёньня.

Да лекараў мужчына трапіў за 4 месяцы да сьмерці. Ім ён прызнаўся, што выкарыстоўваў таксычны 2,4-дынітрафэнол разам з анабалічнымі прэпаратамі ўжо некалькі месяцаў. З сыптомаў у яго былі цяжкасьці дыханьня, абільнае потавывядзеньне й высокі пульс.

Цягам наступных месяцаў стан пацыента імкліва пагаршаўся. Да ўсяго, ён хаваў ад лекараў той факт, што працягвае ўжываць 2,4-ДНФ. Гэта не дало магчымасьці скласьці эфэктыўны плян лячэньня. У выніку пацыент памёр ад поліорганнай нястачы.

Анатамаваньне й спадарожныя аналізы сьцьвердзілі факт злоўжываньня анабалічнымі прэпаратамі й 2,4-дынітрафэнолам цягам 6 месяцаў. Адмыслоўцы прыйшлі да высновы, што прычынаю такіх паводзін стала мускульная дысмарфія — паталягічны псыхічны разлад, пры якім людзям падаецца, што іхняе цела недастаткова мускулістае.

cybulinka

05 Jan, 08:37


Навукоўцы распрацавалі для мышэй VR-акуляры

Дасьледнікі Карнэльскага ўнівэрсытэта распрацавалі сыстэму віртуальнай рэальнасьці для мышэй MouseGoggles, і яна ўжо праявіла сябе ў экспэрымэнтах. Калі мышам надзявалі маленькія акуляры, яны актыўна рэагавалі на змадэляваныя выявы, што можа зрабіць віртуальную рэальнасьць больш эфэктыўным інструмэнтам для дасьледаваньняў на жывёлах.

Хаця «мышыны VR» можа выглядаць пацешна, у яго ёсьць і сурʼёзнае прымяненьне. Навукоўцы часта вывучаюць мышэй у кантраляваным асяродзьдзі, каб лепей зразумець іхнія паводзіны, але цяперашнія ўмовы далёкія ад ідэальных. Звычайна мышэй разьмяшчаюць на бегавых сфэрах, акружаных праекцыйнымі экранамі, якія не дазваляюць ім цалкам пагрузіцца ў віртуальнае асяродзьдзе. У выніку жывёлы часта ня могуць натуральна рэагаваць на мадэляваныя стымулы.

MouseGoggles зьмяняе сытуацыю. Замест таго каб ствараць складаную сыстэму з нуля, каманда выкарыстала невялікія й даступныя кампанэнты ад смарт-гадзіньнікаў і іншых спажывецкіх прыладаў. Мышы надзяваюць акуляры, знаходзячыся на бегавой сфэры, ім фіксуюць галовы, каб акуляры заставаліся на месцы. Дзякуючы такой устаноўцы атрымліваюцца візуальныя стымулы з высокай ступеньню пагружэньня.

Каб пратэставаць сыстэму, каманда падвяргала мышэй розным віртуальным сцэнарам, назіраючы за іхніяй мазгавой актыўнасьцю й паводзінамі. Вынікі аказаліся ўражлівымі. У адным з тэстаў дасьледнікі змадэлявалі цёмную фігуру, якая набліжаецца да мышэй, — патэнцыйнага драпежніка. Пры выкарыстаньні традыцыйных VR-установак зь вялікімі экранамі мышы не рэагавалі. Але ў акулярах MouseGoggles амаль кожная мыш пужалася й скакала пры першай сустрэчы, быццам верыла, што драпежнік сапраўды набліжаецца.

cybulinka

04 Jan, 13:24


Наўпрост зараз ідзе дасьледаваньне, у якім навукоўцы вывучаюць сынхранізацыю мазгавых хваль паміж сабакамі й іхнімі гаспадарамі з выкарыстаньнем мэтадаў ЭЭГ.

Сабакі разам з гаспадарамі ўдзельнічаюць у экспэрымэнтах, скіраваных на праверку тэорыі, што іхнія мазгавыя хвалі сынхранізуюцца падчас узаемадзеяньня, як гэта адбываецца паміж людзьмі. Экспэрымэнты ўключаюць сытуацыі, калі гаспадары пераключаюць увагу паміж сабакам, іншымі абʼектамі або часова адыходзяць, каб выявіць зьмены ў мазгавой актыўнасьці.

Сынхранізацыя мазгавых хваль, калі яна ёсьць, можа сьведчыць аб сумесным успрыманьні й інтэрпрэтацыі падзей, падмацоўваючы гіпотэзу аб унікальнай сувязі паміж чалавекам і сабакам. Дасьледаваньне таксама ўлічвае паводзіны й стылі клопату гаспадароў, што дапамагае глыбей зразумець міжвідавае ўзаемадзеяньне.

cybulinka

04 Jan, 07:06


Вялікі кавалак касьмічнага сьмецьця абрынуўся на вёску ў Кеніі

Здарэньне адбылося яшчэ 30 сьнежня. Спачатку мясцовыя жыхары пачулі моцны выбух, што напалохала іх. Але потым у лесе недалёк ад вёскі знайшоўся кольцападобны мэталічны абʼект, шырыня якога складала 2.5 мэтра, а вага - 500 кг. Вакол месца здарэньня назіраліся паваленыя дрэвы й кусты.

Адмыслоўцы ідэнтыфікавалі знаходку як разьдзяляльнае кальцо ад ракеты, аднак паходжаньне пакуль высьветляецца.

Пакуль такія здарэньні фіксуюцца даволі рэдка, але нізкая каляземная арбіта ўжо перапоўненая касьмічным сьмецьцем рознага памеру, таму хутка праблема падзеньня вялікіх фрагмэнтаў стане асабліва актуальнай.

cybulinka

03 Jan, 11:20


Новая нэўрасетка агучыць ваш тэкст на беларускай мове

Суполка Беларускі ШІ прэзэнтавала нэўрамадэль, якая робіць агучку тэкстаў на беларускай мове. Яна таксама можа кланаваць голас і эмоцыі, для гэтага патрэбны толькі ўзор аўдыё, працягласьцю больш за 7 с.

Патэставаць можна тут, а задаць пытаньні альбо далучыцца да распрацоўкі тут.

cybulinka

03 Jan, 08:38


У жанчыны вырасьлі мігдаліны праз 40 гадоў пасьля выдаленьня

У дзяцінстве Кэці Гольдэн мела праблемы зь мігдалінамі, якія часта запальваліся й давалі ўскладненьні на вушы. Таму летам 1983 году лекары пастанавілі выдаліць мігдаліны. Апэрацыя прайшла добра, і дзяўчынка забылася на праблемы з вушамі.

Аднак колькі гадоў таму Кэці стала заўважаць шматкі тканак у горле падчас застуды. Жанчына спачатку не надавала пабачанаму ўвагі, але восеньню мінулага году боль у горле стаў надта моцным, што прымусіла яе зьвярнуцца да лекара.

Уласна оталярынголяг на прыёме й знайшоў новыя мігдаліны ў пацыенткі. У выніку Кэці зрабілі паўторную апэрацыю, пасьля якой яна цалкам аднавілася.

Цікава, што паўторны рост мігдалін пасьля выдаленьня адбываецца толькі ў 6% выпадкаў. Мяркуецца, што на гэта могуць паўплываць вялікая колькасьць салодкага ў рацыёне, шмат перанесеных рэсьпіраторных інфэкцый, а таксама спосаб выдаленьня (халодны/гарачы).

cybulinka

29 Dec, 12:50


Асаблівая форма веек абараняе вочы ад вады

Кітайскія навукоўцы ў сваіх досьледах з натуральнымі й штучнымі вейкамі выявілі некаторыя асаблівасьці, зьвязаныя з адводам вады ад вачэй. Каманда высьветліла, што вада лёгка цячэ па вейках звонку, але толькі ў кірунку ад вока. Так адбываецца дзякуючы лускаватай, падобнай на дахоўку, паверхні кожнага вейка. Прытым такая будова не перашкаджае частковаму ўбіраньню вільгаці.

Аўтары таксама адзначылі, што вейкі маюць ідэальную форму — выгіб, які завецца брахістахронай. Такая крывая мінімізуе час, неабходны для таго, каб кроплі вады скаціліся пад уплывам сілы цяжару. Менавіта такая форма паказала найлепшыя вынікі ў досьледах са штучнымі валокнамі.

Разам усе згаданыя ўласьцівасьці дапамагаюць трымаць "вочы сухімі", але як на гэтай функцыі адбіваюцца касмэтычныя сродкі — пакуль невядома.

cybulinka

27 Dec, 09:13


Спажываньне солі зьвязалі зь невялічкай групай нэўронаў у мазгах

Натар (Na), асноўную частку якога мы атрымліваем з солі, жыцьцёва важны для арганізму элемэнт. Ён дапамагае падтрымліваць балянс вадкасьцяў, функцыянаваньне нэрвовай сыстэмы й цягліцаў. Але важна захоўваць балянс: занадта малая колькасьць натру можа прывесьці да зьніжэньня абʼёму крыві й сурʼёзных наступстваў, а лішак павышае рызыку гіпэртаніі й сэрцава-судзінных захворваньняў. Нягледзячы на тое, што сёньня празьмернае спажываньне солі сустракаецца значна часьцей, эвалюцыя выпрацавала магутны мэханізм, які стымулюе нас шукаць соль пры недахопе натру.

Амэрыканскія навукоўцы раскрылі адну з загадак гэтага мэханізму. Яны выявілі групу нэўронаў у ствале галаўных мазгоў, якія адказваюць за спажываньне солі. Такія нэўроны (HSD2) актывуюцца гармонaм альдастэронам, які сынтэзуюецца арганізмам, калі абʼём вадкасьці зьмяншаецца, напрыклад, пры абязводжваньні або стратах крыві. Альдастэрон стымулюе арганізм утрымліваць натар, а таксама ўзмацняе жаданьне спажываць соль.

Дасьледаваньне паказала, што HSD2-нэўроны граюць ключавую ролю ў гэтым працэсе. У экспэрымэнтах на мышах азтары выявілі, што пры выдаленьні гэтых вузаў апэтыт да солі зьнікае, нягледзячы на высокі ўзровень альдастэрона. Яны таксама выявілі, што згаданыя нэўроны ёсьць і ў людзей, што падкрэсьлівае ўнівэрсальнасьць абарончага мэханізму.

Каманда таксама паведамляе, што такіх нэўронаў у мазгах няшмат: 200 у мышэй, каля 1000 у людзей. Нягледзячы на гэта, яны цалкам кантралююць пошук і спажываньне солі.

cybulinka

25 Dec, 12:52


Камэры відэаназіраньня мабілізавалі функцыю распазнаваньня твараў у людзей

Навукоўцы з Тэхналягічнага ўнівэрсытэту Сіднэя высьветлілі, што відэаназіраньне паляпшае здольнасьць людзей распазнаваць твары. У экспэрымэнце ўдзельнікам паказвалі выявы праз стэрэаскоп: аднаму воку дэманстравалі яркую абстрактную карцінку, а другому — выяву чалавечага твару. Пры гэтым кантраснасьць твару паступова павялічвалася, і ўдзельнікі мусілі як мага хутчэй вызначыць ягонае разьмяшчэньне адносна цэнтральнай кропкі. Адна група ведала, што за імі вядзецца назіраньне праз камэры (ім наўпрост паведамілі пра гэта й паказалі трансьляцыю з камэр), а другая, кантрольная група, працавала ў пакоі без камэр.

Вынікі паказалі, што людзі пад назіраньнем вызначалі твар, які глядзеў прама, за 2,87 сэкунды, а твар, які глядзеў у бок, за 3,16 сэкунды. Кантрольнай групе патрабавалася больш часу: 3,65 і 3,93 сэкунды адпаведна. У паўторным экспэрымэнце, дзе замест твараў выкарыстоўвалі нэўтральныя стымулы (фільтры Габора), адрозьненьняў паміж групамі не выявілі. Гэта сьведчыць пра тое, што камэры ўзмацнялі менавіта здольнасьць распазнаваць твары, а не агульную ўвагу. Цікава, што ўзровень трывожнасьці ўдзельнікаў да й пасьля экспэрымэнта не зьмяніўся, і ён не адрозьніваўся паміж дзьвюма групамі, што выключае тлумачэньне вынікаў павышанай трывожнасьцю.

Навукоўцы прыйшлі да высновы, што вера ў назіраньне актывуе бесьсьвядомыя мэханізмы ўспрыманьня, зьвязаныя з тварамі. Гэты эфэкт, імаверна, зьвязаны з натуральным жаданьнем чалавека зрабіць добрае ўражаньне, нават калі ён толькі мяркуе, што за ім назіраюць. Такія адкрыцьці могуць дапамагчы лепш зразумець, як сацыяльнае асяродзьдзе ўплывае на нашыя паводзіны й кагнітыўныя здольнасьці.

cybulinka

23 Dec, 13:06


У зубах сучасных людзей знайшлі спадчыну нэандэртальцаў

Міжнародная каманда навукоўцаў знайшла адрозьненьні ў будове зубоў розных этнічных груп. Прытым выкрылася адна асаблівасьць, якая зьвязаая з успадкаваным ад нэандэртальцаў генам. Такое адкрыцьцё можа некалі дапамагчы ў дыягностыцы й лекаваньні генэтычыных захворваньняў зубоў.

Дасьледнікі выкарысталі гіпсавыя вылепкі зубоў 882 чалавек эўрапейскага й афрыканскага паходжаньня, а таксама карэнных народаў Амэрыкі. Потым фізычныя характарыстыкі вылепкаў адмыслоўцы параўналі з генэтычнымі данымі тых жа людзей, і знайшлі 18 участкаў генома, якія адказваюць за форму й памер зубоў. Цікава, што бальшыню зь іх ідэнтыфікавалі ўпершыню.

Аўтары мяркуцюь, што адзін з генаў паходзіць ад неандэртальцаў, зь якімі старажытыя людзі крыжаваліся падчас непрацяглага суіснаваньня на плянэце. Такі генэтычны варыянт знайшоўся толькі ў людзей эўрапейскага паходжаньня й быў зьвязаны з больш тонкімі секачамі (разцы). Адзначаецца таксама, што людзі з такім генэтычным варыянтам мелі больш дробныя зубы.

Аднак пакуль невядома, ці давалі такія адрозьненьні ў форме зубоў хоць якія эвалюцыйныя перавагі, магчыма гэта толькі пабочны эфэкт, а самі гены граюць важныя ролі ў нечым іншым.

cybulinka

20 Dec, 08:27


У штучнага інтэлекта знайшлі прыкметы дэменцыі

Вялікія моўныя мадэлі й генэратыўныя чат-боты са штучным інтэлектам моцна ўзбаламуцілі мэдычную супольнасьць, калі яны перасягнулі мэдыкаў-людзей у экзаменацыйных тэстах. Нэўрасеткі паказалі выдатныя здольнасьці ў кардыялёгіі, анкалёгіі й у дыягностыцы нэўралягічных захворваньняў. Аднак гэтыя самыя нэўралягічных захворваньні ніхто не шукаў у саміх нэўрасетак. Нядаўна ізраільскія дасьледнікі выправілі гэтую недарэчнасьць.

