Кінафестываль "Паўночнае ззянне" апублікаваў сёлетні Беларускі конкурс, куды трапіла 15 стужак
👁️"Працэсы"
Рэж. Андрэй Кашперскі
Што будзе, калі тыя працэсы, што зараз адбываюцца ў Беларусі і з беларусамі, не спыняцца і дойдуць да абсурду?
Змантаваны ў фільм растыражаваны мінісерыял тэлеканала "Белсат".
👁️"Кроў і караоке"
Рэж. Юры Сямашка
Нясмелы ахоўнік супермаркета ўступае ў фатальнае супрацьстаянне з вельмі ўпэўненым у сабе крымінальным элементам.
👁️"Беларусь 23.34"
Рэж. Таня Свірэпа
25 інтэрв'ю адважных людзей, якія распавялі, як яны перажылі затрыманні і катаванні ў жніўні-снежні 2020 года, што яны адчуваюць і што, на іх думку, змянілася ў беларускім грамадстве
👁️"Краіна Оз"
Рэж. Яўгеній Чарняўскі
Фільм пра творчасць у псіханеўралагічным інтэрнаце. Пра самабытнае мастацтва і асаблівых людзей. Пра каханне і вечнасць. Пра тое самае ментальнае "плато", дзе ўсе мы адзіныя і непераможныя.
👁️"Чамадан"
Рэж. Даша Брыян
Што на душы ў чалавека, які вырашыў пакінуць сваю краіну? І без таго няпростае рашэнне ўскладняецца, калі абставіны не пакідаюць часу падумаць і падрыхтавацца да ад’езду. У фокусе стужкі — псіхалагічныя наступствы, якія даганяюць вымушаных бежанцаў на чужыне.
👁️"Кут чужога шчасця"
Рэж. Соня Харытанюк
Набожная Сіма жыве ў цені бацькоўскіх настаўленняў і падаецца задаволенай сваім выбарам. Ад нечаканай прапановы папрацаваць мадэллю яна адмаўляецца.
👁️"Выбар"
Рэж. Валеры Навічкоў
Выбар... Ці ёсць ён... А калі ёсць, што з ім рабіць?
👁️"Раб танца"
Рэж. Настасся Алексіевіч
Сюррэалістычны скетч у стылістыцы 80-х. Філіп усёй сваёй натурай намагаецца супрацьстаяць пустэчы дзён з дапамогай танца, рамантычнага погляду на свет і новай шчырасці.
👁️"Пад шэрым небам"
Рэж. Мара Тамковіч
Фільм натхнёны рэальнай гісторыяй беларускіх журналістаў Ігара Ільяша і Кацярыны Андрэевай, якая была арыштаваная ў лістападзе 2020 года і дагэтуль адбывае 8 гадоў зняволення.
👁️"Непажаданае сваяцтва"
Рэж. Павал Мажар
Выкарыстоўваючы вуліцы свайго берлінскага раёна ў якасці фону, рэжысёр, які нарадзіўся ў Беларусі, даследуе сістэматычны характар ваенных злачынстваў ва Украіне і даследуе ўласную адказнасць за гэтую вайну.
👁️"За мяжой рэальнасці"
Рэж. Віктар Лебедзеў
Неахайны мужчына гадоў 45 знаходзіць у сваёй паштовай скрыні дзіўны канверт. У ім — аўдыякасета, а на запісе — голас яго сына, які расказвае сваю нялёгкую гісторыю жыцця ў праклятым мікрараёне «Валынка».
👁️"Барбі.ру"
Рэж. Жэня Д'Арк
Барбі ў метапрасторы «рускага свету»: калі ляльку дастаюць з упакоўкі, яркі макіяж ператвараецца ў струменьчыкі бруду, на высокіх скулах з'яўляюцца сінякі, пластык трэскаецца ад сутыкнення з рэальнасцю.
👁️"Скрозь святло"
Рэж. Вікторыя Ягорава
Гісторыя беларускай эмігранткі Наталлі, якая з'ехала ў Польшчу ад пераследу за ўдзел у пратэстах. Дзяўчына рыхтавалася стаць актрысай, але ў Польшчы працуе прыбіральшчыцай.
👁️"Шэры край"
Рэж. Станіслаў Багдзя
Куды імчыць гэты цягнік? Пасажыры, прыспаныя рытмам колаў, знаёмымі радкамі пра родны кут і народнымі спевамі. Ці магчыма змяніць напрамак, перасесці на іншы цягнік, адматаць стужку назад?
👁️"Транзіт"
Рэж. Аляксей Кузьміч
Гісторыя Аляксея Кузьміча, аднаго з «транзітных людзей»: праз затрыманне і збіццё, уцёкі з ізалятара на Акрэсціна, вымушаную эміграцыю, чарговыя ўцёкі — ужо да прарастання на новых месцах у Еўропе. Усё для таго, каб аднойчы вярнуцца ў кропку, з якой пачаўся рух: Няміга, Беларусь, 9 жніўня 2020.
***
Стужкі пакажуць анлайн і афлайн у кінатэатрах Вільнюса, Варшавы і Таліна. Сам Фестываль пройдзе з 4 па 21 лістапада