Últimas publicaciones de Годна (@hodnaby) en Telegram

Publicaciones de Telegram de Годна

Годна
Мы — каманда экспертак і экспертаў у пытанні беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці.

Усё будзе Годна!
Падрабязней на https://hodna.org/

Зваротная сувязь: @hodna_by
1,467 Suscriptores
3,269 Fotos
187 Videos
Última Actualización 10.03.2025 14:03

Canales Similares

Новы Час
2,002 Suscriptores
Цікавыя факты
1,144 Suscriptores

El contenido más reciente compartido por Годна en Telegram

Годна

03 Nov, 11:08

400

📚 Што пачытаць па-беларуску? Запыталіся ў пісьменніцы Святланы Курс (Евы Вежнавец).

“Вы папрасілі мяне параіць ці назваць 5 беларускіх кніг, вартых чытання. Аднак што й каму я магу параіць ці назваць? “Я стары, я вельмі стары чалавек”, як сказаў Беларэцкі, і галава мая павернутая назад, а не наперад, а кнігі – злёгку стомленыя, як і я. Аднак абяцала – назаву”, – напісала літаратарка. Так што гартайце карткі і запісвайце новыя кнігі ў ваш уласны спіс літаратуры💥
Годна

28 Oct, 16:56

175

Хацеў зрабіць беларускі тэатр беларускім. 28 кастрычніка 1884 года нарадзіўся Фларыян Ждановіч💥

Фларыян Ждановіч – адзін з тых, хто стаяў у вытокаў беларускага тэатра. Ужо ў 1913 годзе беларуская тэатральная трупа ўпершыню паказала “Паўлінку” ў Радашковічах. А ў 1920 годзе спадар Ждановіч стаў мастацкім кіраўніком Першага Беларускага дзяржаўнага тэатра.

Намер стварыць беларускі тэатр быў вельмі сур’ёзным. Скончыў Фларыян Ждановіч Варшаўскую драматычную школу. Але вярнуўся ў Беларусь, каб выступаць тут. Пазней выехаў у Крым, каб схавацца ад царскіх уладаў, але ізноў вярнуўся ў 1917 годзе.

У 1930 годзе Ждановіча арыштавалі па справе Саюза вызвалення Беларусі. Прысуд – 5 гадоў лагераў. У 1937 годзе арыштаваны паўторна і расстраляны.

На пачатку ХХ стагоддзя спрыяльных умоваў для беларускага тэатра не было: царская ўлада, войны, акупацыя, савецкія рэпрэсіі. Але насуперак усяму ён узнік, дзякуючы людзям, якія верылі ў гэтую справу.
Годна

28 Oct, 09:55

228

Свой апошні верш ён пакінуў на сценах турмы НКУС. Расказваем пра беларускага паэта Міхася Чарота. Сапраўднае імя – Міхась Кудзелька.

Яшчэ на пачатку 1920-х Міхась Чарот карыстаўся поспехам сярод маладзейшых літаратараў. Стаў адным з лідараў “Маладняку”. Напісаў паспяховую п’есу “На Купалле”. Янка Купала нават казаў, што яна лепшая за “Паўлінку”. Па яго аповесці “Свінапас” быў зняты адзін з першых беларускіх мастацкіх фільмаў “Лясная быль”👏

У 1930 напісаў верш “Суровы прыгавор падпісваю першым…”, дзе абвінавачваў затрыманых па справе Саюза вызвалення Беларусі ў нацыянал-дэмакратызме.

З пачатку 1930-х амаль не пісаў. Пачаў злоўжываць алкаголем. А ў студзені 1937 года пісьменніка затрымалі. Пасля катаванняў Міхася спойвалі, каб той назваў яшчэ больш імёнаў. У ноч з 29 на 30 кастрычніка паэта расстралялі.
“Мае палі,
Мае бары, —
Кажу вам — я не вінаваты!” – такімі словамі заканчваўся апошні верш пісьменніка.
#нерасстраляныя
Годна

27 Oct, 13:06

280

Гэты паэт лічыў, што значнае яшчэ наперадзе, але ён не ведаў, які лёс чакае яго. Расказваем пра Юрку Лявоннага. Сапраўднае імя – Леанід Юркевіч⬇️

Неяк літаратар паставіў мэту надрукавацца ў двух літаратурных часопісах розных плыняў. І зрабіў гэта. Яго надрукавалі і ва “Узвышшы”, які прытрымліваўся больш класічных узораў, і ў часопісе Літаратурна-мастацкай камуны “Росквіт”, дзе выступалі за эксперыменты з формай. Гэтым Юрка вельмі ганарыўся☝️

Паэт увесь час спадзяваўся, што напіша нешта лепшае: “Сапраўднае я яшчэ напішу. Значнае наперадзе. А пакуль што ў наш віхурны час патрэбны агітка і частушка…”

У 1936 годзе пісьменніка затрымалі. Апошнія месяцы трымаўся добра: дэкламаваў усёй турме навіны, казаў, што ніякай зачэпкі для абвінавачвання ў яго справе няма. Але аднойчы яго вывелі з камеры і больш ён туды не вярнуўся.

