sacral_BY @belarus_sacral Channel on Telegram

sacral_BY

@belarus_sacral


Lo-fi, турызм, эскапізм.

Сувязь: @sacralpost_bot
Гутаркі: @sacral_chat
Падтрымаць канал голасам:
t.me/belarus_sacral?boost

sacral_BY (Belarusian)

sacral_BY - Гэта канал, дзе вы зможаце знайсці усю інфармацыю аб сакральных месцах у Беларусі. Тут вы зможаце адчуць магію гісторыі і культуры нашай краіны. Вы пазнаёміцеся з месцамі, дзе трапілі важлівыя гістарычныя падзеі, а таксама з духоўнымі асобы і легендамі, якія прынёсла ў сябе векавая гісторыя. На канале sacral_BY вы зможаце адпачыць ад шматлюдных гарадскіх куткаў і занурце ў атмасферу цішыні і блізкасці да першапачатковай прыроды. Падпісвайцеся на канал і кожны дзень атрымлівайце новыя цікавыя факты і гісторыі аб сакральных месцах у Беларусі. Далучайцеся да нашай грамады і адкрывайце новыя горызонты культурнага і духоўнага развіцця краіны.

sacral_BY

17 Feb, 06:39


Добрага ранку, спадарства!
Сёння мала што міжнародны дзень праявы спантанай дабрыні, дык яшчэ час падзяліцца з вамі не спантанай, а старанна зробленай падборкай беларускіх каналаў для задавальнення розных густаў.
Не праходзьце міма. Заходзьце, вывучайце, далучайцеся!

🐴 Палявая пошта — Беларусь на старых паштоўках і фотаздымках.

🏠Кавалачак жыцця— тут падкажуць, што паглядзець увечары. Рэцэнзіі на навінкі кіно і серыялаў на роднай мове.

🦋cybulinka — самыя важныя навіны і гісторыі з розных сфераў навукі.

📚 BelKantent — можна пачытаць свежыя навіны пра кампутарныя камплектуючыя, тэхналогіі, і сучасныя гульні.

💕Prošča | Прошча — канал прысьвечаны сьвятым мейсцам Балцкага расьсяленьня, а таксама крыўска-літоўскай міталёгіі й традыцы.

sacral_BY

14 Feb, 06:23


#станькава #sacral_orthodox
На супрацьлеглым беразе сажалкі ракі Рапуса стаіць Свята-Мікалаеўская царква псеўдарускага стылю. Пабудавана яна ў 1858 годзе на грошы Эмерыка Гутэн-Чапскага. Хаця граф і вызнаваў каталіцтва, будаўніцтва праваслаўнай царквы, упісанай у ансамбаль уласнага маёнтку, стала праявай лаяльнасці да імперскіх уладаў. За гэтае будаўніцтва нават атрымаў ад Аляксандра ІІ ўзнагароду. Верагодна, ордэн Святога Станіслава 3-й ступені, што заснаваў яшчэ Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.
Як сведчаць пісьмовыя крыніцы з XVIII стагоддзя, раней на гэтым месцы стаяла спачатку драўляная царква, пабудаваная Радзівіламі да канца XVI ст. А пасля пажару ўжо ўніяцкая царква Пятра і Паўла.
Да 1835 года вакол царквы дзейнічалі могілкі, але загад Мікалая І "аб захадах да спынення злоўжыванняў пры пахаваннях памерлых" прымусіў закрыць могілкі і перанесці іх за "горад". Меркавалася, што гэта дапаможа прадухіліць эпідэміі халеры.
Існуе легенда, згодна з якой ад царквы да палаца быў прарыты падземны ход. І ўвогуле, пэўная сетка падземных камунікацый засталася яшчэ з часоў Радзівілаў.
ХХ стагоддзе было цяжкім для храма. Як і для шматлікіх іншых падобных устаноў пасля прыходу бальшавікоў. Храм зачынялі, рабавалі, ператваралі ў зернясховішча, але галоўныя разбурэнні храм атрымаў у 1961-м. Будынак разбуралі выбухоўкай, каб выкарыстаць цэглу для рамонту плаціны, што ўвесну прарвала на рацэ.
Згодна іншым легендам, спатрэбілася 3 выбухі, каб купал храма пачаў развальвацца. І дапамога вайсковых цягачоў, каб разбурыць сцены, але і ў тых зламаліся рухавікі. А яшчэ ў 30-я, калі звальвалі крыж з купала, ім задушыла некалькіх супрацоўнікаў НКУС. Вось яны, патаемныя духоўныя сілы чалавечай бязладнасці.
Адбудавалі храм зусім нядаўна. Яшчэ ў пачатку 00-х можна было бачыць непатрэбныя руіны. Што было б цікава, але даўно справа была, не паспеў, таму сёння так.

sacral_BY

27 Jan, 06:31


#горадня #sacral_catholic
Вяртаючыся да гісторыі пра цела святога Клімента з папярэдняга допісу, можна заўважыць часовы скачок ад XVIII стагоддзя, калі мошчы прывезлі ў Горадню і размясцілі ў касцёле брыгітак, да 2008 года, калі гэтае цела зноў жа вяртаецца ў родны касцёл. А што там здарылася? Ваяр Хрыста некуды выходзіў?

