أحدث المنشورات من Годна (@hodnaby) على Telegram

منشورات Годна على Telegram

Годна
Мы — каманда экспертак і экспертаў у пытанні беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці.

Усё будзе Годна!
Падрабязней на https://hodna.org/

Зваротная сувязь: @hodna_by
1,467 مشترك
3,269 صورة
187 فيديو
آخر تحديث 10.03.2025 14:03

قنوات مشابهة

Usau Pavel
2,310 مشترك

أحدث المحتوى الذي تم مشاركته بواسطة Годна على Telegram

Годна

09 Mar, 15:14

247

9 сакавіка 1883 года нарадзіўся Францішак Аляхновіч – выбітны беларускі пісьменнік, драматург і грамадскі дзеяч, які першым у свеце апісаў жахі савецкага ГУЛАГу. Яго творчы шлях быў насычаны п’есамі, артыкуламі і публіцыстыкай, але найбольш вядомым творам стала кніга «У капцюрох ГПУ» (1934).

У ёй Аляхновіч падрабязна адлюстраваў жорсткую рэальнасць савецкіх канцлагераў, бо сам прайшоў праз турму ў Мінску і Салаўкі, дзе стаў сведкам катаванняў, здзекаў і знішчэння людзей. Вызвалены ў выніку абмену з Польшчай (замест яго ў СССР адправіўся Браніслаў Тарашкевіч), ён вярнуўся ў Заходнюю Беларусь і працягваў культурніцкую дзейнасць.

Аляхновіч быў адным з першых беларускіх пісьменнікаў, хто адкрыта асудзіў савецкі рэжым, што зрабіла яго фігурай не толькі літаратурнай, але і палітычнай. Падчас нямецкай акупацыі ён заставаўся ў Вільні, дзе ў 1944 годзе яго забілі савецкія партызаны на чале з Я. Сіманавічусам (Пятрайцісам).

Творы Францішка Аляхновіча зноў пачалі друкаваць і ставіць на беларускай сцэне толькі ў 1990-х гадах.

Наш Patreon
Наш Buymeacoffee
Годна

08 Mar, 12:53

244

Шэсць жанчын, без якіх немагчыма ўявіць беларускую гісторыю

Беларуская гісторыя багатая на выбітных жанчын, якія ўплывалі на палітыку, культуру і нацыянальную самасвядомасць. Яны змагаліся, стваралі і пакідалі пасля сябе спадчыну, якой мы ганарымся да сёння.

Рагнеда Полацкая (канец X ст.) – князёўна, якая адыграла ключавую ролю ў гісторыі Полацкага княства. Адмовіўшыся выйсці за кіеўскага князя Уладзіміра, яна стала ахвярай яго нападу: бацьку яе забілі, а саму ўзялі сілай. Нарадзіўшы сына Ізяслава, заснавальніка дынастыі полацкіх князёў, яна спрабавала адпомсціць Уладзіміру, але была адпраўленая ў высылку і стала манахіняй.

Ефрасіння Полацкая (каля 1104 – каля 1167) – князёўна, якая выбрала духоўны шлях, а не дынастычны шлюб. Як ігумення манастыра, яна развівала асвету, заснавала школы, бібліятэку і замовіла вядомы крыж у майстра Лазара Богшы. На схіле жыцця здзейсніла паломніцтва ў Святую Зямлю, дзе і памерла. Кананізаваная і шануецца як нябесная апякунка Беларусі.

Бона Сфорца (1494–1557) – каралева польская і вялікая княгіня літоўская, жонка Жыгімонта Старога. Яна прынесла на беларускія землі рэнесансную культуру, еўрапейскія рэформы і новыя гаспадарчыя падыходы, ініцыявала аграрную рэформу, што спрыяла развіццю фальварка і павелічэнню прыбыткаў дзяржавы. Актыўна падтрымлівала гарадское самакіраванне, адукацыю і рамёствы.

Эмілія Плятэр (1806 – 1831) – шляхцянка, якая стала адной з кіраўніцаў паўстання 1830–1831 гг. супраць Расійскай імперыі. Арганізавала і ўзначаліла атрад паўстанцаў, удзельнічала ў баях. Паўстанне атрымала паразу, а сама Эмілія памерла ад хваробы. Яе называюць «беларускай Жаннай д’Арк».