Яны пратэставалі пяць розных мадэляў ”штучнага інтэлекту”: дзьве актуальныя вэрсыі ChatGPT, дзьве вэрсыі Gemіnі ад Google і яшчэ Claude 3.5 Sonnet. Усім мадэлям прапанавалі стандартны тэст кагнітыўнай ацэнкі, якім карыстаюцца лекары для дыягностыкі дэменцыі ў людзей. Вынікі аказалі надзвычай чалавечымі.

Найбольшы бал атрымала ChatGPT-4o (26/30), аднак яна ледзь мінавала парог, які паказвае на лёгкае кангнітыўнае парушэньне. Старэйшая мадэль GPT-4 разам з Claude 3.5 набрала 25 з 30 балаў, а найгоршы вынік быў у мадэлі ад Google першай генэрацыі (Gemіnі 1.0) — трывожныя 16 балаў.

Паведамляецца, што ўсе мадэлі адчувалі цяжкасьці з заданьнямі на зрокава-прасторавыя й выканаўчыя функцыі: намаляваць гадзіньнік з пэўным часам, злучыць літары й лічбы ў пэўную пасьлядоўнасьць, нарысаваць куб і г.д. Напраклад, адна з пратэставаных нэўрасетак у заданьні з гадзіньнікам (пазначыць на гадзіньніку 10:11) выдала тыповы для чалавека з дэменцыяй малюнак.

Агулам прыкметы кагнітыўнага спаду былі ўласьцівыя ў большай ступені старым мадэлям, якія былі прэзэнтаваныя год і болей таму. То бок, спад адбываўся вельмі хутка. У выснове аўтары з гумарам адзначаюць, што чакаць віртуальных лекараў пакуль рана, хутчэй у жывых нэўролягаў зьявяцца віртуальныя пацыенты.

cybulinka

19 Dec, 13:45


Крабы зьелі каля 22% маленькіх зялёных чарапах

На аўстралійскім востраве Тэвэ­нард заолягі прасачылі цяжкі лёс малых зялёных чарапах Natator depressus. Высьветлілася, што галоўнымі ворагамі чарапашанят аказаліся крабы й марскія птушкі.

Навукоўцы падлічылі, што з 74,2% яек, зь якіх пасьпяхова вылупіліся чарапашаняты, 21,2% зьелі крабы роду Ocypode, а яшчэ 8,9% сталі здабычай птушак. Драпежнікі нападаюць на чарапашанят, калі тыя масава выбіраюцца з гнёздаў і імкнуцца да мора.

Трагічны лёс чарапах высьветліўся, калі вучоныя ўсталявалі відэакамэры каля 17 кладак, якія зафіксавалі 87 выпадкаў выхаду малых на паверхню. З 314 чарапашанят да вады дабраліся толькі 69,9%.

Цікава, што яйкі зялёных чарапах на Тэвэ­нардзе не пацярпелі ад разарэньня. Аўтары мяркуюць, што чарапахі адкладаюць іх у месцах, недаступных для крабаў, альбо іхняя абалонка непрывабная для гэтых драпежнікаў.

Вынікі дасьледаваньня падкрэсьліваюць, што выжываньне чарапашанят залежыць ад колькасьці групы: чым больш малых вылупляецца адначасова, тым больш у іх шанцаў пазьбегнуць драпежнікаў.

cybulinka

19 Dec, 08:03


Згублены нуль напужаў людзей чорным кухенным начыньнем

Сёлета ў кастрычніку зьявілася дасьледаваньне, якое нарабіла шмат шуму: аўтары паведамілі, што кухеннае начыньне (чарпакі, лапаткі й г.д.) з чорнага плястыку можа быць вельмі небясьпечнымі. Што праўда, вывучаныя прылады былі вырабленыя з улікам стандартаў ЗША, але занепакоенасьць узьнікла па ўсім сьвеце.

Арыгінальнае дасьледаваньне грунтавалася на ідэі, што некаторае электроннае сьмецьце з дэкабромадыфенілавым этарам (DBDE) у складзе перапрацоўваецца ў кухеннае начыньне, зь якога падчас гатоўкі небясьпечнае рэчыва можа трапляць у ежу. Сам дэкабромбадыфенілавы этэр часта называюць імаверным канцэрагенам, які можа выклікаць праблемы зь печаньню, шчытападобнай і іншымі залозамі.

Каманда зладзіла разьлікі, у выніку якіх прыйшла да высновы, што людзі зьядаюць каля 34 700 нанаграмаў DBDE за дзень. Гэта значна больш, чым меркавалася раней, і вельмі блізка да бясьпечнага парогу ў 42 000 нанаграм для чалавека вагой 60 кг. (ЗША). Вось менавіта тут і выкрылася памылка.

Справа ў тым, што бясьпечная доза DBDE складае не 42 000 нанаграм, а 7 000 на кіляграм вагі. Калі аўтары дасьледаваньня разьлічвалі бясьпечную дозу этэра для чалавека з вагой 60 кг.: памножылі 60 на 7 000 і атрымалі 42 000, а мусілі атрымаць 420 000.

Зрэшты, асноўная выснова дасьледаваньня застаецца правільнай, а вось наступствы сталі не такімі трывожнымі.

cybulinka

18 Dec, 14:04


Распачалося масавае падсумаваньне вынікаў 2024 году, і часопіс Nature апублікаваў падборку найлепшых навуковых здымкаў. Вось некаторыя зь іх ⬆️

cybulinka

17 Dec, 08:18


У мужчын, якія спажывалі канабіс, знайшлі меншае пагаршэньне кагнітыўных здольнасьцяў

Наватарскае дасьледаваньне, зладжанае ў Капенгагенскім унівэрсытэце, паставіла пад сумнеў даўно існуючае меркаваньне аб канабісе й зьніжэньні кагнітыўных здольнасьцяў. Назіраючы за больш чым 5 000 дацкіх мужчын на працягу 44 гадоў, навукоўцы выявілі, што ў тых, хто ўжывае канабіс, зь векам кагнітыўныя здольнасьці зьніжаюцца крыху менш, чым у тых, хто яго не ўжывае. У сярэднім за пэрыяд дасьледаваньня спажыўцы канабісу страцілі 5,3 пункта IQ, а тыя, хто яго не ўжываў, — 6,8 пункта, што складае даволі сьціплую, але статыстычна значную розьніцу ў 1,3 пункта IQ.

У дасьледаваньні ацэньваліся кагнітыўныя здольнасьці ўдзельнікаў у 20 і 60 гадоў, пры гэтым аналізаваліся такія фактары, як час і частата ўжываньня канабісу. Дзівосна, але раньняе або частае ўжываньне не паскарала зьніжэньне разумовых здольнасьцяў. Больш за тое, у спажыўцоў канабісу, як правіла, крыху вышэй зыходны ўзровень інтэлекту й адукацыі, але дасьледчыкі ўлічвалі гэтыя фактары й усё роўна назіралі сувязь паміж ужываньнем канабісу й запаволеньнем кагнітыўнага спаду.

Аднак у дасьледаваньня ёсьць абмежаваньні. У ім бралі ўдзел толькі мужчыны, колькасьць удзельнікаў была невялікай, а большасьць спажыўцоў спынілі ўжываньне канабісу да 60 гадоў, што азначае, што атрыманыя вынікі адлюстроўваюць мінулае, а не цяперашняе ўжываньне. Невялікая розьніца ў зьніжэньні IQ таксама зьніжае практычную значнасьць вынікаў.

cybulinka

16 Dec, 11:05


Глыбокі сон назвалі адказным за фармаваньні доўгатэрміновых успамінаў

Навукоўцы з бэрлінскай клінікі Charité зрабілі крок да разгадкі адной з самых цікавых таямніц — як нашыя мазгі выкарыстоўваюць сон для фармаваньня памяці. У сваім артыкуле ў часопісе Nature Communications яны паведамілі, што знайшлі важны мэханізм, дзякуючы якому ўспаміны з кароткатэрміновай памяці перамяшчаюцца ў доўгатэрміновую.

Паводле дасьледнікаў, падчас глыбокага сну гіпакамп, які часова захоўвае ўсе падзеі за дзень, нібы «прайграе» іх, каб перадаць у доўгатэрміновае сховішча — нэакортэкс. Гэты працэс адбываецца пад кіраваньнем павольных электрычных хваль, якія сынхронна распаўсюджваюцца па мазгам прыкладна раз у сэкунду.

Раней ужо было вядома, што такія штучна выкліканыя хвалі падчас сну могуць паляпшаць памяць. Аднак традыцыйныя тэхналёгіі, напрыклад, электраэнцэфалаграфія, не дазвалялі ўбачыць дэталі — тое, што адбываецца на ўзроўні асобных нэўронаў.

Каб разабрацца ў гэтым, каманда навукоўцаў прааналізавала ўнікальныя дадзеныя, атрыманыя ад 45 пацыентаў з эпілепсыяй і пухлінамі, якім праводзілі апэрацыі на мазгах. Дасьледнікі выкарыстоўвалі высокадакладныя зонды, каб узнавіць электрычныя хвалі, характэрныя для глыбокага сну. У выніку яны заўважылі, што ў моманты, калі напружаньне ў нэўронах пераходзіла ад нізкага ўзроўню да высокага, сінаптычныя сувязі паміж вузамі рабіліся мацнейшымі.

Аўтары кажуць, што калі ўспамін «прайграецца» у такія моманты глыбокага сну, ён больш эфэктыўна запісваецца ў доўгатэрміновую памяць.

cybulinka

16 Dec, 07:12


Тое, як мы выкарыстоўваем сацсеткі, уплывае на нашую ўцягнутасьць у грамадзтва

Адмыслоўцы з Эўрапейскага дасьледчага цэнтру выдалі дакумэнт, у якім паведамілі, як маладыя эўрапейцы карыстаюцца сацсеткамі і з чым гэта зьвязана.

Вось асноўныя тэзы:

🧅 34.5% апытаных карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі больш за 2 гадзіны за дзень, а 26.1% столькі ж часу бавяць у мэсэнджэрах.

🧅 Каля траціны рэспандэнтаў мелі прыкметы залежнасьці ад сацсетак: грэбаваньне працай, сямʼёй і сябрамі дзеля скролінгу стужкі. Найбольш выразна такі эфэкт праяўляўся ў людзей да 31 году.

🧅 Эмпірычны аналіз паказаў, што празьмернае карыстаньне сацсеткамі (>2 гдз.) зьвязанае з распаўсюдам самотнасьці, але ўсё залежыць ад мадэлі карыстаньня.

🧅 Так, сярод актыўных карыстальніц і карыстальнікаў сацсетак і мэсэнджэраў ровень адзіноты быў крыху ніжэйшым, чым сярод пасыўных карыстальнікаў (тыя, хто рэдка піша сябрам і сваякам, а ў сацсетках толькі гартае стужку навін).

cybulinka

14 Dec, 12:34


Люстраныя мікробы выклікалі занепакоенасьць сярод навукоўцаў

Некаторыя арганічныя малекулы існуюць у прыродзе ў дзьвюх люстраных формах, як нашыя левыя й правыя рукі. Гэта даволі пашыраная сярод асымэтрычных малекул зьява (агулам яна завецца стэрэаізамерыяй). Звычайна такія люстраныя ізамеры пазначаюць літарамі L (левабаковыя малекулы) і D (правабаковыя). Таксама варта адзначыць, што балянс L і D формаў у прыродзе залежыць ад клясы рэчываў. Напрыклад, у біялягічных сыстэмах бялкі будуюцца толькі з L-амінакіслот, таму ў прыродзе яны больш пашырыліся. Калі зьвярнуцца да вугляводаў, ДНК і РНК, то там большы распаўсюд атрымалі D-ізамеры. Аднак гэта не азначае, што нельга пабудаваць бялок з D-амінакіслот.

Сынтэтычныя біёлягі навучыліся ствараць люстраныя вэрсыі некаторых бялкоў і ґенэтычных малекул, бо такія ”ненатуральныя” малекулы могуць стаць асновай, напрыклад, для ўстойлівых лекаў, якія ня будуць разбурацца фэрмэнтамі. Так, фэрмэнты таксама разьбіраюцца ў хіміі, таму раскладаюць толькі D-вугляводы.

Калі ўжо атрымалася стварыць люстраныя формы малекул, то наступным крокам будзе стварэньне люстранога арґанізму (бактэрыі), у якім усе біялягічныя малекулы будуць супрацьлеглымі прыроднай форме. Насамрэч, некаторыя адмыслоўцы ўжо даўно разглядаюць такую магчымасьць і працуюць над гэтым.

Аднак на гэтым тыдні група з 38 навукоўцаў выдала дакумэнт, у якім выказала занепакоенасьць такім імкненьнем. Паводле аўтараў, стварэньне ў лябараторыі ненатуральнай формы бактэрыі можа прывесьці да зьяўленьня ”чумы”, якая зьнішчыць усё жывое, таму яны заклікаюць не фінансаваць распрацоўваньне люстраных форм жыцьця.

І такія апаскі маюць быць, бо створаная люстраная бактэрыя, імаверна, будзе мець высокую біялягічную стабільнасьць. То бок, будзе ўстойлівай да звычайных фэрмэнтаў і фагаў (вірусаў бактэрый). Але ня ўсе навукоўцы падтрымалі дакумэнт, і мяркуюць, што апасеньні перабольшаныя, бо зь іншага боку такая бактэрыя можа й наўпрост не выжыць ў нашым сьвеце.

cybulinka

12 Dec, 15:05


Васабі разьбіў жанчыне сэрца

У Ізраілі 60-гадовая жанчына насалоджвалася ежай на вясельлі, як раптоўна пачала адчуваць боль у грудзях, а потым і ў руках. Такі стан захоўваўся цягам колькіх гадзін, але паступова больш зьменшыўся, таму жанчына пастанавіла працягваць імпрэзу. На наступны дзень да дыскамфорту ў грудзях дадалася й агульная млявасьць, што прымусіла пацыентку зьвярнуцца па дапамогу да лекараў.

Мэдыкі зрабілі жанчыне ультрагукавую дыягностыку, на якой выявілася анамальная актыўнасьць у левым страўнічку, на які прыпадае асноўная частка пампоўнай функцыі сэрца. Некаторыя сэгмэнты сэрцавай цягліцы скарачаліся слаба, альбо ўвогуле не рабілі гэтага, як ў выпадках сэрцавых спохватаў.

У выніку лекары вызначылі, што ў жанчыны разьвілася кардыёміяпатыя такацуба, яку таксама называюць сындромам разьбітага сэрца. (Асноўная назва паходзіць ад японскага збану з вузкім рыльцам для лоўлі васьміногаў).

Гэты выпадак унікальны тым, што раней падобную кардыёміяпатыя зьвязвалі з ужываньнем наркотыкаў, нэўралягічнымі хваробамі, стрэсам і алергічнымі рэакцыямі на пэўныя прадукты, але тут пацыентка пераблытала васабі з авакада й за некалькі хвілін да зьяўленьня болю зьела чайную лыжку японскага хрэну.