А справа ўжо і не такая даўняя. У 1950-м годзе савецкія ўлады закрылі Дабравешчанскі касцёл. А сёстры-назарэтанкі перавезлі мошчы Кліменція ў іншае месца.
Так мы падышлі да касцёла Адшукання Святога Крыжа былога кляштара ордэна бернардзінаў. Зараз гэта самы стары каталіцкі храм у горадзе. І менавіта тут пэўны час хаваўся святы нябожчык.

Нарэшце атрымалася трапіць унутр. Раней ужо публікаваў здымкі, але там разглядаць інтэр’еры давялося толькі праз краты агароджы ў прытворы. Між службамі, цягам дня, яны звычайна зачыненыя. Так было і гэтым разам, але раптоўна з’явілася жанчына і зрабіла падарунак, пстрыкнуўшы ключом. Атрымайце зараз асалоду і вы.

sacral_BY

23 Jan, 06:41


#горадня #sacral_catholic
Калядным цудам можна лічыць выпадковую магчымасць трапіць унутр касцёла Дабравешчання Дзевы Марыі брыгіцкага кляштара. Наўпрост чарговы раз праходзіш міма і бачыш адчыненыя дзьверы. Вось так падарунак!
Усё ж будынак XVII стагоддзя, сур'ёзная заявачка на старажытнасць. Яшчэ і барока, што вылучаецца мудрагелістым пафасам. І нягледзячы на страты і разбурэнні ХХ ст., у касцёле праведзена пэўная рэстаўрацыя і ёсць на што падзівіцца.
І тут самым цікавым і незвычайным можна назваць мошчы загадкавага святога Клімента. Бачыце яго чэрап на здымках?
Загадкавы ён таму што нешматлікія артыкулы распавядаюць пра яго праз гарадзенскі наратыў. Сціплыя паведамляецца, што святы быў рымскім жаўнерам, загінуў пакутніцкай смерцю ў пачатку IV ст. пад час ганенняў хрысціян імператара Дыяклетыяна. І ніякіх даведак на рэлегійных рэсурсах. Даўно справа была, крыніцаў мо і не захавалася.
А як жа святы трапіў у горад і стаў яго чарговым заступнікам?
XVIII ст. было складаным для Рэчы Паспалітай. Дзяржава аганізавала ад унутраных разборак і знешніх умяшанняў. Маршалак Гарадзенскай канфедэрацыі Караль Храптовіч пакінуў радзіму, хаваючыся ад пераследу. У 1767 годзе ён трапіў у Рым і сустрэўся з самім папам Кліментам ХІІІ. І той перадаў рэшткі свайго цёзкі Каралю Храптовічу. Верагодна меркаваў, што рэліквія палегчыць агонію Рэчы Паспалітай (асабліва для яе каталіцкай часткі).
Дапамагло? Цяжка сказаць, але святы даехаў у Горадню толькі ў 1781 годзе (Караль Х. пасля доўгіх тулянняў па Еўропе і змаганняў атрымаў пасаду надворнага харунжага літоўскага), што суправаджалася агульнымі ўрачыстасцямі, якія праходзілі цягам трох дзён.
Дарэчы, у наш час цела св. Клімента вярнулася з вымушанага пераезду ў касцёл у 2008 годзе. Але пра гэта пазней. Працяг будзе.

sacral_BY

21 Jan, 06:33


#горадня #sacral_urban
Напэўна, шмат хто з вас бачыў ці чуў пра гэты легендарны гарадзенскі драўляны будынак. Я вось зараз першы раз не толькі падыйшоў да яго даволі блізка, але і трапіў унутр. Сустрэў на тэрыторыі ветлівага вартаўніка, які патлумачыў, што зараз унутры музей рэтра-побыту. І паслаў. Унутр. Тыпу, дзверы адчыненыя, квіткі не прадаем, ідзі глядзі.
Вось гэта давер, вось гэта гасціннасць! Раскоша, ведаеце, сузіраць экспанаты без сумна-падазронага нагляду супрацоўнікаў. Яшчэ і ў шыкоўным узоры старажытнай драўлянай архітэктуры. Так, калі ня ведалі ці забылі, то ўзгадаю: гэта лямус (гаспадарчая пабудова) жаночага кляштара ордэна брыгітак. Раней лічылася, што яго пабудавалі ў вельмі далёкія 1630-я гады. Але зараз даследчыкі мяркуюць, што верагодна між 1753 і 1780 гг. Што, пагадзіцеся, таксама ўражвае. Яшчэ і без выкарыстання цвікоў.
Скончыўшы агляд, атрымаў ад вартаўніка прапанову набыць сувеніры. Драўляныя, як той лямус. Нічога не захацеў, але ж запатрабаваў скрыню для ахвяраванняў. Справа вартая, каштоўны аб’ект, а яшчэ ў іх там цэлы жылы корпус рамонту патрабуе.