Палута Бадунова (1885–1938) – палітычная дзяячка, рэвалюцыянерка, якая ў 1918 годзе стала народнай сакратаркай апекі ў Радзе БНР, займаючыся сацыяльнай палітыкай, адукацыяй і дапамогай бедным. Яна была адной з нямногіх жанчын у палітычнай эліце таго часу і паслядоўна адстойвала ідэю незалежнасці Беларусі. Падчас савецкіх рэпрэсій арыштаваная і расстраляная ў 1938 годзе.

Ларыса Геніюш (1910 – 1983) – паэтка і патрыётка, генеральная сакратарка Урада БНР, якая захоўвала архіў БНР. У 1948 годзе яе арыштавалі савецкія ўлады і адправілі ў лагеры ГУЛАГу. Пасля вызвалення яе так і не рэабілітавалі, але яна працягвала пісаць і заставалася адданай сваім перакананням. А яшчэ яна так і не прыняла савецкае грамадзянства.

Наш Patreon
Наш Buymeacoffee
Годна

04 Mar, 14:05

361

Што такое першы падзел Рэчы Паспалітай і як ён адбыўся? Гэта было не аднамомантнае рашэнне, а расцягнуты на некалькі гадоў палітычны і ваенны ціск на дзяржаву, каб прымусіць яе адмовіцца ад 29% тэрыторыі. А краіна-агрэсар (здагадайцеся якая) паводзіць сябе сёння гэтаксама, як і 250 гадоў назад.

У XVIII стагоддзі Рэч Паспалітая была адной з найбуйнейшых дзяржаў Еўропы. У 1771 годзе яна займала 718 тысяч км² – гэта больш, чым сучасныя Польшча, Беларусь, Літва, Латвія і Эстонія. У пэўным сэнсе Рэч Паспалітая апярэдзіла свой час: у краіне ўсталявалася т.зв. шляхецкая дэмакратыя. Гэта была хоць і манархія, але выбарная (!), дзе ўлада караля не была абсалютнай і не перадавалася ў спадчыну.

Шчыра кажучы, у гэтым і была адна з галоўных праблем. Улада караля была слабая, бо яго выбіралі магнаты і шляхта, якія часта думалі толькі пра свае інтарэсы. Акрамя таго, існаваў механізм «ліберум вета» – права любога дэпутата Сейма заблакаваць любое рашэнне, што часта прыводзіла да паралічу ўлады. У такой сітуацыі краіна станавілася лёгкай здабычай для знешніх сіл.

Расія лічыла Рэч Паспалітую сферай свайго ўплыву і ўмешвалася ў яе палітыку пад выглядам «абароны правоў праваслаўных» (як і зараз апраўдвае сваю агрэсію супраць Украіны «абаронай рускамоўных»). Яна падтрымлівала прарасійскіх магнатаў і кантралявала караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, якога сама ж і пасадзіла на трон, і нават увяла свае войскі на тэрыторыю Рэчы Паспалітай, каб стварыць «ДНР» і «ЛНР» таго часу: Слуцкую і Торуньскую канфедэрацыі. У адказ на расійскую палітыку частка шляхты падняла Барскую Канфедэрацыю – антырасійскае паўстанне, але сілы былі няроўныя – расійскія войскі задушылі супраціў.

У той жа час Прусія і Аўстрыя таксама глядзелі на ўсход, жадаючы павялічыць свае тэрыторыі. Перамовы паміж расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй доўжыліся некалькі месяцаў. 5 жніўня 1772 года ў Санкт-Пецярбургу была падпісаная трохбаковая дамова пра падзел. Пасля гэтага тры дзяржавы накіравалі свае войскі, каб канчаткова замацаваць кантроль над захопленымі тэрыторыямі.

Улады Рэчы Паспалітай спрабавалі адмовіцца прызнаваць гэтае рашэнне, былі нават спробы звярнуцца па дапамогу да заходнееўрапейскіх краін, але саюзнікі Францыя і Англія не хацелі ўмешвацца. Таму ў 1773 годзе расійскія, прускія і аўстрыйскія войскі занялі Варшаву і запатрабавалі ад Сейма зацвердзіць падзел. Каб прымусіць дэпутатаў прыняць гэтае рашэнне, расія арганізавала стварэнне марыянетачнай групоўкі, якая дамаглася склікання так званага Падзельнага сойма.