Жанчыне выпісалі лекі для зьніжэньня артэрыяльнага ціску, і празь месяц ейны стан вярнуўся ў норму.

cybulinka

11 Dec, 14:09


🌟 Бізон Гіґс – галоўная навуковая прэмія беларусаў для нашых таленавітых навукоўцаў у галіне натуральных, дакладных навук і навук пра Зямлю!

Хочаце стаць часткай гэтага маштабнага праекту? Вось, як гэта зрабіць:

1️⃣ Намінуйце герояў навукі!
Знаеце таленавітых беларусаў, якія робяць навуку? Унесьці іх імёны можна па спасылцы:
👉 Намінаваць навукоўца

2️⃣ Дапамажыце сфармаваць прызавы фонд!
Кожны рубель – гэта крок да ўзнагароды лепшых. Далучыцца можна праз:
☕️ Buy Me a Coffee
💚 Гронка

3️⃣ Галасуйце за навукоўцаў!
Ваш голас – шанец для фаварыта. Падрабязнасьці па спасылцы:
👉 Галасаваньне (распачнецца пазьней)

📅 Ґрафік прэміі:

Лістапад – сьнежань 2024: збор сродкаў.
Сьнежань 2024: прыём заяў на намінантаў.
Студзень – люты 2025: галасаваньне.
🏆 15 сакавіка 2025: узнагароджаньне пераможцаў!

Далучайцеся да гэтай вялікай навуковай місіі!
Больш падрабязнасьцяў:
👉 Pamyłka №3
👉 Instagram прэміі
_
Партнэрскі допіс

cybulinka

11 Dec, 13:20


З аўстралійскай лябараторыі таямніча зьніклі ўзоры небясьпечных вірусаў

У лябараторыі Кўінзлэнда (Аўстралія) зафіксавана сурʼёзнае парушэньне правілаў біябясьпекі: амаль 100 жывых узораў сьмяротна небясьпечнага віруса Гэндра й каля 200 фрагмэнтаў іншых вірусаў зьніклі пасьля выхаду з ладу лядоўні. Праблема была выяўлена ў жніўні 2023 году, хоць адбылася яшчэ ў 2021 годзе. Лябараторыя не змагла пацьвердзіць, ці былі ўзоры зьнішчаны або скрадзеныя. Сярод зьніклых матэрыялаў — фрагмэнты гэндравірусу (Hendra henipavirus), лісавірусу (падобны на шаленства) і гантавірусу.

Аднак адмыслоўцы кажуць, што рызыка новай пандэміі для грамадзтва ацэньваецца як вельмі нізкая, бо вірусы хутка разбураюцца па-за нізкімі тэмпэратурамі, і ў Кўінзлэндзе не было зафіксавана выпадкаў заражэньня "зьніклымі" вірусамі цягам апошніх 5 гадоў.

Зараз працягваецца расьсьледаваньне інцыдэнту.

cybulinka

10 Dec, 11:21


Канцэнтрацыя некаторых бялкоў у крыві дапаможа выявіць хуткае старэньне мазґоў

Дасьледаваньне паказала, што канцэнтрацыя 13 бялкоў у крыві можа служыць індыкатарам хуткасьці старэньня мазґоў. Такія бялкі сынтузуюцца мазґавымі вузамі й, імаверна, зьвязаныя з рызыкай разьвіцьця дэменцыі й інсульта.

Кітайскія навукоўцы дасьледавалі МРТ-сканы амаль 11 000 чалавек з праекта UK Bіobank і навучылі штучны інтэлект прагназаваць век мазґоў на аснове іхняй структуры. Затым яны прааналізавалі сувязь паміж розьніцай ацжнкамі ШЫ і канцэнтрацыямі бялкоў у крыві. Было вылучана восем бялкоў, колькасьць якіх павялічвалася, і пяць, колькасьць якіх зьмяншалася пры прысьпешаным старэньні мазґоў.

Вынікі дасьледаваньня паказваюць, што знойдзеныя бялкі могуць быць маркерамі мазґавога старэньня. У такім выпадку адпаведны аналіз крыві можа папярэдзіць пра неабходнасьць прыняцьця мер для запаволеньня працэсу старэньня, напрыклад, зьмяненьня ладу жыцьця. Аднак для практычнага выкарыстаньня гэтых зьвестак неабходна даказаць, што канцэнтрацыю бялкоў можна зьмяніць празь зьмены ў фізычнай актыўнасьці, харчаваньні й іншых аспэктах.

Дызайн дасьледаваньня меў некаторыя абмежаваньні, таму каманда плянуе спраўдзіць вынікі на разнастайных групах людзей і жывёлаў, каб дакладна вызначыць уплыў бялкоў на кагнітыўныя функцыі й разьвіцьцё нэўрадэґенэратыўных захворваньняў. У будучыні гэта можа прывесьці да новых мэтадаў узьдзеяньня на старэньне мозгу.

cybulinka

10 Dec, 07:05


Сабакі спараўды карыстаюцца гукавымі клявішамі для камунікацыі зь людзьмі

Навукоўцы зь лябараторыі параўнальнага пазнаньня Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Сан-Дыега зладзілі невялікае дасьледаваньне з у дзелам сабак, якія актыўна карыстаюцца гукавымі панэлямі. Аказалася, што гадаванцы могуць камбінаваць словы, каб выразіць свае патрэбы.

За два гады назіраньняў, аўтары сабралі зьвесткі пра 1522 сабак, якія разам зрабілі больш за 260 000 націсканьняў на клявішы. Спачатку навукоўцы зрабілі адмысловую кампутэрную маджль, каб вызначыць разьмеркаваньне выпадковых націсканьняў, а потым ўжо прааналізавалі рэальныя зьвесткі. Такім чынам выявілася, што сабакі часьцей за ўсё абіралі клявішы з канкрэтнымі гукавымі запытамі: вуліца, ласунак, гульня, туалет. Цікава, што камбінацыі з двух словаў зьяўляліся значна часьцей, чым прадказвала мадэль. То бок, гэта былі ня выпадковыя супадзеньні, а гадаванцы сапраўды намагаліся перадаць свой асэнсаваны запыт.

Таксама дасьледнікі паведамілі, што ўвесь гэты працэс карыстаньня гукавымі панэлямі ня быў падобны на простае перайманьне сабакамі сваіх гаспадароў. Напрыклад, клявішу "я люблю цябе" людзі націскалі значна часьцей за сваіх гадаванцаў. Відаць, сабакі крыху іначай паказваюць свае пачуцьці.

Аўтары мяркуюць, што падобныя панэлі сапраўды могуць стаць добрай прыладай для гадаванца пасьля невялікага навучаньня.

cybulinka

08 Dec, 15:30


Дасьледнікі знайшлі ў дэльфінаў сьляды наркотыкаў

У нядаўнім дасьледаваньні 89 узораў падскурнага тлушчу афалінаў з Мэксыканскай затокі было выяўлена значнае забруджаньне фармацэўтычнымі прэпаратамі (30 з 89), у тым ліку фэнтанілам — магутным апёідам, які выкарыстоўваецца ў якасьці болепатольнага сродку й можа назапашвацца ў тлушчавай тканцы.

Дасьледаваньне падкрэсьлівае ролю дэльфінаў як біяіндыкатараў здароўя марской экасыстэмы, мяркуючы, што фармацэўтычныя забруджвальнікі могуць уплываць і на іншыя арганізмы Мэксыканскай затокі. Сьляды наркатычных прэпаратаў былі выяўлены таксама ў гістарычных узорах, узятых у 2013 годзе, што сьведчыць пра існаваньне праблемы ўжо больш 10 гадоў.

cybulinka

08 Dec, 14:50


Карыстальнікі звычайных і электронных цыгарэт радзей кідаюць паліць

Дасьледаваньне, апублікаванае ў Эўрапейскім рэсьпіраторным часопісе, паказвае, што людзі, якія адначасова выкарыстоўваюць электронныя й звычайныя цыгарэты, радзей кідаюць паліць. У асноўным такія «двайныя карыстальнікі» зь цягам часу вяртаюцца да курэньня звычайных цыгарэт.

Аўтары дасьледаваньня прааналізавалі існуючыя публікацыі пра двайных карыстальнікаў, абагульніўшы зьвесткі 9337 чалавек, зь якіх 2432 былі двайнымі карыстальнікамі. Вынікі паказваюць, што двайное выкарыстаньне можа быць нават больш шкодным, чым традыцыйнае курэньне, і перашкаджае адмове ад нікатыну.

Вынікі сьведчаць, што за пэрыяд ад 4 да 48 месяцаў доля двайных карыстальнікаў, якія цалкам адмовіліся ад курэньня, ніжэйшая, чым у тых, хто выкарыстоўвае толькі адзін сродак. Акрамя таго, значная частка двайных карыстальнікаў пераходзіць на курэньне звычайных цыгарэт.

cybulinka

16 Nov, 11:30


Падобна на тое, што памяць не абмяжоўваецца толькі нашымі мазґамі

Нэўрабіёлягі зь Нію-Ёрскага ўнівэрсытэту ў сваім дасьледаваньні паказалі, што памяць і здольнасьць вучыцца не абмяжоўваецца мазгамі. Аўтары высьветлілі, што нават вузы, якія не адносяцца да цэнтральнай нэрвовай сыстэмы, могуць фармаваць "успаміны" у выніку шматразовага ўзьдзеяньня хімічных сыгналаў.

У досьледах на немазгавых нэрвовых і ныркавых вузах навукоўцы паказалі, што шматразовыя "імпульсы" задзейнічаных у сыгнальных шляхах памяці пратэінкіназ A і C запускалі актыўнасьць ґенаў, зьвязаных з памяцьцю. І тут ключавую ролю адыграла паўтарэньне. Напрыклад, сэрыя з 4 імпульсаў актывавала ґены памяці значна мацней, чымся адзінкавы імпульс. Такі эфэкт у выніку захоўваўся цягам колькіх дзён.

Таксама вузы рэагавалі на хімічныя стымулы з улікам інтэрвалаў паміж імі, што нагадвае працэс фармаваньня доўгатэрміновай памяці ў мазах, калі інтэрвалы паміж цыкламі навучаньня спрыяюць умацаваньню ўспамінаў.

cybulinka

15 Nov, 10:13


Згенераваныя штучным інтэлектам выявы сталі пагрозай для навукі

У навуковай сфэры ўжо працяглы час існуюць праблемы з фальсыфікацыяй даных. Звычайна гэта падробка выяваў і масавая вытворчасьць падробленых артыкулаў (папяровыя фабрыкі). Са зьяўленьнем генэратыўнага ШІ, які можа ствараць тэксты, выявы й даныя, барацьба з такімі парушэньнямі становіцца ўсё больш складанай. Гэта прыводзіць да «гонкі ўзбраеньняў» з удзелам спэцыялістаў па захаваньні цэласнасьці навуковых ведаў, выдаўцоў і тэхналягічных кампаніяў, якія распрацоўваюць інструмэнты для выяўленьня падробак.

Выкарыстаньне ШІ для стварэньня падробленых малюнкаў у навуковых артыкулах асабліва складана выкрыць, бо такія выявы цяжка адрозьніць ад рэальных. Некаторыя кампаніі ўжо распрацоўваюць альгарытмы для аўтаматычнага выяўленьня штучнаінтэлектуальных малюнкаў з высокай дакладнасьцю, але такія інструмэнты пакуль не ідэальныя й патрабуюць дадатковай праверкі экспэртамі.

Некаторыя выдаўцы, напрыклад, PLoS, ужо выявілі выпадкі выкарыстаньня ШІ у апублікаваных артыкулах. Нягледзячы на гэта, многія навуковыя часопісы дазваляюць выкарыстаньне ШІ для стварэньня тэкстаў пры пэўных умовах, аднак прымяненьне нэўрасетак для стварэньня даных і малюнкаў застаецца пад вялікім пытаньнем.

Пакуль тэхналёгіі для выяўленьня падробак яшчэ разьвіваюцца, а спэцыялісты спадзяюцца, што ў будучыні яны змогуць больш эфэктыўна распазнаваць ШІ-генэраваныя даныя. Магчыма, яшчэ знойдуць і адказ на пытаньне, навошта людзі робяць навуковыя падробкі.

Крыніца

cybulinka

14 Nov, 07:51


Тэхналёгія геннага рэдагаваньня разьвязала праблему салодкасьці памідораў

У выніку сэлекцыі буйныя таматы цяпер зьмяшчаюць менш цукру, чым дробныя. А павышэньне салодкасьці — задача не зь лёгкіх, бо гэта можа зьнізіць ураджайнасьць. Каб знайсьці спосаб палепшыць смак буйных таматаў, дасьледнікі вывучылі розныя гатункі й выявілі два гены-рэгулятары сынтэзу цукроў. У буйных гатунках гэтыя гены актыўна зьніжаюць узровень цукру ў пладоў.

Каманда навукоўцаў паспрабавала адключыць гэтыя гены з дапамогай тэхналёгіі CRІSPR у адным з буйных гатункаў памідораў, Moneymaker. Вынік перасягнуў чаканьні: узровень цукроў, асабліва глюкозы й фруктозы, павялічыўся на 30%. Плады сталі значна саладзейшымі, пры гэтым ураджайнасьць засталася на ранейшым узроўні. Адзіным пабочным эфэктам стала тое, што ў памідорах паменеле насеньня, што, магчыма, нават спадабаецца пакупнікам.

Цяпер дасьледчыкі супрацоўнічаюць зь некалькімі кампаніямі, каб зрабіць такія таматы даступнымі для продажу, але праца яшчэ толькі пачалася. Салодкія буйныя таматы могуць быць карысныя ня толькі тым, хто любіць салодкія гародніны. Напрыклад, у вытворчасьці таматнага кетчупа патрэбная салодкасьць будзе дасягацца меншай колькасьцю пладоў, што зробіць працэс больш танным.

Салодкасьць адрэдагаваных Moneymaker пакуль яшчэ не дацягвае да ўзроўню салодкіх чэрры, але навукоўцы мяркуюць, што могуць павысіць яе яшчэ больш. Яны плянуюць шукаць іншыя гены, якія таксама ўплываюць на ўзровень цукру.

Калі новы гатунак урэшце выйдзе на рынак, прадавацца ён будзе, хутчэй за ўсё, толькі ў краінах з прасьцейшымі працэдурамі для ГМ-прадуктаў, дзе яны ўжо прадаюцца. Напрыклад, у Японіі даступныя памідоры з падвышаным утрыманьнем карыснай для здароўя гама амінамасьлянай кіслаты. Гэта першы прадукт, створаны з выкарыстаньнем CRІSPR, які прадаецца як у выглядзе пладоў, так і ў выглядзе саджанцаў.

cybulinka

12 Nov, 07:40


Шымпанзэ паказалі лепшыя вынікі ў тэстах, калі ў лябараторыі былі гледачы

Ціск з боку гледачоў можа аказваць як станоўчы, так і адмоўны эфэкт на чалавека. Цяпер высьветлілася, што гэта актуальна й для шымпанзэ.