sacral_BY

16 Jan, 06:21


#горадня #sacral_graveyard #sacral_catholic
Працяг шпацыру па каталіцкіх могілках Горадні.
Фарныя могілкі былі заснаваныя ў 1792 годзе ў выніку планаў гарадскога ўладкавання. Меркавалася, што з гэтага часу некропалі выносіліся за мяжу горада, а не раслі вакол храмаў, як гэта было раней. У большасці, пахаванні былі без крыжоў ды помнікаў. Але кажуць, што можна адшукаць і некалькі ранніх надмагілляў 1799-1801 гг.

У альбоме можна пабачыць шмат здымкаў. З допісаў і тых, што не патрапілі.

sacral_BY

14 Jan, 06:17


#горадня #sacral_graveyard #sacral_catholic
Добрага ранку, спадарства! Запрашаю заглянуць на фарныя могілкі Горадні. Сёння паназіраем за пэўнымі дэталькамі. Ад прыватнага да агульнага, так бы мовіць. Іх можна знайсці шмат і кожны візіт пакажа нешта новае.

sacral_BY

12 Jan, 06:44


#горадня #sacral_graveyard #sacral_orthodox
Некалі, шмат гадоў назад, візіт на гарадзенскія некропалі паказаў, што праваслаўныя могілкі могуць быць цікавымі і прыгожымі. Але гэта не дакладна, можа і ня той. Але старыя праваслаўныя могілкі ў Горадне дакладна пацвярджаюць гэтую тэзу.
Час ад часу надыходзіць пара наведаць мясціны настальгічных успамінаў і невычарпальных крыніц натхнення.
Таму сёння чарговы альбом з мноствам здымкаў пахаванняў, якім даўно больш за 100 гадоў.

sacral_BY

09 Jan, 06:33


Так склалася, што другі раз запар пачынаю год з візіту ў Горадню. Магчыма, шмат хто зразумее такі ход, бо дзе-дзе, а тут святочны настрой гарантавана знойдзецца.
Год назад шураваў з запланаванай праграмай і кантэнт-плянам. Гэтым разам у прыярытэце былі геданізм, спакой, прымірэнне, гармонія ад зліцця з бясконца вечным... (візіт да могілак, дарэчы, уваходзіць у вышэй згаданае). Але не абышлося без Калядных цудаў і амаль выпадкова атрымалася трапіць у прыгожыя мясцінкі ды, канешне, усё паздымаць.
А пакуль здымкі чакаюць разбору, вось замалёўкі з гарадзенскіх вуліц.

sacral_BY

04 Jan, 06:39


#sacral_data #sacral_museum #менск
4 студзеня 1996 года быў заснаваны музей-майстэрня беларускага скульптара Заіра Азгура.
Візіт у гэтае месца можа падараваць вам незвычайны досвед і магчымасць апынуцца ў даволі стракатай бронзава-гіпсавай кампаніі знаёмых і не зусім персанажаў.

Ці вы ўжо скарысталіся такой магчымасцю? Калі так, то як вам?

sacral_BY

02 Jan, 12:54


Вітаю шаноўных чытачоў у новым годзе! Дасылаю віншаванні з вайбам лямпавых гамялёўскіх кантрастаў. Кантэнт па горадзе не збіраў. Шпацырыў з рукамі ў кішэнях, еў, піў і займаўся іншым геданізмам. Тым больш допісаў адсюль было ня мала, большасць цікавых мясцінаў прачэкана. Агулам, усё больш пранікаюся яго вуліцамі з дарэвалюцыйнымі камяніцамі ды там-сям выплываючай драўлянай забудовай.

Хваліцеся і вы, як сустрэлі, што цікавага бачылі? Як адчуванні і якія спадзяванні ад пачатку другой чвэрці ХХІ стагоддзя?

sacral_BY

24 Dec, 10:13


Перажылі зімовае сонцастаянне, засталося перажыць зімовыя святы.
Таму традыцыйна даю справаздачу наведаных мясцін цягам году.
Пасля падліку заўважыў, што не самы прадуктыўны па колькасці год (33 населеных пункта) , але адчування змарнаванага часу неяк няма. Магчыма, паспрыяў выезд за мяжу ды рэгулярныя заняткі ў новай для мяне секце спеліёлагаў, што пачаліся некалькі месяцаў назад (дарэчы, паспяхова здаў паўгадавыя іспыты😎).
Як заўжды, шмат планаў засталіся планамі і адпраўляюцца чакаць сваёй рэалізацыі ў наступны год.
У роздумах, куды выправіцца ў адпачынак за мяжу ў прыгожыя мясціны, але ж вельмі не жадаецца марудзіцца з візамі і вось усім гэтым. З мінулым годам развітваўся з меншым аптымізмам, сёлета адчуванні быццам прыемней.

