Пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР у 1939 годзе НКУС выяўляў нелаяльныя групы: чыноўнікаў, вайскоўцаў, інтэлігенцыю, заможных сялянаў. Савецкая ўлада бачыла ў іх перашкоду для саветызацыі рэгіёна. Вынікам стала першая хваля дэпартацый, якая пачалася ў ноч з 9 на 10 лютага 1940 года.
Людзей будзілі сярод ночы, давалі некалькі хвілінаў на збор рэчаў і грузілі ў таварныя вагоны. Паводле ацэнак, толькі ў лютым было дэпартавана каля 50 тысячаў чалавек, многія не дажылі да месца прызначэння праз холад (маразы дасягалі -42℃) і хваробы. Наступныя хвалі высылкі прайшлі ў красавіку і чэрвені 1940 года. Агулам было дэпартавана больш за 120 тысяч чалавек.
У красавіку дэпартавалі сем’і вайскоўцаў, паліцыянтаў, інтэлігенцыі. У чэрвені – уцекачоў з цэнтральнай Польшчы. Іх лічылі нелаяльнымі і высялялі ў спецпасяленні Сібіры і Казахстана. Умовы былі нечалавечымі: цяжкая праца, холад, голад і адсутнасць медыцынскай дапамогі.
Дэпартацыі былі часткай шырэйшага плана палітычнай і этнічнай трансфармацыі Беларусі: разам з высяленнем «небяспечных» групаў СССР адначасова засяляў Зах. Беларусь лаяльнымі савецкімі грамадзянамі, у тым ліку партыйнымі кадрамі, рабочымі і вайскоўцамі з іншых частак СССР.
Савецкія ўлады праводзілі «класавае ачышчэнне», пазбаўляючыся ад заможных сялянаў, прадпрымальнікаў і іншых прадстаўнікоў старога грамадскага парадку, якія маглі стаць цэнтрам супраціву. За сухімі лічбамі статыстыкі хаваюцца смерці, разбурэнне жыцця і пакуты сотняў тысячаў беларусаў.