Адмыслоўцы зь Японіі зладзілі тэставаньне 6 шымпанзэ Pan troglodyte трыма тыпамі задач. У самых простых задачах прыматам трэба было даткнуцца лічбаў на экране ў адпаведным парадку (ад 1 да 5), а вось у самых складаных тэстах ім трэба было яшчэ й запомніць пасьлядоўнасьць, бо лічбы хаваліся пасьля дотыку.

За 6 гадоў шымпанзэ выканалі заданьні тысячы разоў, прытым ў лябараторыі заўсёды знаходзіліся гледачы: знаёмыя й незнаёмыя людзі. Калі аўтары прааналізавалі назапашаныя зьвесткі, то заўважылі, што шымпанзэ горш давалі рады з простымі задачамі ў прысутнасьць вялікай колькасьці гледачоў. Аднак у выпадку з задачамі больш складанымі эфэкт быў супрацьлеглым.

Прычыны й мэханізмы такога эфэкту навукоўцы толькі зьбіраюцца вывучыць.

cybulinka

11 Nov, 12:10


Навукоўцы высьветлілі, чаму трасуцца мокрыя сабакі

Энэргічнае трасеньне целам, якое мы назіраем у сабак і іншых сысуноў пасьля купаньня, — гэта ня проста мілая або раздражняльная зьява, а важны «праграмаваны» мэханізм. Як высьветлілі дасьледнікі, гэты рэфлекс актывуюць сэнсорныя нэўроны на шыі, вядомыя як нізкапарогавыя мэханарэцэптары C-валокнаў (C-LTMRs). Такія нэўроны рэагуюць на лёгкія дотыкі й адпраўляюць сыгналы ў вобласьць ствала мозгу, якая апрацоўвае боль і сьверб.

Навукоўцы выявілі, што нават кроплі алею на патыліцы дастаткова, каб выклікаць «трасяніну мокрай сабакі» ў мышэй. Такія паводзіны характэрныя для ўсіх сысуноў — ад мядзьведзяў да дробных грызуноў. Аднак застаецца загадкай, чаму тыя ж нэўроны, якія адказваюць за рэакцыю на прыемнае пагладжваньне, таксама запускаюць магутны патрэсвальны рэфлекс.

cybulinka

10 Nov, 12:44


Штодзённае спажываньне малака павысіла рызыку праблем з сэрцам у жанчын

Швэдзкія навукоўцы з Упсальскага ўнівэрсытэту высьветлілі, што спажываньне больш за 1,5 шклянкі цэльнага малака на дзень можа павышаць рызыку ішэмічнай хваробы сэрца й інфаркту ў жанчын. Паводле дасьледаваньня, дзьве шклянкі малака штодзень павялічвалі рызыку ІХС на 5%, а чатыры шклянкі — на 21%. Аднак у мужчын такой сувязі не знайшлі.

А вось кісламалочныя прадукты, такія як ёгурт і кефір, не ўплывалі на рызыку сэрцава-судзінных захворваньняў і нават, наадварот, маглі зьлёгку яе зьніжаць пры замене імі часткі малака.

Аўтары мяркуюць, што прычына павелічэньня рызыкі можа быць зьвязана з уплывам малака на фэрмэнты, датычныя да нармальнага функцыянаваньня сэрцава-судзіннай сыстэмы. Агулам вынікі дасьледаваньня могуць дапамагчы ў распрацоўваньні дыет для людзей з высокай рызыкай згаданых захворваньняў.

cybulinka

10 Nov, 12:09


Каляровы зрок, імаверна, разьвіўся задоўга да зьяўленьня яркіх пладоў і кветак

Амэрыканскія дасьледнікі прыйшлі да высновы, што здольнасьць бачыць колеры ў жывёл зьявілася каля 500 мільёнаў гадоў таму — значна раней, чым зьявіліся яркія плады й кветкі, якія прыцягваюць увагу сучасных жывёл (200–350 мільёнаў гадоў таму). Колеры, такія як чырвоны, аранжавы, жоўты, сіні й фіялетавы, аказаліся больш «заўважнымі», і навукоўцы мяркуюць, што яны адыгралі важную ролю ў фармаваньні зрокавых пераваг у жывёл. Цікава, што менавіта гэтыя колеры часта выбіраюць для маляваньня дзеці.

Прыблізна 150 мільёнаў гадоў таму жывёлы пачалі выкарыстоўваць афарбоўку як сыгнал для папярэджаньня — каб даць іншым зразумець, што яны небясьпечныя або атрутныя. Гэта было выгадна ў сьвеце, дзе каляровы зрок ужо разьвіваўся й дазваляў успрымаць такія сыгналы. Каля 100 мільёнаў гадоў таму адбыўся «ўсплёск» у эвалюцыі яркай афарбоўкі: многія віды пачалі актыўна выкарыстоўваць колеры як для абароны, так і для прыцягненьня партнэраў.

cybulinka

08 Nov, 07:55


Кланаваная самка амэрыканскага тхара дала першае патомства

Амэрыканскім заолягам ўпершыню ўдалося атрымаць патомства ад кланаванага амэрыканскага тхара, рэдкага віду драпежнікаў, якія ўжо колькі часу знаходзяцца на мяжы зьнікненьня. Праз тое, што ўсе сучасныя амэрыканскія тхары паодзіць ад сямі асобінаў, якім нейкім цудам удалося выжыць, іхняя папуляцыя цяпер мае сьціплую генэтычную разнастайнасьць. А калі ў папуляцыі мала генэтычных варыянтаў, то павялічваецца рызыка імбрыдынгу й разнастайных генэтычных захворваньняў, што набліжае від да выміраньня.

Каб дапамагчы тхарам, навукоўцы паспрабавалі кланаваць самку Ўілу, якая памерла ў 1988 годзе, пакінуўшы замарожаныя ўзоры тканак. Ўіла не пакінула нашчадкаў, але яе геном значна больш разнастайны, чым у тхароў, якія жывуць сёньня. У 2020 годзе ўдалося стварыць яе першы клон — самку Элізабэт Эн. Нягледзячы на спадзевы навукоўцаў, што яна ўнясе новыя гены ў папуляцыю, Элізабэт Эн не праяўляла цікавасьці да размнажэньня й мела праблемы з разьвіцьцём маткі.

У 2023 годзе адмыслоўцы стварылі яшчэ два клона Ўілы — самак Антонію й Норын. Першая аказалася больш жвавай: яна пасьпяхова спарвалася й прынесла трох малых. Двое зь іх, самец і самка, выжылі й зараз здаровыя. Гэтыя малыя сталі першым патомствам, атрыманым ад кланаванай тхарыцы, і, калі яны самі будуць размнажацца ў будучыні, гэта дапаможа значна павялічыць генафонд віду.

cybulinka

07 Nov, 14:28


Спадарства, хачу параіць вам беларускі канал “Усё пра ўсё”, дзе публікуюцца апошнія навіны тэхналёгіяў, гаджэтаў і гульняў. Агулам толькі самае цікавае і актуальнае!

Далучайцеся, каб заўсёды быць у трэндзе!

https://t.me/allabouttexnologys
https://t.me/allabouttexnologys
https://t.me/allabouttexnologys

cybulinka

07 Nov, 12:46


Натуральныя валокны ў глебе нанесьлі чарвякам больш шкоды, чымся сынтэтычныя

Вільготныя сурвэткі з натуральных валокнаў, такіх як віскоза й ліfцэл, часта ўспрымаюцца як экалягічная альтэрнатыва сынтэтыцы, але новыя дасьледаваньні паказваюць, што іхні ўплыў на навакольнае асяродзьдзе можа быць нэгатыўным.

Навукоўцы зь Вялікабрытаніі высьветлілі, што згаданыя матэрыялы, трапляючы ў глебу празь сьцёкавыя воды й угнаеньні, аказваюць таксічны ўплыў на дажджавых чарвякоў, нават у большай ступені, чым поліэстэр.

Эксьперымент паказаў, што высокія канцэнтрацыі віскозы й ліацэла выдуць да гібелі большасьці чарвякоў (адпаведна 80% і 60% за 72 гадзіны), а іх нізкія канцэнтрацыі зьніжаюць рэпрадуктыўнасьць. У той жа час высокія канцэнтрацыі паліэстэру ў глебе прывялі да гібелі толькі 30% чарвякоў.

Дасьледнікі адзначаюць, што хаця біялягічныя валокны маюць перавагі на этапе вытворчасьці, яны не аказваюць станоўчага ўплыву на экасыстэмы пры раскладаньні.

cybulinka

07 Nov, 10:43


Навукоўцы згубілі сувязь паміж выкарыстаньнем сацсетак і кепскім псыхічным станам

Дасьледнікі з Унівэрсытэту Джона Кёртына (Аўстралія) вывучылі, колькі часу людзі праводзяць у сацыяльных сетках і як гэта адбіваецца на іхнім псыхічным стане. Насуперак распаўсюджанаму меркаваньню, вынікі паказалі, што колькасьць часу ў сацсетках амаль не ўплывае на дэпрэсію, трывожнасьць або стрэс.

У досьледзе ўзялі ўдзел больш за 400 чалавек (17-53 гады). У адрозьненьне ад папярэдніх дасьледаваньняў, дзе ўдзельнікі самастойна ацэньвалі час, праведзены ў сацыяльных сетках, гэтым разам навукоўцы выкарыстоўвалі зьвесткі зь іх мабільных тэлефонаў, каб дакладна зафіксаваць, колькі хвілін яны правялі ў анлайн-прасторы. Затым гэтыя зьвесткі параўналі з узроўнямі трывожнасьці, дэпрэсіі й кантролю ўвагі.

Асноўны вынік аказаўся нечаканым: час у сацсетках амаль не ўплывае на псыхічнае здароўе. Напрыклад, дасьледнікі знайшлі слабую сувязь паміж карыстаньнем сацсеткамі й трывожнасьцю, але сувязі з дэпрэсіяй і стрэсам не выявілі. Больш за тое, аказалася, што людзі, якія больш актыўна карыстаюцца сацсеткамі, маюць крыху лепш разьвітыя навыкі ўвагі, хоць гэты эфэкт быў нязначным.

Хлоя Джонс, кіраўніца дасьледаваньня, мяркуе, што вынікі працы не азначаюць, што сацсеткі бясьпечныя для псыхікі, і важным зьяўляецца тое, як мы імі карыстаемся, а ня колькі часу на гэта марнуем. Сацыяльныя сеткі могуць быць як падтрымкай, так і фактарам рызыкі. Напрыклад, для чалавека, які жыве адзін, удзел у анлайн-супольнасьці можа быць сапраўдным выратаваньнем, а вось працяглы прагляд стужкі знакамітасьцяў можа толькі ўзмацніць незадаволенасьць сабой.

Яшчэ адзін цікавы аспэкт дасьледаваньня — уплыў розных плятформаў. Высьветлілася, што, напрыклад, TikTok крыху паляпшаў увагу, а Facebook быў зьвязаны зь невялікім павышэньнем узроўню стрэсу, нават калі аўтары ўлічвалі век карыстальнікаў.

cybulinka

06 Nov, 12:37


Мэтааналіз сьціпла зьвязаў час прыёму ежы са стратай вагі

Аўстралійскія навукоўцы высьветлілі, што такія стратэгіі харчаваньня, як абмежаваньне часу прыёму ежы, скарачэньне частаты прыёмаў ежы й спажываньне калёрыяў раніцай, могуць прывесьці да стрыманай страты вагі цягам 12 тыдняў.

Праблема атлусьценьня закранае кожнага восьмага чалавека на плянэце й вядзе да павышанай рзыкі разьвіцьця дыябэту 2 тыпу, сэрцава-судзінных захворваньняў і некаторых відаў раку, што робіць яго адной з асноўных прычын заўчаснай сьмерці.

Звычайна, каб схуднець, людзям раяць скараціць спажываньне калёрыяў і зьмяніць свой рацыён. Але стратэгіі плянаваньня часу прыёму ежы могуць быць больш простым спосабам кіраваньня вагой, паколькі яны сынхранізуюць харчаваньне з натуральнымі біярытмамі, паляпшаюць абмен рэчываў, рэгулююць апетыт і зьніжаюць цягу да перакусаў увечары.

Дасьледнікі пастанавілі даведацца, наколькі эфэктыўныя такія падыходы, і прааналізавалі вынікі 29 рандамізаваных дасьледаваньняў з удзелам 2485 чалавек, сярод якіх 69% складалі жанчыны зь сярэднім векам 44 гады й залішняй вагой. Методыкі ўключалі абмежаваньне часу прыёму ежы (у 17 дасьледаваньнях), скарачэньне частаты прыёмаў ежы (у 8) і перанос большай часткі дзённых калёрый на сьняданьне (у 4).

Высьветлілася, што абмежаваньне часу прыёму ежы дапамагло схуднець у сярэднім на 1,37 кг у параўнаньні з кантрольнымі групамі, скарачэньне частаты прыёмаў ежы — на 1,85 кг, а перанос калёрый на раніцу — на 1,75 кг. Вывучаныя стратэгіі таксама былі зьвязаныя з паляпшэньнем некаторых мэтабалічных паказьнікаў, такіх як зьніжэньне ўзроўню глюкозы й глікаванага ґемаглабіну, што тэарэтычна зьніжае рызыку дыябэту. Аднак эфэкт быў нязначным, і яго трэба вывучаць дадаткова.

Аўтары мэтааналізу заўважылі, што бальшыня вывучаных артыкулаў мелі вялікую імавернасьць памылак і нізкую абʼектыўнасьць (66-76%), таму патрэбныя больш маштабныя дасьледаваньні.

cybulinka

05 Nov, 12:06


Благі сон прысьпяшыў старэньне мазґоў

Праблемы са сном у людзей сярэдняга веку могуць сыгналізаваць аб заўчасным старэньні мазґоў, як выявілі навукоўцы Амэрыканскай акадэміі нэўралёгіі. Дасьледаваньне, праведзенае з удзелам 589 чалавек зь сярэднім векам 40 гадоў, паказала, што хранічныя парушэньні сну, такія як цяжкасьці з засынаньнем і раньнія абуджэньні, паскараюць старэньне мазґоў. Такім чынам, людзі зь некалькімі парушэньнямі сну мелі мазґі на 1,6–2,6 году старэйшыя за фактычны ўзрост.

Агулам назіраньне працягвалася 15 гадоў, падчас якіх удзельнікі й удзельніцы запаўнялі апытанкі й праходзілі сканаваньне мазґоў, а асноўнай прыкметай старэньня лічылася памяншэньне аб’ёму галаўных мазґоў.

cybulinka

05 Nov, 09:15


Вузы сысуноў навучылі фотасынтэзу

Японскія навукоўцы зрабілі нешта незвычайнае — яны перасадзілі хляраплясты чырвонай водарасьці ў вузы сысуноў і назіралі іх працу цягам двух дзён.