Карацей, з надыходзячымі! Глядзіце там акуратна☝️і да сустрэчы ў новым годзе!
А вось хроніка гэтага года па мясцінах:
https://teletype.in/@sacral_by/MsDNViaMWWj

sacral_BY

20 Dec, 06:39


#стамбул #sacral_islam
Нягледзячы на пазамінулагадовыя здымкі і далечыню лакацыі, допіс быццам пра вынікі году і ўвогуле вельмі такі асабісты. Ужо хутка падсумую гэты турыстычны сезон, а пакуль вось падумалася, што гэты год быў антырэкордны па чытанні. Памятаю, што дакладна скончыў адну толькі кнігу😱 з тых, што браўся чытаць у адпачынках ад Бібліі.
“А пры чым тут стамбульскі мячэт на здымках?” - спытаеце вы. Справа ў тым, што пашчасціла ў галоўным мячэці Стамбула знайсці незвычайны сувенір - Каран на беларускай мове. Вядома, што такі артэфакт варты таго, каб з ім азнаёміцца. Але вось вырашыў, што трэба быць паслядоўным і пачынаць вывучэнне аўрамічнага багаслоўя з базы. Таму дагэтуль тапчуся ў Старым Запавеце. Спецыфічнае чытанне, часам цяжка ідзе, але я абяцаю скончыць!
Страшна ўявіць, колькі пойдзе часу на Каран. А ў вас як справы з кнігамі ў гэтым годзе?
А мячэт, дарэчы, пабудаваны ў пачатку XVII стагоддзя. Завецца “блакітным” ці Султанахмет, у гонар султана Ахмеда, як ня дзіўна.
І з пятніцай, спадарства!

sacral_BY

13 Dec, 06:37


#сэрвач #гара_цэгла #sacral_catholic
Вось былі некалі гарады тыпу Вавілона, Акада, Троі. І нягледзячы на тое, што яны недзе далёка і засталіся ад іх толькі горы камянёў, неяк не вызывае сумневаў, што тысячагоддзі назад гэта былі цэнтры свету, у якіх вызначаўся лёс чалавечай цывілізацыі.
Ці вось ёсць у нас аграгарадок Друцк. Зараз там жыве дзве сотні чалавек. Цяжка, але можна ўявіць, што да XVI стагоддзя быў цэнтрам удзельнага княства з замкам і шматлікімі храмамі (па версіі германскага дыпламата Ёгана Георга Корба, каля 200😮). Тая ж гісторыя з Туравам: у Х стагоддзі, лічы, сталіца дзяржавы дрыгавічоў, а зараз і 3 тысячаў насельніцтва не набярэцца.
Але вось бывае стаіш пасярод зарослага поля і ніколі не прыйдзе думка, што трохі больш за 100 гадоў назад тут яшчэ віравала гаспадарчае жыццё. Такіх паўлегендарных мясцін адшукаць шмат можна, але сёння мы апынуліся ў Карэліцкім раёне, між вёскамі Любанічы, Сэрвач ды Кайшоўка. Яшчэ ў пачатку ХХ ст. тут знаходзіўся маёнтак роду Несялоўскіх з палацам, броварам, стайнямі, флігелямі, садамі ды іншымі атрыбутамі паспяховага землеўладальніка. Зараз знішчана ўсё. Акрамя...
На ўзгорку, дзе раней была ўскраіна парку, прабраўшыся праз зараснікі, сустракаем руіны сямейнай пахавальні. Неагатычную капліцу пабудавалі ў 1851 годзе пры графіні Ганне Несялоўскай. Яна перапахавала тут сваякоў, якія спачывалі ў касцёле ў Варончы. Бачыце на старым здымку ёсць пахавальная пліта з нямецкім надпісам "Рэйзенкампф"? Гэта прозвішча наступных гаспадароў сядзібы, русіфікаваных немцаў з іншай галіны роду Несялоўскіх.
Усё, нязграбны канец допіса з драматычным пафасным пралогам. А гіперспасылкі гляньце, там цікавыя гісторыі з гэтых мясцінаў.

sacral_BY

11 Dec, 06:39


#sacral_data
Сёння зноў успамінаем прадстаўніка цудоўнага мастацкага накірунку - фатаграфіі. Успамінаем не з нагоды скону, а ў гонар народзінаў. 11 снежня 1852 года ў сям'і не апошняга некалі ў ВКЛ шляхецкага рода Тышкевічаў нарадзіўся хлопчык, ці то Бенедыкт, ці то Генрык, а можа і ўсё разам (жарты за 300).
Найбольш вядомы ён праз свае захапленні фотамастацтвам. У прыватнасці, вядома нямала сюжэтаў, якія зроблены ў сядзібе Г.Б. "Вялае", што недалёка ад Івянца, недзе ў канцы ХІХ ст.
Але дэбют сабжа, як фатографа, адбыўся ў 1876 годзе на выставе ў далёкай Філадэльфіі. Туды ён трапіў, дарэчы, на ўласнай яхце "Жамойць".
Як бачыце, Тышкевіч быў яшчэ і апантаным вандроўнікам. Узнагарода, якую атрымаў Б.Г. у ЗША, была за здымкі з Алжыру.