Шляхта, якая спрабавала супраціўляцца, сутыкнулася з ваенным і палітычным ціскам. Аднак гэта не спыніла працэсу – пад ціскам сойм афіцыйна зацвердзіў падзел дзяржавы. Толькі тры дэпутаты выступілі супраць. Рэч Паспалітая згубіла 211 тыс. км² тэрыторыі (29%) і 4,5 млн насельніцтва (36%).
Годна

03 Mar, 17:20

343

3 сакавіка 1067 года адбылася бітва на Нямізе – у ёй удзельнічалі войскі князёў Яраславічаў і полацкага князя Усяслава Брачыславіча. У летапісах паведамлялася, што Усяслаў быў разбіты і збег у Полацк. А яшчэ ў летапісах разам з гэтай бітвай упершыню згадваецца горад Мінск ❤️

Але гэта толькі першае ўзгадванне. Летась вучоныя, якія правялі радыёвугляродны аналіз дрэва з валоў Мінскага замчышча, заявілі, што ўзрост беларускай сталіцы не менш за 1150 гадоў. Раскопкі працягваюцца, ужо была знойдзеная манета, якой 1250 гадоў, таму магчыма ў хуткім часе мы даведаемся, што Мінск яшчэ больш стары, чым нам падаецца!
Годна

01 Mar, 15:32

384

Барская канфедэрацыя: як нашыя продкі змагаліся супраць «ДНР» XVIII стагоддзя

Расійскі ўплыў на Рэч Паспалітую ў сярэдзіне XVIII стагоддзя быў вельмі моцным: масква ўмешвалася ва ўнутраныя справы, навязала свайго караля – Станіслава Аўгуста Панятоўскага – і праз яго спрабавала цалкам кантраляваць краіну.

Расія, падтрымліваючы рэлігійныя меншасці (праваслаўных і пратэстантаў), фактычна навязвала шляхце новыя законы, якія разбуралі традыцыйны парадак. Гэта выклікала абурэнне, бо шляхта лічыла, што так масква спрабуе зрабіць Рэч Паспалітую яшчэ больш залежнай.

У 1767 годзе расійская імперыя ўвяла ў Рэч Паспалітую 20-тысячнае войска. Пад прыкрыццём войскаў расія стварыла свае «канфедэрацыі» (Торуньскую і Слуцкую), якія нібыта падтрымлівалі закон і парадак, але насамрэч дзейнічалі на карысць масквы. Фактычна, гэта былі марыянетачныя структуры, створаныя для таго, каб знішчыць сапраўдны супраціў. Знаёма, так?

У кастрычніку 1767 пад ціскам расіі Сейм пераглядаў рашэнні Сейма ад 1764 года. Для таго, каб рашэнні былі прынятыя на карысць прарасійскіх сілаў, маскоўскія салдаты выкралі некаторых сенатараў. Іх без суда выслалі ў расію. Запалоханы Сейм паддаўся ціску і прыняў расійскія ўмовы.

Але ўсё ж беларуская, польская і ўкраінская шляхта не хацела гэтага трываць і 29 лютага 1768 года стварыла Барскую канфедэрацыю, каб бараніць незалежнасць сваёй дзяржавы. Яна хутка перарасла ў сапраўдную вайну супраць расійскіх войскаў і каралеўскага ўрада.

Паўстанцы вялі жорсткія баі, але сілы былі няроўныя: расійская армія мела больш салдатаў, гарматаў і рэсурсаў. Канфедэраты спадзяваліся на падтрымку Турцыі і Францыі, але саюзнікі не здолелі моцна дапамагчы. У выніку многія канфедэраты загінулі або трапілі ў палон, а сам рух быў заціснуты.

Барская канфедэрацыя не змагла перамагчы, і ў 1772 годзе адбыўся Першы падзел Рэчы Паспалітай. Расія, Аўстрыя і Прусія падзялілі паміж сабой частку беларускіх, украінскіх і польскіх земляў. Гэта стала пачаткам канца дзяржавы: праз некалькі дзесяцігоддзяў Рэч Паспалітая зусім знікне з мапы Еўропы.