Фотасынтэз зьявіўся на Зямлі каля 3,4 мільярда гадоў таму, а сьведчаньні яго існаваньня ў выглядзе структур цыанабактэрый датуюцца прыблізна 1,8 мільярда гадоў. Прыблізна 1,2–1,6 мільярда гадоў таму эукарыёты "пасябравалі" з цыанабактэрыямі, ператварыўшы іх у хляраплясты. Яшчэ ў сярэдзіне XX стагодзьдзя навукоўцы зразумелі, што ізаляваныя хляраплясты могуць нейкі час зьдзяйсьняць фотасынтэз, але мэханізмы гэтага працэсу заставаліся загадкай. Дасьледнікі спрабавалі "перасяліць" гэтыя арганэлы ў чужыя вузы, але безвынікова.

Цяпер навукоўцы выбралі для эксьперыменту ўстойлівыя хляраплясты чырвонай водарасьці Cyanidioschyzon merolae якая жыве ў гарачых, кіслых водах. Хляраплясты затым культываваліся з вузамі яечніка хамяка. У выніку на першы дзень каля 20% вузаў паглынулі ад 1 да 3 хляраплястаў, а каля 1% — да 45 штук. На другі дзень вузы з хляраплястамі пачалі расьці хутчэй за кантрольную групу. Праз два й чатыры дні колькасьць хляраплястаў у клетках зьнізілася, хутчэй за ўсё, празь ператраўленьне або выпадковага разьмеркаваньня пры вузавым дзяленьні.

Паведамляецца, што хляраплясты знаходзіліся ў спэцыяльных пухірах побач зь ядром і былі акружаныя мітахондрыямі, а праз 2 дні іхняя структура зьмнялася так, як пры неспряльных умовах. На чацьвёрты дзень мембраны хляраплястаў пачалі разбурацца. Акурат да гэтага часу хляраплясты захоўвалі актыўнасьць на звычайным узрозьні.

cybulinka

03 Nov, 12:53


Цюлені мілыя й стрытэгічныя

Цюлені Ўэдэла (Leptonychotes weddellii) лічацца самымі паўднёвымі сысунамі ў сьеце. Яны жывуць у Антарктыцы й амаль увесь час знаходзяцца пад вадою ў пошуках ежы. Гэтыя мілыя сысуны могуць апускацца на глыбіню да 900 м. на 90 хв., што перавышае іхні аэробны парог. Праўда, пасьля такіх экстрэмальных заплываў ім патрабуецца шмат часу на адпачынак.

Аўтары новай публікацыі высьветлілі, што цюлені прытрымліваюцца пэўнай стратэгіі, калі справа даходзіць да такіх зьнясільвальных вандровак.

Навукоўцы прычапілі на 59 дарослых цюленяў адмысловыя прылады для адсочваньня апусканьняў, і зьбіралі зьвесткі цягкам 8913 дзён. Першапачаткова меркавалася, што жывёлы будуць апускацца на вялікую глыбіню бліжэй да поўдня, бо сонечныя прамяні ў гэты час трапляюць далей у тоўшчы вады, але аказалася, што гэта ня так.

Цюлені даюць нырца раніцай, калі сонца яшчэ нізка, а ў поўдзень яны палююць каля паверхні вады, дзе шмат здабычы грэецца на сонцы. Такая стратэгія дазваляе апытмізаваць выдаткі энэргіі, неабходнай для пошуку ежы.

cybulinka

02 Nov, 11:51


Спажываньне алькаголю ў жывёльным сьвеце можа быць даволі моцна пашыраным

Аўтары новага артыкулу прыйшлі да высновы, што ўжываньне алькаголю ў жывёльным сьвеце распаўсюджана значна шырэй, чым лічылася раней. Мяркуецца, што жывёлы сутыкаюцца з этылявым сьпіртам ужо каля 100 мільёнаў гадоў, паколькі фэрмэнтацыя садавіны й нэктараў існуе ў прыродзе яшчэ з крэйдавага пэрыяду. Некаторыя жывёлы, уключаючы шымпанзэ й птушак, эвалюцыянавалі такім чынам, што могуць лепш засвойваць алькаголь дзякуючы фэрмэнтатыўным зьменам. Да ўсяго яшчэ высьветлілася, што ўсходнія шэршні Vespa orіentalіs могуць выпіваць шмат алькаголю бяз шкоды арганізму.

Тым ня менш застаецца незразумелым, ці сьвядома жывёлы ўжываюць алькаголь для атрыманьня «эўфарыі», ці проста выбіраюць фэрмэнтаваныя садавіна выпадкова. Далейшыя дасьледаваньні будуць сканцэнтраваныя на тым, як алькаголь можа ўплываць на паводзіны й сацыяльныя сувязі прыматаў, а таксама на мэтабалічныя рэакцыі іншых жывёлаў.

cybulinka

02 Nov, 09:18


Кот прынёс свайму мікрабіёлягу мыш зь сюрпрызам

Яшчэ ў траўні 2021 годзе кот Пэпэр прынёс свайму свайму гаспадару мыш. Такое здаралася й раней, але гэтым разам мікрабіёляг Джон Ледніцкі пастанавіў вывучыць падарунак, бо яго цікавіла, ці не пераносяць грызуны вірус воспы аленяў.

У выніку навукоўцы знайшлі ў целе мышы новы вірус зь сямейства Параміксавірусаў, куды ўваходзяць узбуджальнікі адру й сьвінкі. Наступныя лябараторныя тэсты паказалі, што знойдзены вірус можа пранікаць у вузы чалавека й іншых сысуноў, што робіць яго патэнцыйна небясьпечным.

Аўтары кажуць, што вірус выклікае лёгкія інфэкцыі, а такое не надта шчыльна вывучаюць. Зрэшты, цяпер сытуацыя можа зьмяніцца.

З катом усё добра, але яго не ўпісалі ў пералік аўтараў артыкулу.

cybulinka

01 Nov, 08:15


Меншая колькасьць цукру ў дзяцінстве палепшыла здароўе празь дзесяцігодзьдзі

Новае дасьледаваньне паказвае, што абмежаваньне спажываньня цукру ў раньнім веку можа прынесьці доўгатэрміновую карысьць для здароўя, зьніжаючы рызыку разьвіцьця цукровага дыябэту 2-га тыпу й гіпэртаніі. Навукоўцы высьветлілі, што залішняя колькасьць цукру, асабліва калі ён трапляе ў арганізм у раньнім дзяцінстве або нават падчас эмбрыянальнага разьвіцьця, нэґатыўна ўплывае на мэтабалічнае здароўе.

Вынікі грунтуюцца на аналізе зьвестак UK Biobank, якія ахопліваюць шматгадовыя назіраньні за здароўем брытанцаў. Дасьледнікі параўналі здароўе людзей, зачатых у пэрыяд нармаваньня прадуктаў у Вялікабрытаніі (1940–1954), з тымі, хто зьявіўся на сьвет пасьля адмены талонаў. Было выяўлена, што тыя, хто нарадзіўся пры абмежаваным спажываньні цукру, мелі на 20 % меншую рызыку разьвіцьця гіпэртаніі й на 35 % — дыябэту, а таксама на два й чатыры гады пазьней сутыкаліся з гэтымі захворваньнямі.

Асаблівая карысьць назіралася ад скарачэньня цукру ў пэрыяд эбрынальнага разьвіцьця й да шасьці месяцаў пасьля нараджэньня. Аднак сучасныя рэаліі ўскладняюць абмежаваньне цукру ў рацыёне дзяцей, бо цукар часта дадаюць у прадукты харчаваньня, у тым ліку дзіцячыя, а маркетынг ласункаў нярэдка арыентаваны на маленькіх спажыўцоў.

Што праўда, дасьледаваньне трохі пакрытыкавалі некаторыя навукоўцы. Напрыклад, зьвяртаецца ўвага на тое, што сучасныя ўмовы харчаваньня адрозьніваюцца ад умоваў у 50-х гадах, як і лад жыцьця.

cybulinka

30 Oct, 11:52


Канкурэнт Neuralink паведаміў пра першыя пасьпяховыя выпрабаваньні імплянту, які вярнуў людзям востры зрок

Распрацаваны Science Corporation вочны імплянт дапамог людзям, якія часткова страцілі зрок, чытаць, гуляць у карты й распазнаваць твары.

Імплянт Prima складаецца з 2-мілімэтровага чыпу, які хірургічна разьмяшчаюць пад сеткавіцай вока. Працэдура заўмае каля 80 хвілінаў. Аднак для таго, каб чып запрацаваў, потрэбныя адмысловы акуляры з камэрай, якая фіксуе візуальную інфармацыю й перадае яе на чып. У сваю чаргу чып, засілкаваны ад акуляраў, пераўтварае атрыманую інфармацыю ў электрычныя імпульсы, якія адпраўляюцца ў мазґі, дзе й адбываецца "стварэньне пабачанага", як і пры звычайным зроку. Аднак тое, што карыстальнікі бачаць, крыху адрозьніваецца ад нармальнага зроку: гэта манахромная выява з жаўтлявым адценьнем.

У выпрабаваньнях бралі ўдзел 32 чалавекі ў веку ад 60 гадоў, зь вельмі нізкай вастрынёй зроку (у ЗША в.з. 20/20 лічыцца нармальнай, а тут была 20/450). Праз год пасьля імплянтацыі, бальшыня людзей мела значна лепшы зрок: вастрыня паднялася да паказьніку 20/160, яны маглі чытаць пяць радкоў табліцы (23 літары). З ўсяе выбаркі толькі пяцёра не пабачылі аніякай карысьці ад імплянту.

cybulinka

29 Oct, 13:50


Бургеры зь ялавічыны лепш за соевыя аналягі нарасьцілі цяглічную масу

Амэрыканскія дасьледнікі параўналі, як арганізм перапрацоўвае бялкі з традыцыйных мясных катлет і веганскіх. Для гэтага паклікалі 24 чалавек ў веку ад 18 да 40 гадоў, разьмеркавалі іх выпадковым чынам на тры групы, і папрасілі зьесьці катлеты. Потым аўтары адсочвалі эфэктыўнасьць сынтэзу бялкоў.

У выніку аказалася, што катлеты зь ялавічыны найбольш эфэктыўна засвойваліся арганізмам, але ёсьць нюанс.

Калі паглядзець на дэмаграфічныя зьвесткі людзей, якія бралі ўдзел ў дасьледаваньні, то выявіцца, што ў групу "мясной катлеты" трапілі маладзейшыя людзі. Фактычна аўтары параўновалі 30 гадовых з 40 гадовымі. І гэта крытычны недахоп, бо сынтэз бялкоў моцна залежыць ад узросту.

Таксама паведамляецца, што гэтае дасьледаваньне фінансавалася Нацынальнай асацыяцыяй жывёлаводаў.🤦🏻‍♂️

cybulinka

29 Oct, 11:47


Дасьледнікі вызначылі новы стыль цікаўнасьці пры чытаньні вікіпэдыі

Уявім сабе сытуацыю: вы зайшлі пачытаць артыкул на вікіпэдыі, у тэксьце пстрыкнулі на спасылку, потым яшчэ раз, і вось вы ўжо з імпэтам чытаеце артыкул, які зусім не зьвязаны з тэмай вашага першапачатковага пошуку. Імаверна, у вас такое было й ня раз. Такі стыль атрыманьня інфармацыі мае назву "пляткар/ пляткарка" (busybody).

Аднак ёсьць і іншы патэрн, калі людзі мэтанакіравана шукаюць патрэбную зараз інфармацыю. Такі стыль навукоўцы называюць "паляўнічы" (hunter). Цяпер высьветлілася, што тое, якому стылю пошуку інфармацыі людзі аддаюць перавагу, можа шмат сказаць пра культуру, у якой яны гадаваліся.

Дасьледчая каманда з Пэнсыльванскага ўнівэрсытэту вывучыла звычкі 482 760 карыстальнікаў і карыстальніц вікіпэдыі з 50 краін сьвету, і знайшлі некаторыя адрозьненьні ў патэрнах узаемадзеяньня з сайтам. Так, у краінах зь нізкім узроўнем адукацыі й ґендэрнай роўнасьці, людзі часьцей прытрымліваліся стылю "паляўнічы", і шукалі толькі цесна зьвязаную з запытам інфармацыю. А ў краінах з большай роўнасьцю й даступнасьцю адукацыі вікіпэдыю праглядалі больш шырока, з большай разнастайнасьцю тэмаў.

Аўтары мяркуюць, што такія вынікі паказваюць на значны ўплыў культуры на цікаўнасьць і пазнаньне. Што праўда, дакладна вызначыць, з чым менавіта зьвязаная розьніца ў стылях пошуку пакуль складана, але ёсьць гіпотэзы*.

Аднак самае цікавае ў гэтым дасьледаваньні тое, што аўтары сьцьвердзілі наяўнасьць трэцяга стылю пошуку інфармацыі: "танцор/ танцорка" (dancer). У гэтым выпадку чалавек таксама скача з тэмы на тэму, але робіць гэта не наздагад, а так, каб яны выбудоўваліся ў цэльную карціну. Такі стыль сьведчыць пра творчы падыход і наяўнасьць міждысцыплінарнага мысьленьня, што дапамагае пабачыць сувязі там, дзе іншыя іх ня бачаць.

cybulinka

29 Oct, 09:02


Працяглае стаяньне на нагах павысіла рызыку парушэньняў кровазвароту, але аказалася больш бясьпечным, чым працяглае сядзеньне

Аналіз зьвестак больш як 83 000 чалавек з брытанскага біябанка паказаў, што час, праведзены стоячы, не ўплывае на рызыку сэрцава-судзінных захворваньняў, але зьвязаны з павышанай імавернасьцю ортастатычных (зьвязаных з гравітацыяй) парушэньняў кровазвароту. Найбольш выразна эфэкт праяўляўся ад 12 гадзін стаяньня. У той жа час больш за 10 гадзін на дзень седзячы павысіла рызыку разьвіцьця як артастатычных праблем, так і сэрцава-судзінных захворваньняў.

cybulinka

28 Oct, 12:22


Ліхаманка Заходняга Нілу справакавала ў амэрыканкі сымптом вялікай панды

Празь некаторы час пасьля трансплянтацыі ныркі 53-гадовая жынчына трапіла ў лякарню зь ліхаманкай і болем у жываце. Пасьля апэрыцыі пацынтка прымала лекі для прыглушэньня імуннай сыстэмы, каб донарскі орган прыжыўся. Паступова ў жанчыны разьвіўся правабаковы паралюш і моцна пагоршыліся кагнітыўныя функцыі: на момант шпіталізацыі яна не магла гаварыць і толькі зрэдку рэагавала на каманды лекараў. Наступнае МРТ-сканаваньне выявіла гіпэрінтэнсыўныя асяродкі ў талямусе й чорнай субстанцыі сярэдніх мазґоў, што сфармавала "сымптом панды".

Звычайна такі сымптом разьвіваецца пры парушэньнях мэтабалізму медзі і некаторых іншых рэдкіх паталёгіях, аднак ў гэтым выпадку ПЛР-аналіз сьпінамазгавой вадкасьці выявіў вірус ліхаманкі Заходняга Нілу.