Некалі вырашыў зрабіць кампіляцыю ўсёй творчасці Бенедыкта Генрыка Тышкевіча, сабраўшы ў альбом усе ягоныя здымкі, што атрымаецца знайсці. Там, напрыклад, ёсць некалькі кадраў з вандроўкі па Афрыцы, куды ён выправіўся ў пачатку ХХ ст. Шмат здымкаў з Вялага: партрэтаў сялян, побытавых і студыйных сюжэтаў, здымкаў сям'і. Але на жаль, няма таго самага Алжыру.
Таму, спадарства, азнаёмцеся з альбомам і ацаніце ці той выпадак, калі "мастак не галодны" пайшло на карысць творчасці?
https://telegra.ph/Fotaalbom-Benedykta-Genryka-Tyshkev%D1%96cha-12-21

Магчыма, у вас будуць заўвагі па подпісах здымкаў і, хто ведае, можа дасце спасылачку на нейкія малавядомыя здымкі. Было б вельмі файна пабачыць нешта новае і падзяліцца з іншымі.

sacral_BY

04 Dec, 10:26


#sacral_data
4 снежня 1957 года памёр Леў Дашкевіч. Чалавек, што стаіць у шэрагу тых дзеячоў, што падаравалі нам выяўленчыя крыніцы жыцця на нашых абшарах стогадовай даўніны - фатограф.
У 1923 годзе ён удзельнічаў у этнаграфічнай экспедыцыі, вынікі якой павінны былі прэзентаваць Беларусь на Усесаюзнай сельскагаспадарчай і кустарна-прамысловай выставе ў Маскве, а пасля сталі асновай этнаграфічнай экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея. Гэтай падзеі, дарэчы, прысвечана зусім свежая кніга С. Грунтова, якую пашчасціла пагартаць і якая натхніла на пэўныя "даследванні".

Пацешна, што пасля візіту ў Баку, спрабаваў знайсці беларускі след у гэтым горадзе з выкарыстаннем штучнага інтэлекту. Той, канешне, выдаваў літаральна дзясяткі прыдуманых прозвішчаў, а мог бы згадаць Льва Дашкевіча. Не факт, што ён правёў шмат часу непасрэдна ў сталіцы Азербайджана, але жыў і выкладаў у Гянджы (былы Елізаветпаль), ездзіў па рэгіёне з Камісіяй па апісанні мясцовасцей і плямёнаў Каўказа. Быў эксперт-фатографам раследавання наступстваў межэтнічных сутычак 1918 года ў Бакінскай губерні, пра што можна знайсці інфу на азербайджанскіх сайтах (загляніце ў каментары). Быў у Арменіі ды Грузіі. Агулам, акрамя Беларусі, ёсць што пашукаць з яго замежнай творчасці.

Пахаваны ў Менску на Кальварыйскіх могілках. Хто сустракаў яго магілу? Сам вось неяк не пабачыў.

sacral_BY

03 Dec, 06:22


#магілёў #sacral_graveyard #sacral_orthodox
Так склалася, што праваслаўныя могілкі, хоць і ў стане паказаць сур'ёзныя манументальныя формы, рэдка песцяць валацугаў, накшталт мяне, прыгожымі статуямі. Бываюць выключэнні, у Горадні, напрыклад. Але Машэкаўскія могілкі ў Магілёве гэтым пахваліцца ня...
Хвіліначку, што тут? Парачка каменных Ісусаў? Вельмі сімпатычна! Вельмі нечакана.
На чым я спыніўся? Машэкаўскія могілкі ня могуць... АМАЛЬ пахваліцца статуямі, тут не захаваліся капліцы. Тым ня менш, атмасфера там чароўная. Шпацыр па іх пакінуў больш пачуццяў, чым на папярэдніх каталіцкіх могілках. А ці не гэта галоўнае ў такога роду падарожжах? З гэтым квэстам самотнага пошуку ідэальна гладкіх глыбаў чорнага граніту сярод дрэваў, жоўтай лістоты ды шчыльных несамавітых пахаванняў.