Гісторыя Барскай канфедэрацыі паказвае, што нашыя продкі заўсёды змагаліся за свабоду, а масква не толькі знішчала паўстанні сілай, але і спрабавала разбурыць супраціў знутры. Гэта важны ўрок, які застаецца актуальным і сёння.
Годна

01 Mar, 10:25

348

Стары Магілёў ажыў!
У гэтым відэа Сяргей Дзямʼянаў ажывіў старыя фотаздымкі горада – атрымалася кароткае, але вельмі атмасфернае відэа ❤️
Годна

28 Feb, 16:27

424

“Лепш размаўляць на добрай рускай мове, чым на дрэннай беларускай”🗣️

У Беларусі такая сітуацыя, што шмат людзей не размаўляюць па-беларуску ад нараджэння. Вучацца па кніжках, але ж вучацца!

Як вучаць мовы? Спачатку па кніжках, а пасля пачынаюць размаўляць, нават калі дрэнна. Чаму так шмат беларусаў і беларусак вывучыла англійскую, ці польскую, ці яшчэ нейкую раней за беларускую? У тым ліку, таму што прыходзілася размаўляць.

Баіцеся памылак? Дык а хто іх не робіць. У любой мове, нават носьбіты памыляюцца. Вас нехта груба паправіў? Але нават калі вашая беларуская мова будзе ідэальнай ці, наадварот, вы не будзеце на ёй размаўляць, гэта не выратуе. З чалавекам, які хоча даць няпрошаную параду ці сказаць нешта брыдкае, вы можаце сутыкнуцца заўсёды.

Беларуская мова – адна з адзнак нашай незалежнасці і ўнікальнасці. Менавіта на старабеларускай мове была надрукаваная першая Біблія ва Усходняй Еўропе. На ёй напісаны Статут ВКЛ. І зараз мы можам размаўляць па-беларуску, даследаваць нашую мову і развіваць яе.
Годна

28 Feb, 10:29

406

Прапагандысцкія наратывы ў мультфільме “Маша і Мядзведзь”⬇️

Чаму лепш ствараць уласныя наратывы, чым спажываць чужыя? Тлумачым на прыкладзе папулярнага мультфільма.

📌 Мядзведзь як алегорыя Расіі. У мультфільме Мядзведзь — моцны, добры і цярплівы герой, які настаўляе Машу. Ён выступае як фігура «старэйшага брата», які ўсё даруе і клапоціцца пра меншых.

📌 Адсылкі да савецкай культуры і настальгія па СССР.

📌 Ідэя “вялікай і добрай Расіі” праз міжнародныя эпізоды. У гэтых серыях часта назіраецца аднолькавы патэрн: Маша выглядае разумнейшай або больш спрытнай за мясцовых герояў.

Ці з’яўляецца гэта мэтанакіраванай прапагандай?

Гэта спрэчнае пытанне. Мультфільм можа проста адлюстроўваць асаблівасці расійскай культуры і мыслення. Аднак некаторыя яго элементы (асабліва вобраз Машы, мядзведзя і адсылкі да СССР) сапраўды могуць фарміраваць пэўныя ўстаноўкі ў дзіцячай аўдыторыі.

Стаўце рэакцыі, калі цікава падрабязней паразважаць на такую тэму
Годна

27 Feb, 16:14

313

Падзеі, якія адбываліся адначасова, але якія ў нашай галаве часта адчуваюцца як максімальна далёкія (частка другая)

Працягваем першы пост і распавядаем пра іншыя даты з беларускай і сусветнай гісторыі, якія ў нашай галаве могуць зусім не спалучацца як штосьці, што адбывалася ў адзін год.

Калі войскі Рэчы Паспалітай утрымлівалі Маскву, дзесьці ў Англіі Шэкспір пісаў свае апошнія творы. А ІІІ Статут ВКЛ выдавалі якраз тады, калі Брытанія знішчыла іспанскую Непераможную Армаду!

Першая частка тут.
Годна

27 Feb, 15:24

296

Падзеі, якія адбываліся адначасова, але якія ў нашай галаве часта адчуваюцца як максімальна далёкія (частка першая)

У вас было калісьці такое, што вы даведваецеся пра нейкую дату з беларускай і сусветнай гісторыі, і не можаце ўявіць, што гэта сапраўды адбылося ў адныя і тыя ж гады? Напрыклад, крыж Еўфрасінні Полацкай і Нотр-Дам дэ Пары з’явіліся на свет з розніцай у два гады!

А вось яшчэ некалькі такіх прыкладаў, ад якіх дух захоплівае ❤️

Другая частка тут.