Жанчыне прызначылі курс імунаглабулінаў і процівірусны прэпарат, што дапамагло аднавіць кагнітыўныя функцыі, але частковы паралюш застаўся.

cybulinka

27 Oct, 12:18


На чытаньне кароткіх паведамленьняў мазґам дастаткова каля 150 мілісэкунд

Адмыслоўцы з Нью-Ёрцкага ўнівэрсытэту высьветлілі, што чалавечыя мазґі здольныя вызначыць граматычную структуру кароткага сказа ўсяго за 150 мілісэкундаў пасьля яго зьяўленьня на экране.

Падчас экспэрымэнту людзям паказвалі кароткія сказы (напрыклад, «dog lіke bacon») альбо проста сьпісы назоўнікаў. Пры дапамозе магнітаэнцэфалаграфіі, якая дазваляе адсочваць актыўнасьць мазґоў, навукоўцы зафіксавалі, што левая скроневая кара, адказная за моўнае ўспрыманьне, ужо праз 130 мілісэкундаў адрозьнівала сказы ад простых сьпісаў.

Аўтары адзначаюць, што такая хуткасьць успрыманьня нагадвае імгненнае распазнаньне візуальнай сцэны, а не паступовае асэнсаваньне напісанага. Гэта значыць, што мазґі здольныя вызначыць структуру простага сказу з трох словаў гэтак жа хутка, як чалавек пачуе й распазнае адзін склад.

cybulinka

27 Oct, 11:30


Брытанскія дасьледнікі мяркуюць, што пацалунак у чалавечай культуры мог узьнікнуць з паводзін грумінгу ў старажытных чалавекападобных малпаў.

У артыкуле, апублікаваным у Evolutіonary Anthropology, яны прапануюць гіпотэзу «фінальнага пацалунка»: заключнага акту грумінгу, калі малпы выцягваюць вусны й зьлёгку ўсмоктваюць паветра, каб выдаліць сьмецьце й паразытаў. З часам гэты жэст страціў сваю гігіенічную функцыю й, магчыма, трансфармаваўся ў пацалунак як сымбальічнае выражэньне блізкасьці.

cybulinka

25 Oct, 12:06


Нашая апытанка выявіла вялікую колькасьць аматараў вострых страў, таму колькі словаў пра капсаіцын

Капсаіцын - актыўнае рэчыва з клясы алкалёідаў, дзякуючы якому пэўныя расьліны могуць абараніцца ад траваедных жывёлаў і некаторых людзей. Калі мы ямо, напрыклад, перац чылі, то капсаіцын пачынае ўплываць на рэцэптары болю TRPV1. Яны прысутнічаюць ня толькі ў сьлізьніцы, але й у скуры, і звычайна актывуюцца высокай тэмпэратурай. Калі капсаіцын зьвязваецца з гэтымі рэцэптарамі (TRPV1 пачынаюць прапускаць катыёны Ca у сэнсарныя нэўроны), нашыя мазґі пачынаюць біць трывогу, бо ўсё выглядае нібы зараз будзе моцны апёк. Але капсаіцын не пашкоджвае тканкі. Толькі ілюзыя.

Аналягічны эфэкт будзе й ад іншых падобных рэчываў, якія можна знайсьці ў складзе вострага перца. Яны называюцца капсаіцыноідамі, і ў таго ж перца чылі іх 4-5 у калекцыі. Аднак асноўную ролю ў пакучасьці грае менавіта капсаіцын, бо яго проста больш.

Варта адзначыць, што капсаіцын ўплывае толькі на сысуноў. Птушкі могуць спакойна есьці нават самы востры перац. Мяркуецца, што гэта эвалюцыйны мэханізм, які дапамагае перцам Capsіcum размнажацца: у траваедных ёсьць зубы, якімі яны могуць перацерці насеньне расьліны, а птушкі зубоў не маюць, таму перцы ім больш сымпатызуюць.

cybulinka

24 Oct, 13:03


Выпадковая 30-хвілінная прабежка зьнізіла фактары рызыкі дыябэту

Італьянскія дасьледнікі выявілі, што аднаразовае 30-хвіліннае трэнаваньне можа значна зьнізіць узровень глюкозы ў крыві й павысіць чуласьць да інсуліну ўжо праз гадзіну пасьля фізычнай актыўнасьці ў здаровых маладых людзей. Гэтыя вынікі падкрэсьліваюць важнасьць фізычных нагрузак для прафіляктыкі й лячэньня дыябэту 2 тыпу.

Звычайна навукоўцы засяроджваюцца на доўгатэрміновым уплыве рэгулярных трэнаваньняў, але ў гэтым выпадку дасьледнікі вывучылі эфэкт адной аэробнай нагрузкі. У дасьледаваньні ўдзельнічалі 32 чалавекі ў веку 20-35 гадоў, якія не займаліся спортам і ня мелі дыябэту. Усе яны прайшлі тэставаньне на талерантнасьць да глюкозы да й праз 24 гадзіны пасьля лёгкай прабежкі.

Вынікі паказалі, што ўзровень глюкозы й інсуліну нашча й праз гадзіну пасьля трэнаваньня значна зьнізіўся, а чуласьць да інсуліну павысілася. Такія зьмены сьведчаць аб тым, што нават адно трэнаваньне можа палепшыць кантроль цукру ў крыві й зьнізіць рызыку разьвіцьця дыябэту.

cybulinka

24 Oct, 11:48


Дасьледнікі ажывілі сьвіныя мазґі праз гадзіну пасьля сьмерці

Кітайскім навукоўцам удалося часткова аднавіць актыўнасьць сьвіных мазґоў амаль праз гадзіну пасьля прыпынку кровазвароту (ішэміі). Гэта адкрыцьцё можа спрыяць распрацоўцы новых мэтадаў рэанімацыі людзей пасьля спыненьня сэрца й павышэньню шанцаў на пасьпяховае аднаўленьне мазґавых функцый.

Вядома, што спыненьне кровазвароту ў мазґах можа прывесьці да незваротных наступстваў цягам колькіх хвілін. Каб хоць неяк запаволіць працэс пашкоджаньня мазґоў, навукоўцы вывучаюць, якім чынам розныя органы могуць на гэта паўплываць. Печань, праз свае функцыі ачышчэньня крыві, выглядае добрым кандыдатам на вывучэньне, таму на ёй і сканцэнтраваліся навукоўцы.

Каманда дасьледавала ўплыў ішэміі на мазґі й печань, параўнаўшы дзьве групы сьвіней. У першай групе ішэмія закранала толькі мазґі, а ў другой — і мазґі, і печань. На гэтым этапе выявілася, што ў сьвіней, чыя печань не пацярпела ад ішэміі, было менш пашкоджаньняў мазґоў.

На наступным этапе навукоўцы падключылі печань да сыстэмы жыцьцезабесьпячэньня, каб аднавіць працу мазґоў. Такім чынам было выяўлена, што мазґі сьвіней, якія не атрымлівалі кіслароду цягам 50 хвілін, маглі аднаўляць электрычную актыўнасьць на 6 гадзін. Аднак калі мазґі былі пазбаўленыя кіслароду больш за гадзіну, аднаўленьне працягвалася толькі каля трох гадзін.

Такія вынікі сьведчаць аб важнай ролі печані ў абароне мазґоў пасьля спыненьня сэрца й могуць адкрыць новыя шляхі для паляпшэньня мэтадаў рэанімацыі й аднаўленьня пацыентаў.

cybulinka

23 Oct, 09:42


Каты зьвязалі назвы абʼектаў з выявамі

Японскія дасьледнікі паказалі, што каты могуць зьвязваць адвольныя словы з абʼектамі. У ходзе эксьперыменту 31 кату дэманстравалі дзьве выявы — сіняе воблака й жоўтае сонца, суправаджаючы іх выдуманымі словамі. Калі словы зьмянялі месцамі, каты даўжэй глядзелі на выяву, што сьведчыла пра іхняе зьдзіўленьне несупадзеньнем. Так, пры «правільным» слове яны глядзелі на выяву каля 3,96 сэкунд, а пры «няправільным» — 4,54 сэкунд.

Таксама паведамляецца, што гадаванцы могуць хутка фармаваць такія асацыяцыі, усяго пасьля чатырох паўтораў па 9 сэкунд.

У наступным досьледзе аўтары спраўдзілі рэакцыю іншых катоў на асацыяцыі з электроннымі гукамі, але эфэкт быў больш сьціплым: 3,9 і 4,14 сэкунд адпаведна. Гэта паказвае, што каты лепш запамінаюць сувязь з чалавечымі словамі, чым з абстрактнымі гукамі.

Аўтары падкрэсьліваюць неабходнасьць дадатковых дасьледаваньняў у будучыні, каб зразумець, наколькі доўга гадаванцы могуць захоўваць такія асацыяцыі.

cybulinka

21 Oct, 12:23


Сталі вядомыя пераможцы штогадовага фотаконкурсу Nikon Small World

Конкурс мікрафатаграфіі ладзіцца з 1974 году. Сёлета на яго даслалі больш за 2100 выяваў з 80 краін. У падборцы вышэй некаторыя зь іх, а ўсіх фіналістаў можна пабачыць тут.

cybulinka

21 Oct, 09:35


Боль у пераносьсі стаў сымптомам падагры для маладога амэрыканца

Малады амэрыканец зьвярнуўся да лекараў са скаргамі на боль і апухласьць на пераносьсі. Агляд выявіў шчыльны аплыў уздоўж насавых костак, а таксама вялікую колькасьць выдзяленьняў. Лекары западозрылі ў мужчыны падагру, бо апухласьць нагадвала тофус — назапашваньне крышталікаў мачавой кіслаты ў мяккіх тканках.

Падагра ўзьнікае, калі ў арґанізьме назапашваецца мачавая кіслата, якая ўтварае крышталі, што правакуе запаленьне й боль. Зь цягам часу гэтыя назапашваньні ператвараюцца ў вузлы — тофусы, якія часьцей за ўсё ўзьнікаюць на суставах ног, але часам і ў іншых месцах.

У дадзеным выпадку тамаграфія паказала наяўнасьць вадкасьці ў мяккіх тканках носа й эрозыю костак. Пасьля лячэньня антыбіётыкамі стан пацыента часова палепшыўся, але потым зноў пагоршыўся. Лекары западозрылі наяўнасьць абсцэсу й правялі апэрацыю. Падчас працэдуры яны выявілі, што ўтварэньне было прымацавана да касьцей носа й утрымлівала белае тварожыстае рэчыва. Гісталягічны аналіз пацьвердзіў наяўнасьць запаленьня й крышталяў мачавой кіслаты.

Канчаткова дыягназ пацьвердзіўся калі выявілася, што мужчына раней адчуваў боль у суставах пальцаў. Такім чынам, гэта першы задакумэнтаваны выпадак праяўленьня падагры на пераносьсі.

cybulinka

20 Oct, 16:20


Навукоўцы выявілі нечаканыя сувязі паміж ґенамі, адказнымі за разьвіцьцё нашых мазґоў і аўтыстычнымі разладамі

Вядома, што працяглае разьвіцьцё чалавечых мазґоў, у прыватнасьці фармаваньне сынапсаў — сувязяў паміж нэўронамі, — адрозьнівае нас ад іншых сысуноў. Такі працэс называюць неатэніяй і ён спрыяе разьвіцьцю кагнітыўных здольнасьцяў, але збоі ў ім могуць прывесьці да такіх захворваньняў, як разумовая адсталасьць і разлады аўтыстычнага спэктру.

Цяпер дасьледнікі знайшлі два ґены, якія прысутнічаюць толькі ў чалавечай ДНК і запавольваюць разьвіцьцё сінапсаў, і высьветлілі, што гэтыя ґены ўзаемадзейнічаюць зь іншым ключавым ґенам — SYNGAP1, які зьвязаны з нэўраразьвіцьцём.

Каманда выявіла, што адключэньне тых ґенаў паскарае разьвіцьцё сынапсаў у чалавечых нэўронах, што нагадвае зьмены пры некаторых формах аўтызму. Яны таксама высьветлілі, што выяўленыя ґены SRGAP2B і SRGAP2C ўзаемадзейнічаюць з SYNGAP1, наўпрост уплываючы на ягоныя функцыі.

Гэтае адкрыцьцё дапаможа лепш зразумець, чаму захворваньні нэрвовай сыстэмы, такія як аўтызм, часьцей сустракаюцца ў людзей, і як іх можна лячыць.

cybulinka

20 Oct, 08:38


Боль ад вострай ежы можа часткова ўзьнікаць у мазгах

Калі вам невыносна балюча есьці вострыя стравы, гэта можа быць зьвязана з тым, што вы загадзя вырашылі, што не пераносіце іхнюю пякучасьць. Як сьцьвярджаюць навукоўцы ў часопісе PLOS Biology, частка болю, які вы адчуваеце, можа ўзьнікаць у вашых мазґах.

Дасьледнікі вывучылі рэакцыю мазґоў 46 чалавек, 22 зь якіх заявілі, што ненавідзяць вострую ежу, а 24 прызналіся, што любяць яе. Падчас досьледу ўсім прапаноўвалі пакаштаваць ваду, слабы востры соўс і вельмі востры соўс, пры гэтым адбываўся маніторынг мазґавой актыўнасьці.

Калі людзей папярэджвалі, што яны зьбіраюцца каштаваць нешта вострае, мазґі аматараў вострага актывавалі зоны, зьвязаныя з задавальненьнем. Яны таксама паведамлялі, што ім спадабаўся перажыты досьвед. А тыя, хто не любіў вострую ежу, мелі актыўнасьць у зонах, адказных за боль, і ацэньвалі соўс як менш прыемны.

Такія вынікі паказваюць, як нашыя чаканьні — як станоўчыя, так і адмоўныя — могуць уплываць на ўспрыманьне. Гэты эфэкт можа быць карысны для паляпшэньня мэтадаў кіраваньня болем, напрыклад, пры падрыхтоўцы да апэрацый ці іншых трывожных мэдычных працэдур.

Раптоўная апытанка:
👻 - люблю вострыя стравы
🎃 - цярпець іх не магу

cybulinka

18 Oct, 15:35


Навукоўцы вывучаюць адкуль вузы ведаюць, куды ім расьці пасьля траўмы

Калі арґанізм атрымлівае траўму альбо страчвае канцавіну, вузы павінны зразумець, колькі тканкі трэба аднавіць і ў якім месцы. Але адкуль яны «ведаюць», куды расьці, застаецца загадкай. Хоць навукоўцам вядома, што ў многіх арґанізмаў вузы аднаўляюць тканкі дзякуючы так званай «пазыцыйнай памяці» — вузы «запамінаюць» сваё месца ў целе, — працэс усё яшчэ вывучаецца.

Група навукоўцаў зь Інстытуту мэдычных дасьледаваньняў Стоўэрса зладзіла дасьледаваньне, каб вызначыць, якія вузы ўдзельнічаюць у пазыцыйнай памяці. Яны вывучалі, як афрыканская рыбка Nothobranchіus furzerі аднаўляе свае хваставыя плаўнікі пасьля ампутацыі, і высьветлілі, што вузы эпідэрмісу скуры зьмяняюцца ў залежнасьці ад таго, наколькі блізка да цела была адрэзаная частка плаўніка. Пры гэтым аказалася, што хуткасьць росту новага плаўніка не заўсёды залежыць ад месца ампутацыі.