Спонсар цудоўнага магілёўскага настрою - залатавосеньскі антураж. Але ж памятайце, якое надвор'е было апошнімі днямі? Як пашчасціла людзям, што наведвалі старыя некропалі ў гэтую змрочную імглістую пару. Назіраў тут пэўны кантэнт у інстаграмах і зайздрасць брала🤤

А больш здымкаў глядзіце ў альбоме.

sacral_BY

30 Nov, 06:19


#менск #sacral_brovar
Безліч разоў выскокваў з траліка на прыпынку “Лясная” на праспекце Маякоўскага, цёгаючыся па справах у сталіцы. Але ніколі не бачыў і ня ведаў пра існаванне прышпільнага ўзору прамысловай архітэктуры амаль пад самым носам. Яно і ня дзіўна, комплекс будынкаў схаваўся ў нізіне на беразе Свіслачы, зараз там нейкія аўтасервісы з шынамантажамі.
А вось у 1903 годзе тут адкрыўся дражжова-вінакурны завод Яўстахія Любанскага - шляхціча, землеўладальніка і палітычнага дзеяча, якому тады належыла сядзіба ў Лошыцы. Яшчэ напярэдадні Першай сусветнай вайны завод закрыўся, а пасля маёмасць нацыяналізавалі бальшавікі. А да аўтасервісаў тут месціліся карпусы Даследчага электраматорнага завода.
Цікава, што былы завод месціцца ў гістарычным раёне Серабранскія Млыны, але да сучаснага раёну Серабранка дачыненне не мае.
Раней бы я аднёс гэтыя будынкі пачатку ХХ ст. да архітэктуры мадэрна. Тым больш, што розныя крыніцы з сеціва часам любяць уводзіць у зман (а куды ж цябе аднесці, калі ты ўжо не даўні звыклы класіцызм, але яшчэ зусім не авангардны канструктывізм?). Але верагодна, будзе больш дакладна назваць гэта цагляным стылем (сустракаў выраз “прамысловая готыка”) - накірунак эклектычнага дойлідства, які спачатку быў уласцівы вытворчым будынкам, кашарам ці складам, а потым распаўсюдзіўся на грамадскую сферу. Старая шэраговая забудова беларускіх мястэчкаў, напрыклад.
А вы чулі пра цагляны стыль?

sacral_BY

28 Nov, 06:23


#магілёў #sacral_catholic
Калі вам давялося наведваць Магілёў, ці заходзілі вы ў касцёл святога Станіслава? Калі не, то вам пашчасціла, бо ёсць шанец атрымаць шмат эстэтычнай асалоды ад патэнцыйнага візіту. Вось вам, так бы мовіць, трэйлер ды тызер.
Але ня гледзячы на ўсю прыгажосць, ёсць пэўная праблема, якую падаравалі нам рэстаўратары. У 90-х гадах было прынята рашэнне вярнуць сценам арыгінальны барочны выгляд XVIII ст. Праз што былі знішчаны без фіксацыі і даследвання як пазнейшыя фрэскі ХІХ ст. так і пашкоджанымі аказаліся найстаражытнейшыя слаі. Таму зараз на сценах шмат выяваў наўпрост перамалявалі нанова.
Гучыць сумна, але выглядае ўражліва.
Яшчэ за савецкім часам касцёл страціў унікальны арган з керамічнымі трубамі, створаны ў 1912 годзе. Затое ў 2018-м сюды з нідэрланскага Эйндховена прывезлі і ўсталявалі арган 1928 года вырабу.

sacral_BY

02 Nov, 06:26


#магілёў #sacral_jews #sacral_graveyard
Калі ўжо субота, то традыцыйны Шабат Шалом! Падзялюся сваёю радасцю. Вось толькі-толькі наведаў Магілёў, каб абнавіць раней убачаны кантэнт. Але да габрэйскіх могілак дабраўся ўпершыню. І вельмі задаволены візітам.
Могілкі вядомыя з 1809 года. Ёсць даволі выразны шэраг старых пахаванняў канца ХІХ-пачатку ХХ стагоддзяў. Менавіта гэтая частка была агледжана і сёння паўстала у допісе. Цягам ХХ ст. могілкі неаднаразова цярпелі разбурэнні, частка забудавана хатамі ды гаражамі. Але адносна нядаўна тут праведзена добраўпарадкаванне і ўлік усіх дамавінаў (ёсць стэнд з qr-кодам, што вядзе на алічбаваны каталог). З 2003 года могілкі закрылі для новых пахаванняў, а ў 2018 годзе яны атрымалі статус гісторыка-мемарыяльнага месца.
З уласных адкрыццяў: раней ня сустракаў варыянты танюткіх каменных плітаў, што мацуюцца да металічнай агароджы. Тут вось прадстаўленыя ў асартыменце.
На пэўных помніках можна заўважыць пазнакі майстроў, што іх выраблялі. Напрыклад, з Вільні.

