20 лістапада 1901 года ў вёсцы Высокі Гарадзец Сеньненскага павету нарадзіўся Міхал Яўхімавіч Касянкоў — беларускі празаік, драматург, перакладчык і крытык, вядомы пад псэўданімам Міхась Зарэцкі.
Літаратурная дзейнасьць Зарэцкага пачалася ў 1921 годзе, хоць ён, паводле ўласных прызнаньняў, не зьбіраўся быць пісьменьнікам. Як успамінае сам Зарэцкі, аднойчы яму прысьніўся яркі і незвычайны сон, уражаньне ад якога не пакідала яго на працягу цэлага месяца. Зарэцкаму захацелася занатаваць гэтае ўражаньне, і ён стаў пісаць. Пісаў доўга і вельмі старанна абдумваў кожную фразу, кожнае слова. Скончылася тым, што старанна перапісанае апавяданьне ён даслаў у рэдакцыю газэты «Рабочий», аднак сумняваўся, што яго надрукуюць.
Свой шлях у літаратуру Міхась Зарэцкі пачынаў з «малой прозы» і на працягу ўсёй творчай дзейнасьці ахвотна зьвяртаўся да гэтай ёмістай жанравай формы
У сфэру пісьменьніцкае ўвагі траплялі перш за ўсё падзеі рэвалюцыйнае рэчаіснасьці, жыцьцё працоўнага чалавека на пераломе гісторыі, клясавыя сутыкненьні, драматызм барацьбы новага і старога, духоўны рост чалавека, які спазнаў радасьці перамогі над неспрыяльнымі абставінамі і над самім сабой. Абсягі яго творчых інтарэсаў з самага пачатку былі даволі шырокімі, разнастайнымі. Гэтаму спрыяў і жыцьцёвы вопыт, набыты маладым пісьменьнікам за час працяглае службы ў Чырвонай арміі. У апавяданьнях пісьменьнік часта зьвяртаўся да новых, мала распрацаваных тагачаснай беларускай літаратурай пластоў сацыяльнае рэчаіснасьці і праяваў духоўнага жыцьця чалавека. Зарэцкага як мастака не магла не прыцягваць сучасная яму рэчаіснасьць, жыцьцё і праца людзёў, побач зь якімі ён жыў, клопаты і турботы, якія добра ведаў. Аб гэтым сьведчаць апавяданьні «Бель» (1924), «На маладое» (1924), «Дзіўная» (1925), «Сьмерць» (1926) і інш.
Пачынальнік рамантычнага кірунку ў беларускай савецкай прозе, пісьменьнік-наватар, Міхась Зарэцкі ўзбагаціў беларускую літаратуру новымі ідэямі, вобразамі, прыкметна пашырыў жанрава-стылёвыя, выяўленчыя магчымасьці літаратуры.
Крытыкаваў Белдзяржкіно, у 1928 выйшаў з БДУ разам з Андрэем Александровічам і Алесем Дударом. У 1929 годзе выключаны з ВКП(б).
Арыштаваны 3 лістапада 1936 году ў Менску па адрасе: вуліца Абутковая, д. 23, кв. 3. Асуджаны пазасудовым ворганам НКУС 28 кастрычніка 1937 году як «актыўны сябра нацыянал-фашыскае тэрарыстычнае арганізацыі» да вышэйшае меры пакараньня з канфіскацыяй маёмасьці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суду СССР 7 сьнежня 1957 году.
На 3 фатаздымку Міхась Зарэцкі стаіць пасярэдзіне.