Спачатку аўтары спраўдзілі, як месца ампутацыі ўплывае на хуткасьць аднаўленьня. Вядома, што калі адрэзаць невялікі кавалачак на самым канцы плаўніка, то ён хутка рэґенеруе, але калі адрэзаць бліжэй да цела рыбы — гаіцца будзе даўжэй. Таму каманда пастанавіла скрыстацца малекулярнымі мэтадамі, каб лепш зразумець гэта.

Навукоўцы выявілі, што адрозьненьні паміж вузамі, якія засталіся пасьля розных ампутацый, былі нязначнымі на ўзроўні ґенаў. Але самае цікавае было ў тым, што яны выявілі новы стан вузаў скуры, які ўзьнікае пры аднаўленьні тканак. Гэтыя вузы былі найбольў актыўнамі пры ампутацыі бліжэй да цела, а таксама яны актыўна ўдзельнічалі ў рэґенэрацыі й былі зьвязаныя з працэсамі, якія адбываюцца падчас эмбрыянальнага разьвіцьця.

Акрамя таго, дасьледнікі выдалілі з дапамогай мэтаду CRІSPR-Cas9 адзін з ґенаў, зьвязаны з апісаным працэсам, і ўбачылі, што рэґенэрацыя плаўнікоў прысьпяшылася, але толькі пры ампутацыі падалей ад цела. Гэта адкрыцьцё паказала, што хуткасьць рэґенэрацыі можна зьмяняць, калі выкарыстоўваць правільныя ґенные шляхі.

cybulinka

18 Oct, 12:13


Сьветлыя ночы і цёмныя дні павысілі рызыку заўчаснай сьмерці

Дасьледаваньне, апублікаванае ў часопісе Proceedіngs of the Natіonal Academy of Scіences, выявіла сувязь паміж парушэньнем цыркадных рытмаў ад няправільнага асьвятленьня й павышанай рызыкай заўчаснай сьмерці.

Навукоўцы прааналізавалі зьвесткі з брытанскага Біябанку, дасьледаваўшы 88 905 чалавек (>62 гады), якія насілі прылады для адсочваньня ўзроўню асьвятленасьці. У выніку выявілася, што людзі, якія падвяргаліся большаму ўзьдзеяньню сьвятла ноччу альбо адчувалі недахоп сьвятла ўдзень, мелі больш высокую рызыку сьмяротнасьці, асабліва ад сэрцава-судзінных захворваньняў. Аўтары мяркуюць, што падтрымка цемры ўначы й сьвятла ўдзень можа зьнізіць рызыкі для здароўя.

cybulinka

17 Oct, 13:04


Чалавек можа адчуць ледзь заўважныя зьмены ў пахах

Звычайна ўдых займае ад адной да трох сэкунд, і за гэты час у нос трапляюць малекулы, якія дазваляюць нам адчуваць пахі. Аднак да нядаўняга часу заставалася пытаньне: ці могуць людзі ўспрымаць зьмены пахаў, якія адбываюцца хутчэй, чым працягласьць аднаго ўдыху?

Новая прылада, распрацаваная для дакладнага кантролю пахаў, паказала, што наш нос можа даць рады з гэтым. Так, людзі здольныя защважаць зьмены ў пахах за долі сэкунды.

Згаданая прылада рэагуе на пачатак удыху, фіксуючы зьмены ціску ў носе, і выпускае два розныя пахі. Пры гэтым адзін з пахаў падаецца крыху далей ад носа, чым іншы.

Больш за 200 удзельнікаў і ўдзельніц эксьперыментаў удыхалі два хімічныя пахі за адзін удых. Навукоўцы дакладна кантралявалі розьніцу ў часе паміж пахамі з дакладнасьцю да мілісэкунды. Людзям давалі розныя пахі — напрыклад, яблычны, кветкавы, цыбульны або цытрынавы — і прасілі вызначыць, у якім парадку яны іх адчулі.

У выніку ўсе людзі змаглі дакладна вызначыць парадак пахаў, нават калі розьніца паміж імі складала ўсяго 60 мілісэкунд. Гэта адкрыцьцё сьведчыць пра тое, што наша нюхальная сыстэма працуе з такой жа хуткасьцю, як і ўспрыманьне колеру.

Далей аўтары плянуюць вывучыць, які нашыя мазґі апрацозваюць інфармацыю пра пахі ня толькі ў межах аднаго ўдыху, але й паміж імі, улічваючы, што наш нос здольны адрозьніваць вельмі шмат пахаў.

cybulinka

17 Oct, 08:21


Білінгвізм значна палепшыў мазґавыя функцыі

Асабліва ў тых, хто валодае дзьвюма мовамі зь дзяцінства

З папярэдніх дасьледаваньняў вядома, што валоданьне дзьвюма мовамі можа паляпшаць увагу, дапамагаць мазґам даўжэй заставацца здаровымі й нават спрыяць аднаўленьню пасьля траўмаў. У новым дасьледаваньні, праведзеным канадзкімі й гішпанскімі навукоўцамі, спраўдзілі, як білінгвізм уплывае на сувязь паміж рознымі абласьцямі мозгу.

У эксьперыменце ўдзельнічаў 151 чалавек, яны размаўлялі на францускай, анґельскай або былі дзьвюхмоўнымі. Навукоўцы зазначылі, калі ўдзельнікі й удзельніцы пачалі вывучаць другую мову. Потым усіх сканавалі з дапамогай функцыянальнай магнітна-рэзананснай тамаграфіі (фМРТ), каб вывучыць сувязі паміж рознымі аддзеламі мазґоў, а ня толькі асобныя вобласьці, як гэта рабілася ў папярэдніх дасьледаваньнях.

Вынікі паказалі, што ў дзьвюхмоўных людзей сувязі паміж участкамі мазґоў былі мацнейшымі, чым у тых, хто гаварыў толькі на адной мове. Асабліва выразным такі эфэкт быў у тых, хто пачаў вывучаць другую мову ў раньнім узросьце. Найбольш значныя зьмены назіраліся паміж мозачкам і левай лобнай карой — гэта важныя вобласьці для каардынацыі рухаў і кіраваньня маўленьнем.

Аўтары падсумоўваюць: чым раней чалавек вучыць другую мову, тым шырэй задзейнічаны ўчасткі мазґоў, зьвязаныя з нэўраплястычнасьцю. Таму раньняе вывучэньне мовы спрыяе лепшаму ўзаемадзеяньню паміж мозачкам і карой мазґоў.

cybulinka

15 Oct, 13:40


Сланіхі пазналі былых дазорцаў праз 13 гадоў

Дасьледнікі зь Нямеччыны зладзілі эксьперымент з удзелам афрыканскіх сланіх, каб спраўдзіць іхнюю здольнасьць запамінаць людзей, зь якімі яны не кантактавалі цягам 13 гадоў. У досьледзе жывёлам паказвалі фотаздымкі, давалі паслухаць галасы й панюхаць пахі былых дазорцаў і незнаёмцаў. Вынікі паказалі, што сланіх больш цікавілі пахі знаёмых людзей, што сьведчыць пра здольнасьць захоўваць доўгатэрміновыя ўспаміны.

Шматлікія назіраньні паказваюць, што афрыканскія сланы Loxodonta africana могуць запамінаць суродзічаў і людзей, але эксьперыментальна гэта яшчэ ня спраўджвалі. Таму дасьледнікі хацелі даведацца, ці сапраўды сланы могуць пазнаваць людзей праз гады, ґрунтуючыся на розных стымулах: візуальных, гукавых і абаняльных.

Сланісе Бібі (36 гадоў) і ейнай дачцэ (15 гадоў) прапанавалі тры тыпы стымулаў ад знаёмых (былых дазорцаў) і незнаёмых людзей: фотаздымкі, галасы й пахі. Пахі былі прадстаўлены ў выглядзе футболак, у якіх людзі спалі адну ноч. Эксьперымент ладзілі з дапамогай установак, разьмешчаных побач з вальерам сланоў, і вымяралі час цікавасьці да стымулаў, частату й працягласьць дотыкаў хобатам.

Хоць сланы праяўлялі цікавасьць да ўсіх тыпаў стымулаў ад знаёмых людзей, значная розьніца была заўважана толькі пры дасьледаваньні пахаў. Сланіхі часьцей дакраналіся хобатам да ўстановак з футболкамі былых дазорцаў, чым зь незнаёмымі. Такім чынам, абаняньне аказалася ключавым фактарам у пазнавальнасьці людзей.

Дасьледчыкі зрабілі выснову, што сланы здольныя захоўваць доўгатэрміновыя ўспаміны пра знаёмых людзей, але для больш дакладнага разуменьня патрэбныя дадатковыя дасьледаваньні, бо ў эксьперыменце ўдзельнічалі толькі дзьве жывёлы, і абедзьве былі самкамі.

cybulinka

14 Oct, 12:54


Дэпрэсыя й слабасьць сталі сымптомамі шкробуту ў пажылой канадкі

65-гадовая жанчына з Канады зьвярнулася да лекараў са скаргамі на слабасьць і абмежаваную рухомасьць ног, якія разьвіваліся на працягу васьмі дзён. Лекары таксама заўважылі зьмену колеру скуры на сьцёгнах. Жанчына расказала, што яе рацыён складаўся ў асноўным з кансэрваваных супаў, тунца, белага хлеба й плаўленага сыру. Пасьля ўнутрывеннага ўвядзеньня вітаміна С яе стан палепшыўся, што пацьвердзіла здагадку лекараў пра шкробут (цынгу). Дыягназ быў таксама пацьверджаны лябараторнымі аналізамі.

Шкробут — гэта стан, выкліканы дэфіцытам вітаміну С, важнага для сынтэзу калаґену рэчыва, які ў сваю чаргу падтрымлівае трываласьць тканак. Безь вітаміну С тканкі слабеюць, што прыводзіць да праблем з апорна-рухальным апаратам і крывацёкаў, асабліва зь дзёснаў. Таксама вітамін С неабходны для сынтэзу сератаніну й гармонаў шчытападобнай залозы. Шкробут можа разьвіцца праз 2–3 месяцы пасьля спыненьня паступленьня вітаміна С у арганізм.

Лекары з Унівэрсытэта Таронта апісалі выпадак гэтай жанчыны. Яна паступіла ў аддзяленьне неадкладнай дапамогі са скаргамі на слабасьць у нагах і праблемы з рухомасьцю. Таксама ў яе была вядомая нейраґенная й судзінная кульгавасьць, павышаны ціск, парушэньні абмену ліпідаў, дэфіцыт гармонаў шчытападобнай залозы, трывожнасьць і дэпрэсія. Яна палiла паўпачкі цыгарэт у дзень.

Агляд выявіў пацямненьне скуры на сьцёгнах, якое зьявілася тры месяцы таму. У яе таксама былі павялічаныя дзёсны й кровазьліцьці на нагах. На працягу некалькіх гадоў яна адчувала цяжкасьці зь перасоўваньнем, што абмяжоўвала яе магчымасьці гатаваць ежу й купляць прадукты. Яна жыла адна й харчавалася пераважна кансэрвамі й прадуктамі хуткага прыгатаваньня. Вітаміны ці дабаўкі яна не прымала.

Пасьля абсьледаваньня лекары пачалі ўводзіць жанчыне вітамін С унутрывенна, а затым перавялі яе на таблеткі. Пасьля пачатку лячэньня яе стан палепшыўся, і слабасьць у нагах прайшла.

Гэты выпадак паказвае, што нават пры доступе да ежы сацыяльная ізаляцыя можа прывесьці да дэфіцыту вітамінаў, як гэта было з маракамі, якія доўгі час не атрымлівалі сьвежыя садавіна й гародніну. Лекары мяркуюць, што сацыяльныя службы павінны надаваць больш увагі пажылым людзям, якія жывуць у ізаляцыі.

cybulinka

13 Oct, 13:43


Бліскаўкі зрабілі з цэлюлозы. Візуальна яны аналягічныя плястыкавым, але не наносяць шкоды прыродзе

Звычайныя бліскаўкі, якія мы бачым у касмэтыцы, адзеньні й дэкорах, уяўляюць сабой сурʼёзную пагрозу для навакольнага асяродзьдзя. Гэтыя бліскаўкі вырабляюцца зь мікраплястыку — дробных часьцінак плястыку памерам менш за 5 мм. Пападаючы ў навакольнае асяродзьдзе, мікраплястык назапашваецца ў глебе й вадаёмах, адкуль яго амаль немагчыма выдаліць. Мікраплястык часта глынаюць жывёлы, што прыводзіць да пашкоджаньня іхняй стрававальнай сыстэмы й, у выніку, плястык трапляе ў харчовыя ланцугі. Дасьледаваньні паказалі, што мікраплястык аказвае таксычны ўплыў на марскія арганізмы, а яго ўплыў на сушы вывучаны недастаткова, хаця забруджваньне глебы плястыкам у некалькі разоў перавышае забруджваньне акіянаў.

Навукоўцы з Кембрыдзкага ўнівэрсытэту распрацавалі больш бясьпечную й экалягічную альтэрнатыву — бліскаўкі на аснове цэлюлозы. Такі матэрыял, які атрымліваюць з глюкозы й драўняных валокнаў, цалкам біяраскладальны, а дадаваньне ў яго нанакрышталікаў дазваляе захаваць бляск.

Каб пераканацца ў бясьпецы новых бліскавак, дасьледнікі пратэставалі іх на бесхрыбетных Folsomіa candіda, якія часта выкарыстоўваюцца для ацэнкі якасьці глебы. Гэтыя арганізмы адчувальныя да забруджвальнікаў, таму аўтары спраўдзілі, як бліскаўкі паўплываюць на іхняе выжываньне, рост і размнажэньне. У ходзе дасьледаваньня было выяўлена, што звычайныя плястыкавыя бліскаўкі ў высокай канцэнтрацыі (1000 мг на кг глебы) зьніжалі здольнасьць бесхрыбетных да размнажэньня на 61 %. У той жа час цэлюлозныя бліскаўкі не аказалі нэгатыўнага ўплыву ні на размнажэньне, ні на іншыя паказьнікі здароўя бесхрыбетных.

cybulinka

13 Oct, 13:30


Батанікі ўпершыню адкрылі новы від расьлін з дапамогай дрону

Навуковая экпэдыцыя адбывалася на востраве Каўаі, што ў Гавайскім архіпэлягу. Для вывучэньня цяжкадаступных месцаў адмыслоўцы скарысталіся дронам, а потым, калі заўважалі незвычайную расьліну, прыладзілі да апарату дадатковыя прыборы, каб сабраць гэрбарны ўзор і насеньне.

