Шэсць жанчын, без якіх немагчыма ўявіць беларускую гісторыю
Беларуская гісторыя багатая на выбітных жанчын, якія ўплывалі на палітыку, культуру і нацыянальную самасвядомасць. Яны змагаліся, стваралі і пакідалі пасля сябе спадчыну, якой мы ганарымся да сёння.
Рагнеда Полацкая (канец X ст.) – князёўна, якая адыграла ключавую ролю ў гісторыі Полацкага княства. Адмовіўшыся выйсці за кіеўскага князя Уладзіміра, яна стала ахвярай яго нападу: бацьку яе забілі, а саму ўзялі сілай. Нарадзіўшы сына Ізяслава, заснавальніка дынастыі полацкіх князёў, яна спрабавала адпомсціць Уладзіміру, але была адпраўленая ў высылку і стала манахіняй.
Ефрасіння Полацкая (каля 1104 – каля 1167) – князёўна, якая выбрала духоўны шлях, а не дынастычны шлюб. Як ігумення манастыра, яна развівала асвету, заснавала школы, бібліятэку і замовіла вядомы крыж у майстра Лазара Богшы. На схіле жыцця здзейсніла паломніцтва ў Святую Зямлю, дзе і памерла. Кананізаваная і шануецца як нябесная апякунка Беларусі.
Бона Сфорца (1494–1557) – каралева польская і вялікая княгіня літоўская, жонка Жыгімонта Старога. Яна прынесла на беларускія землі рэнесансную культуру, еўрапейскія рэформы і новыя гаспадарчыя падыходы, ініцыявала аграрную рэформу, што спрыяла развіццю фальварка і павелічэнню прыбыткаў дзяржавы. Актыўна падтрымлівала гарадское самакіраванне, адукацыю і рамёствы.
Эмілія Плятэр (1806 – 1831) – шляхцянка, якая стала адной з кіраўніцаў паўстання 1830–1831 гг. супраць Расійскай імперыі. Арганізавала і ўзначаліла атрад паўстанцаў, удзельнічала ў баях. Паўстанне атрымала паразу, а сама Эмілія памерла ад хваробы. Яе называюць «беларускай Жаннай д’Арк».
Палута Бадунова (1885–1938) – палітычная дзяячка, рэвалюцыянерка, якая ў 1918 годзе стала народнай сакратаркай апекі ў Радзе БНР, займаючыся сацыяльнай палітыкай, адукацыяй і дапамогай бедным. Яна была адной з нямногіх жанчын у палітычнай эліце таго часу і паслядоўна адстойвала ідэю незалежнасці Беларусі. Падчас савецкіх рэпрэсій арыштаваная і расстраляная ў 1938 годзе.
Ларыса Геніюш (1910 – 1983) – паэтка і патрыётка, генеральная сакратарка Урада БНР, якая захоўвала архіў БНР. У 1948 годзе яе арыштавалі савецкія ўлады і адправілі ў лагеры ГУЛАГу. Пасля вызвалення яе так і не рэабілітавалі, але яна працягвала пісаць і заставалася адданай сваім перакананням. А яшчэ яна так і не прыняла савецкае грамадзянства.
Наш Patreon
Наш Buymeacoffee