А больш здымкаў можна пабачыць у альбоме. А лепш уласнымі вачыма, бо пабачыць ёсць што.

sacral_BY

31 Oct, 05:58


#баку #sacral_museum
Добрай раніцы вам жадаюць адкапаныя старажытныя артэфакты цюркскага свету, што зараз прыгожа адпачываюць у бакінскім археалагічным музеі.
Там, дарэчы, і будынак нічо сабе такі. Але я забыў яго зняць... Нічога. І без яго яшчэ прыгожае будзе.

sacral_BY

24 Oct, 06:27


#гара_цэгла #sacral_fortificatio
Апошні допіс з выезду. Непасрэдна пра лакацыю.
Пачну здалёк.
Бастыённыя замкі на тэрыторыі Беларусі пачынаюць з’яўляцца з XVI ст. Ня мала з іх можна назіраць і сёння. Але толькі з вышыні ці ў гугл-мапах. Напрыклад, у Высокім, Заслаўі ды нават Міры. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, у складзе Расійскай імперыі адбылося дзьве вялікія дзярж-будоўлі па стварэнні фартыфікацый: у Бабруйску ды Берасці. Гэта першая палова ХІХ ст.
Тады для будаўніцтва ўлады знішчылі гістарычныя цэнтры гэтых гарадоў.
Такі ж лёс мог наспаткаць і Горадню. Але ж дзякуй усім багам і сусвету, што пакуль у іхных уладных кулуарах марудзіліся, падобныя фартэцыі састарэлі і сэнсу будаваць, як у Берасці, ужо не было. І вось зараз мы падыходзім да нашага аб’екта.
У канцы ХІХ-пачатку ХХ ст. у абарончым трэндзе былі крэпасці фартовыя - шэраг (а лепш не адзін) бетонных фартоў вакол гарадоў. Калі спрасціць розныя этапы, тое, што стала Гарадзенскай крэпасцю, пачалі будаваць у 1912 годзе. Яна павінна была складацца з 13 фартоў і некалькіх дзясяткаў апорных пунктаў. Калі пачалася Першая сусветная вайна і расейскія часткі былі вымушаны адступаць у 1915-м, ні адзін з фартоў ня быў дабудаваны. А большасць з іх яшчэ і ўзарвалі пры адыходзе.
Вось перад намі форт №8. Сярод іншых ён настолькі ўдала выбухнуў, што ўтварыў будучы шыкоўны палігон для падрыхтоўкі спелеёлагаў.
Дзякуй сапёрам, чо😌

sacral_BY

23 Oct, 06:19


Як жа я трапіў у сутарэнні?
У краіне існуе адзіны спелеялагічны клуб - Гелектыт у Менску. Так склалася, што сярод знаёмых знайшліся пачынаючыя і ня вельмі спелеёлагі. І даволі нечакана атрымаў прапанову выправіцца з імі на вучэбны выезд для пачаткоўцаў. Гучыць цікава, але ў той момант былі і сумневы. Ці патрэбна яно мне? Складаныя зборы, шмат незнаёмых людзей, аб’ект падобны я ўжо бачыў…
Успамінаючы, разумею, што адмаўляцца было б памылкай. Бо ўражанняў і досведу засталося шмат.
Па-першае, наколькі сур’ёзны падыход. Гэтыя людзі ладзяць сапраўдныя экспедыцыі ў складаныя пячоры і даследуюць яшчэ невядомае. У пячорах шмат смяротна небяспечных фактараў. І каб мінімізаваць рызыкі, падрыхтоўка павінна быць адпаведнай. І адносіны да справы. У клуба ёсць базавы двухгадовы курс навучання, які кожны можа паспрабаваць засвоіць у тэорыі ды на практыцы.
Па-другое, рады і ўдзячны камандзе, што далі магчымасць паспрабаваць тое, чаму новыя сябры арганізацыі вучыліся больш за месяц. І ведаеце, ня блага атрымалася для першага разу. Нават не апошняе месца ў спаборніцтвах заняў. Гэта вельмі цікавыя выпрабаванні.
Па-трэцяе, уразіла месца правядзення. Ня думаў, што ў Беларусі можна знайсці такі палігон, што так добра імітуе знаходжанне ў пячоры. Паўзці па сутарэннях даволі прышпільна. Але разумею, што гэта вельмі спрошчаны варыянт магчымых лакацый. Нават ня ведаю, ці не здарылася б у мяне паніка, калі апынуўся ў позе супермэна ў маленькім пралазе далёкім ад сонечнага святла. Але жадаю па магчымасці наведаць заняткі ў клубе. І хто ведае, куды гэта прывядзе?
Працяг будзе пра лакацыю. Месца з гісторыяй. Мо нехта і здагадаўся, што гэта?