Новая расьліна атрымала назву Schiedea waiahuluensis і адносіцца да сямества іскарковых. Гэты хмызьняк (куст) вышынёй каля 40 см і мае зяленаватыя кветкі, расьце на вышыні 530-950 мэтраў.

cybulinka

11 Oct, 09:47


Жывых мікробаў знайшлі ўнутры горнай пароды, якой каля 2 млрд гадоў

Група навукоўцаў з Такійскага ўнівэрсытэту знайшла мікраарганізмы ў драбнюткіх шчылінах 2-мільярдалетняй пароды ў Паўднёвай Афрыцы, што робіць гэтую знаходку самай старажытнай населенай пародай. Мікраарганізмы, знойдзеныя на глыбіні 15 мэтраў у Бушвельдзкім магматычным комплексе, жывуць ва ўмовах экстрэмальнай ізаляцыі, магчыма, харчуючыся глінай, якая забясьпечвае іх неабходнымі рэчывамі.

Каманда пацьвердзіла, што мікраарганізмы зьяўляюцца "карэннымі жыхарамі" пароды, а не забруджвальнікамі, што даказвае іхнюю жыцьцяздольнасьць. Гэтае адкрыцьцё можа праліць сьвятло на раньнія формы жыцьця на Зямлі й прапанаваць новыя падыходы да пошукаў жыцьця на Марсе, бо скалы гэтага комплексу па ўзросьце й складу падобныя да марсіянскіх. Аднак, самі мікраарганізмы зьявіліся ў пародзе пазьней, і дакладны час іх зьяўленьня яшчэ трэба вызначыць.

cybulinka

11 Oct, 08:25


Спонсар гэтага допісу — мая стужка ў ТыкТоку, дзе зараз вельмі шмат відэа з наступствамі ўрагану ў Злучаных Штатах.

Ураганы — гэта магутныя трапічныя цыклоны, якія ўзьнікаюць над цёплымі акіянамі недалёк ад экватару. Фармаваньне такіх цыклонаў пачынаецца пад уплывам высокай тэмпэратуры вады, вільгаці й атмасфэрнага ціску.

Калі тэмпэратура вады перавышае 26.5 градуса, выпарэньне паскараецца, а вільгаць паднімаецца ў атмасфэру, дзе й "зьбіраецца" ў аблокі. Пад уплывам кручэньня Зямлі, гэтае вільгатнае паветра пачынае таксама круціцца. У цэнтры карагода ціск крыху падае, што ўзмацняе цыклон прытокам новага паветра.

Магутнасьць такога цыклону залежыць ад выпарэньня вады: чым больш вады выпарылася, тым большая моц цыклону, і ён пераўтвараецца ва ўраган. Прытым вобласьць з паніжаным ціскам ў цэнтры захоўваецца, яе часам называюць "вокам урагану", і тут заўсёды захоўваецца спакойнае надворʼе, пакуль вакол лётаюць дамы й іншая маёмасьць.

Яшчэ падчас урагану адбываецца ўздым ровеню мора, бо моцныя вятры гоняць ваду на бераг, а таксама падае ціск унутры буры, таму вада крыху засмоктваецца ў яе. У выніку берагавая тэрыторыя сустракае падвадкі, а ўраган рушыць далей па сушы й хутка губляе сваю моц.

Што тычыцца Флёрыды (і некаторых іншых штатаў), то там ураганы адбываюцца часта праз геаграфічнае становішча й вялікую колькасьць цёплай вады з усіх бакоў.

cybulinka

09 Oct, 12:22


Маркіроўка на антыдэпрэсантах аб рызыцы суіцыдаў павысіла іх колькасьць сярод дзяцей і падлеткаў

У 2003 годзе Управа харчовых прадуктаў і лекаў ЗША (FDA) папярэдзіла пра магчымасць павышэння рызыкі суіцыдальных думак і спробаў у дзяцей і падлеткаў, якія прымаюць антыдэпрэсанты, што прывяло да абавязковай маркіроўкі з перасьцярогай у інструкцыях прэпаратаў. Пазней у групу рызыкі дадалі і людзей да 24 гадоў. Цяпер група дасьледнікаў пад кіраўніцтвам Стывэна Сумэрая з Гарварду зладзіла аналіз дадзеных, каб ацаніць уплыў такіх мер.

Яны выявілі, што пасля ўвядзення маркіроўкі знізіліся ўзроўні дыягностыкі дэпрэсіі і колькасць візітаў да лекараў, што суправаджалася ростам колькасці атручванняў псіхатропнымі прэпаратамі і павелічэннем колькасці смерцяў ад суіцыдаў, якія да гэтага скарачаліся. Пры гэтым смяротнасць ад непраднамерных траўмаў працягвала зніжацца. Аўтары прыйшлі да высновы, што маркіроўка з перасьцярогамі можа абмяжоўваць доступ да медыцынскай дапамогі і ўскладняць прафілактыку самагубстваў, прыносячы больш шкоды, чым карысці.

cybulinka

09 Oct, 11:50


Нобэлеўская прэмія па хіміі 2024 году была прысуджана за выдатныя адкрыцьці ў галіне вывучэньня й прадказаньня структуры бялкоў — ключавых "будаўнічых блёкаў" жыцьця. Дэвід Бэйкер, Дэміс Хасабіс і Джон Джампэр зрабілі прарыў, які значна зьменіць будучыню мэдыцыны, біяінжынэрыі й шматлікіх іншых сфэр.

Першае адкрыцьцё належыць Дэвіду Бэйкеру, які стварыў новыя віды бялкоў з нуля. Гэта вельмі важнае дасягненьне, бо бялкі граюць цэнтральную ролю ў хімічных працэсах у арганізьме. Каманда Бэйкера распрацавала мэтады, якія дазваляюць ствараць штучныя бялкі, якія могуць выкарыстоўвацца ў якасьці лекаў, вакцын, нанаматэрыялаў або ў дыягностыцы хвароб.

Другое значнае адкрыцьцё зрабілі Дэміс Хассабіс і Джон Джампэр з дапамогай сваёй сыстэмы штучнага інтэлекту AlphaFold2. Яны вырашылі праблему, над якой навукоўцы працавалі больш за 50 гадоў: як прадказаць форму бялка, ведаючы яго хімічны склад. У 2020 годзе іх альгарытм навучыўся дакладна вызначаць трохмерную структуру амаль усіх вядомых навуцы бялкоў. Гэта адкрыцьцё дазваляе хутчэй ствараць новыя лекі й фэрмэнты, у тым ліку такія, што здольныя раскладаць плястык.

Такія навуковыя дасягненьні адкрылі новыя магчымасьці для больш глыбокага разуменьня жыцьця й стварэньня бялкоў з унікальнымі ўласьцівасьцямі, што мае патэнцыял кардынальна зьмяніць мэдыцыну, экалёгію й іншыя сфэры.

cybulinka

08 Oct, 13:07


Нобэлеўскую прэмію па фізіцы прысудзілі піянэрам машыннага навучаньня

Сёлетнія ляўрэаты Нобелеўскай прэміі па фізіцы, Джон Гопфілд і Джэфры Гінтан, зрабілі значны ўнёсак у разьвіцьцё мэтадаў, якія ляжаць у аснове сучаснага машыннага навучаньня. Іх дасьледаваньні, якія пачаліся ў 1980-х гадах, былі зьвязаныя з распрацоўкай штучных нэўронных сетак, якія імітуюць працу чалавечага мозгу. Такія сеткі цяпер шырока выкарыстоўваюцца ў галіне штучнага інтэлекту й прымяняюцца для вырашэньня задач, такіх як распазнаваньне аб’ектаў, малюнкаў і патэрнаў. Іх працы заклалі аснову для стварэньня сучасных тэхналёгій, якія сёньня трансфармуюць многія вобласьці навукі й тэхналёгій.

Падрабязнасьці па спасылцы:
https://telegra.ph/Nobeleuskuju-premiju-pa-fizicy-prysudzili-pijaneram-masynnaha-navucannia-10-08

cybulinka

08 Oct, 09:24


Досьледы на мышах паказалі, што мазгі дзеляць прыём ежы на чатыры этапы

Дасьледаваньне мышыных мазгоў выявіла, што нэўроны ў латэральным гіпаталямусе актывуюцца па чарзе падчас яды, ствараючы своеасаблівую «эстафэту», якая складаецца з чатырох фаз (на фота). Менавіта такія фазы дапамагаюць жывёлам рэгуляваць колькасьць спажытай ежы, прадухіляючы пераяданьне або недаяданьне. Гэтае адкрыцьцё можа дапамагчы лепш зразумець мэханізмы разладаў харчовых паводзінаў у людзей і распрацаваць новыя мэтады лячэньня.

Нямецкія навукоўцы дасьледавалі актыўнасьць нэўронаў у латэральным гіпаталямусе — ключавой вобласьці мазгоў, адказнай за прыроджаныя паводзіны, уключаючы кармленьне. Выкарыстоўваючы альгарытмы штучнага інтэлекту й імплянтаваныя электроды, яны выявілі чатыры розныя групы нэўронаў, якія пасьлядоўна актывуюцца падчас яды. Гэтыя групы нэўронаў перадаюць інфармацыю на адных і тых жа частотах, што дапамагае арганізму правільна ацэньваць і рэгуляваць колькасьць зьедзенай ежы.

Навукоўцы мяркуюць, што актыўнасьць гэтых нэўронаў кантралюецца сыгналамі, зьвязанымі зь фізыялягічным станам арганізму, такімі як узровень цукру ў крыві, абʼём страўніка й канцэнтрацыяй гармонаў голаду. Хоць дасьледаваньне ладзілася на мышах, імаверна, што падобныя працэсы адбываюцца й у мазгах чалавека.

cybulinka

08 Oct, 06:12


Сёлетнюю Нобэлеўскую прэмію па фізыялёгіі й мэдыцыне атрымалі Віктар Амброс і Гэры Раўкан за адкрыцьцё й дасьледаваньні мікраРНК — маленькіх малекул РНК, якія граюць ключавую ролю ў рэгуляцыі сынтэзу бялкоў у вузах. Адкрыцьцё дапамагло навукоўцам зразумець, як вузы, што маюць аднолькавую ДНК, могуць ствараць розныя бялкі й выконваць розныя функцыі. Напрыклад, нэрвовыя й цяглічныя вузы маюць зусім розныя задачы, нягледзячы на ідэнтычную генэтычную інфармацыю.

Работа ляўрэятаў выявіла новы мэханізм, які тлумачыць, як мікраРНК могуць зьвязвацца з мРНК (малекуламі, якія перадаюць генэтычныя інструкцыі для сынтэзу бялкоў) і блакаваць або разбураць іх. Гэты працэс зьяўляецца важнай часткай посттранскрыпцыйнай рэгуляцыі генаў, калі вуза кантралюе, якія бялкі будуць сынтэзавацца й калі.

МікраРНК адыгрываюць важную ролю ў эмбрыянальным разьвіцьці, нармальнай працы вузаў і разьвіцьці захворваньняў, такіх як рак. Гэтыя дасьледаваньні адкрылі новы ўзровень разуменьня таго, як рэгулююцца гены пасьля таго, як яны былі скапіяваныя ў мРНК, і як клеткі вырашаюць, якія бялкі ім вырабляць.

cybulinka

07 Oct, 10:47


Уладальнікі электрамабіляў пакінулі большы вугляродны сьлед

Адмыслоўцы зь Фінляндыі зладзілі дасьледаваньне, у якім паказалі, што ўладальнікі электрамабіляў, нягледзячы на набыцьцё экалягічных транспартных сродкаў, усё яшчэ маюць большы вугляродны сьлед у параўнаньні зь сярэднім чалавекам. Для аналізу выкарысталі дадзеныя апытаньняў, сабраныя для праекту CLIMATE NUDGE у 2022 годзе.

Аказалася, што ўладальнікі электрамабіляў звычайна маюць высокі ўзровень даходу й адукацыі, а таксама праяжджаюць больш кілямэтраў на год. Адзначаецца, што заможныя людзі звычайна больш падарожнічаюць, спажываюць больш рэсурсаў, такіх як электрычнасьць, тавары й паслугі, вытворчасьць якіх зьвязана з выкідамі парніковых газаў, што разам павялічвае агульны вугляродны сьлед.

Такім чынам, хаця купля й выкарыстаньне электрамабіля зьніжае выкіды ў транспартным сэктары, яна не кампенсуе павелічэньне агульнага вугляроднага сьледу, якое зьвязана з больш высокім узроўнем спажываньня сярод забясьпечаных людзей.

cybulinka

06 Oct, 12:59


Людзям прасьцей прадказаць мінулае, чымся будучыню

Аўтары апублікаванага на гэтым тыдні дасьледаваньня паказалі, што людзям прасьцей здагадацца аб падзеях, якія адбыліся да ўбачанай сцэны, чым прадказаць тое, што здарыцца пасьля. У межах дасьледаваньня людзі глядзелі сцэны з двух тэлесэрыялаў і спрабавалі або аднавіць папярэднія падзеі, або прадказаць будучыя. Высьветлілася, што мінулае адгадвалася значна лепш.

Дасьледчыкі тлумачаць гэта тым, што пэрсанажы часьцей размаўляюць пра сваё мінулае, чым пра будучыню. Аналіз дыялогаў у кнігах, фільмах і сэрыялах таксама пацьвердзіў гэтую заканамернасьць: людзі, як рэальныя, так і выдуманыя, больш абмяркоўваюць мінулыя падзеі. Гэты фэномэн называюць "псыхалягічнай стралой часу", якая адлюстроўвае асымэтрыю чалавечых ведаў аб мінулым і будучыні.

Вынікі падкрэсьліваюць важнасьць памяці ў нашым успрыманьні рэальнасьці і дэмаструюць, што нашая схільнасьць да абмеркаваньня мінулага мае важнае значэньне як для рэальнага жыцьця, так і для аповеду ў выдуманых гісторыях.

cybulinka

06 Oct, 12:38


Навукоўцы стварылі поўную карту мазгоў пладовай мушкі

Дасьледнікі стварылі поўную мапу нэўронных сувязяў, або канэктом, мазґоў плодавай мушкі Drosophila melanogaster, аднаго з самых распаўсюджаных мадэльных арґанізмаў у навуцы. Гэта толькі другая падобная мапа для дарослага арґанізму (першым быў чарвяк Caenorhabditis elegans). На новай мапе адлюстравалі 54,5 мільёна сынапсаў (!), якія злучаюць 140 000 нэўронаў, што былі клясыфікаваныя ў больш чым 8400 тыпаў, многія зь якіх выявілі ўпершыню.

Работу выканалі амэрыканскія й эўрапейскія вучоныя з кансорцыюма FlyWire, якія выкарыстоўвалі машыннае навучаньне для аналізу выяваў мазґоў мушкі, атрыманых з дапамогай электроннага мікраскопу. Затым яны прыцягнулі калеґ і валянтэраў для выпраўленьня памылак, каб стварыць дакладную мадэль. У серыі зь дзевяці артыкулаў, апублікаваных у часопісе Nature, дасьледнікі зьвязваюць розныя мазґавыя ланцугі, выяўленыя ў конектоме, з функцыямі плодавай мушкі, такімі як зрок, рух, навіґацыя й успрыманьне смаку.