sacral_BY

22 Oct, 06:13


З сапраўднымі пячорамі ў Беларусі бяда. Яны ёсць (ці яна), але асаблівымі памерамі не вылучаюцца. Быць беларускім спелеёлагам сумна (як і альпіністам, напрыклад). Але не ўсё так дрэнна, спелеёлагі ў краіне ёсць (як і альпіністы)! Але прафесійнай дзейнасцю займацца даводзіцца за мяжою. А вось патрэніравацца і паспрабаваць можна і дома.
Адчуйце андэграўндную атмасферу існавання крота-мэнаў і падзівіцеся капежнымі наплывамі вядомымі як сталактыты і сталагміты. А потым я распавяду, куды ды як гэта мяне занесла?
[майстар інтрыгі выйшаў на шлях вайны]
#waldmachtfrei?

sacral_BY

18 Oct, 06:26


#смаргонь #sacral_graveyard
Калі вам падасца, што адзін храм (хоць і даволі стары) не тое, каб шыкоўная нагода змарнаваць дзень вандруючы на мяжу ўсходнеславянскага свету, то вось бонус: старыя і змяшаныя могілкі з разнастайным кантэнтам.
Згодны, ня ўсе ацэняць такую прапанову. Усё яшчэ не так апетытна. Але ж Смаргонь утварае добры тандэм з Ашмянамі ў сэнсе зручнасці лагістыкі (напрыклад, менавіта тут ёсць чыгунка).

Больш здымкаў можна паглядзець у альбоме. Уласцівы для альбомаў сервіс "тэлегра.ф" забараніў дадаваць
выявы з прылады, таму зараз раблю ў "тэлетайпе".

sacral_BY

16 Oct, 06:21


#смаргонь #sacral_catholic
Ведаеце, у Смаргоні ёсць такі флёр нейкага сапраўды старажытнага мястэчка. Чуеш назву - ну тут летапісная Літва. Бачыш герб - як шляхетна! У пэўным сэнсе так і ёсць. Упершыню згадваецца ў пачатку XVI ст. Вось толькі шкада, што ў нашыя часы горад можа пахваліцца ледзь не адзіным старым помнікам. Але ж якім? Лічы, амаль сведкам сваіх летапісных часоў. Канешне ж, гаворка ідзе пра кальвінскі збор 1550-х гадоў пабудовы.
Рэфармацыя ў Рэчы Паспалітай - з'ява даволі мімалётная, але яскравая. Кальвінізм быў хутчэй забавай для буйных магнатаў і іншай шляхты на нашых землях (забава, праз якую можна пашыраць свае вольнасці), амаль ня меў цікаўнасці сярод сялян. А лютэранства ўвогуле асабліва не выходзіла за межы Вялікапольшчы ды Прусіі, дзе было шмат немцаў. Тым ня менш, пратэстанцкія рухі прывялі да з'яўлення друкарняў, пашырэння рознай літаратуры і адукацыі.
Аднак, контррэфармацыя хутка адваявала свае правы. Каталіцкая царква не была зацікаўлена ў канкурэнтах, манархічная ўлада ня бачыла ў пратэстантах хаўрусніка.
Так і смаргонскі збор ужо ў 1621 г. перарабілі ў касцёл.
Іншая версія кажа, што ў 1555 быў пабудаваны збор драўляны, а мураваны толькі ў 1612-м, што толькі скарачае кальвінісцкую кар'еру цяперашняга будынку.
Вядома, за часамі Расійскай імперыі пабыў праваслаўным храмам. Ну а цягам апошніх 100 гадоў, з перарывам на склад, краму і выставачную залю, тут зноў дзейнічае рымска-каталіцкі касцёл.
Будынак, дарэчы, у стылі Рэнесанс. Так, у Беларусі ён выглядае даволі сурова. І вось яшчэ парачка прыкладаў:
1🏰
2🏰

sacral_BY

15 Oct, 06:30


#баку #sacral_industrial
Шпацыруючы па набярэжнай Каспія, падалося цікавым, што сярод усяго з зямлі тырчыць некалькі высакавольтных апор. Без правадоў, наўпрост вось так. Далей сустрэў паравоз ды трансфарматар на газончыку ля будынку знаёмага даволі фармату.
Гэта тое, што я думаю?
Анягож! Зараз тут музей, але будынак быў пабудаваны ў 1901 годзе для першай электрастанцыі ў горадзе. Ці адной з першых, у гэты ж час у Баку будуецца іншая ЦЭС. Меркавана, браты Сіменсы прыклалі рукі да гэтага аб’екту.
Магутнасць яе была 1470 кВт. Хоць сучасныя электрастанцыі вырабляюць мегаваты электрычнасці, лічбы з пачатку ХХ ст. уражваюць.
І ўсё гэта, канешне, нагадала музей у Стамбуле, які больш аўтэнтычны ў сваім першапачатковым прызначэнні і пра які я не стамлюся нагадваць, бо выдатны ўзор захавання прамысловай гісторыі ды архітэктуры.
Дарэчы, бакінскія электрастанцыі старэйшыя за першую стамбульскую.