У 1937 годзе выйшла апошняя кніга, у стварэнні якой прымаў удзел Юрка Лявонны. Пераклад “20 000 лье пад вадой” Жуля Верна. Але і там на вокладцы ўжо не было яго імя.
#нерасстраляныя
Годна

25 Oct, 16:58

309

“Ходзім мы пад месяцам высокім, а яшчэ – пад ГПУ”. Расказваем пра тонкага і чуллівага лірыка Тодара Кляшторнага🌙

Тодар Кляшторны быў беларускім паэтам і перакладчыкам. Уваходзіў у “Маладняк”, “Узвышша” і нефармальны ТАВІЗ.

Яго вершамі зачытваліся падлеткі, эстэтыку твораў Кляшторнага не адмаўлялі нават крытыкі. Тым, хто чуў, як чытае вершы сам Кляшторны, таксама вельмі падабалася. Паэт рабіў гэта ціхім барытонам.

Мог злоўжываць алкаголь. Па некаторых звестках яго нават спецыяльна падпойвалі ў ЦК партыі, каб разваліць літаратурнае аб’яднанне “Узвышша”.

У кнізе “Пра зайца, ваўка і мядзведзя” праз метафары паказаў жыццё інтэлігенцыі ў таталітарнай сістэме.

Крытыкі абвінавачвалі паэта ва ўпадніцкіх настроях, песімізме. Казалі, што вершы свае аўтар піша “для падонкаў”. У 1936 годзе Тодара Кляшторнага затрымалі, а ў 1937 – расстралялі. Яму было 34 гады.

Тодар Кляшторны мог бы зрабіць яшчэ большы ўнёсак у беларускую літаратуру, але ў той сістэме не хацелі бачыць ні лірычнага, ні беларускага.
#нерасстраляныя
Годна

24 Oct, 16:08

436

Міхася Зарэцкага чыталі літаральна ўсе (нават супрацоўнікі НКУС)

У творах літаратару былі цікавыя паводзіны людзей у складаныя, гістарычныя і лёсавырашальныя часы. Напрыклад, “Голы звер” стаў вельмі папулярным праз добра прапісанага галоўнага героя, які быў адмоўным персанажам.

Разам з Алесем Дударом і Андрэем Александровічам напісаў “Ліст трох” супраць нападак на беларускіх пісьменнікаў. Выступіў за паказ большай колькасці беларускіх п’ес у тэатры.

Пісьменнік прыходзіць да нацыянальнай тэмы і ва ўласных творах. Стварыў драму “Рагнеда”. Пачаў пісаць раман “Крывічы”, але не паспеў яго скончыць. Абодва гэтыя творы так і не пабачылі свет.

У лістападзе 1936 года Міхася Зарэцкага затрымалі, у 1937 – расстралялі. Пісьменніку было 35 гадоў.

Міхась Зарэцкі да апошняга імкнуўся заставацца шчырым з сабою ва ўласнай творчасці. Напрыклад, яго твор “Вязьмо” крытыкаваў таталітарызм і працэсы, якія адбываліся ў беларускай вёсцы 1930-х.

#нерасстраляныя
Годна

24 Oct, 08:02

357

Адзін з пачынальнікаў прыгодніцкага жанру ў беларускай літаратуры. Кпіў з ахвяраў рэпрэсій 1930-х, а ў 1936 годзе арыштавалі і яго. Расказваем пра супярэчлівага, заўсёды пазітыўнага пісьменніка і драматурга Анатоля Вольнага (сапраўднае прозвішча – Ажгірэй).

Вучыўся ў БДУ, уваходзіў у “Маладняк”.

Ведаў шмат лайфхакаў: як папрасіць пазыку (рабіць найбольш бесклапотны выгляд), як абараніць свае рэчы ад рабаўнікоў у цягніках (распавесці, што там нічога няма)😎

Дрэнна валодаў беларускай мовай. Гэта адзначалі Уладзімір Дубоўка і Кузьма Чорны. А паэт Алесь Дудар навучаў пісьменніка✍️

Пры гэтым Анатоль высмейваў нацыянальную палітыку “Беларусьфільма”, сцвярджаў, што дзяцей таксама трэба гадаваць па-беларуску.

Часта завітваў у госці да Міхася Чарота. Некаторыя лічаць, што галоўнай прычынай магла быць жонка літаратара, якая падабалася Анатолю.

У 1935 годзе стаў заслужаным дзеячам мастацтваў БССР, а ўжо ў лістападзе 1936 года пісьменніка затрымалі. Расстралялі – у 1937-м. Яму было 35 гадоў.
#нерасстраляныя
Годна

23 Oct, 17:14

482

“Слабенькі беларускі камуніст і добры, моцны паэт Цішка Гартны…” – Максім Гарэцкі. 23 кастрычніка 1887 года нарадзіўся Зміцер Жылуновіч⬇️

Ён быў грамадскім дзеячам і літаратарам. Пісаў пад псеўданімам Цішка Гартны. Стварыў часопіс “Полымя”, кіраваў Цэнтральным архівам БССР.
Наладзіў выданне беларускіх падручнікаў і мастацкіх кніг. Любіў Беларусь і рабіў для яе, што мог⚡️

Падтрымліваў бальшавікоў, а пасля стаў ахвярай савецкага рэжыму. Мог стаць першым народным пісьменнікам Беларусі, але так ім і не стаў. Ужо на пачатку 1930-х газета Савецкая Беларусь, якую толькі пару гадоў таму рэдагаваў Жылуновіч, пісала пра яго ж, што беларус быў “адным з ідэолагаў нацыянал-дэмакратычнага ўклону”.

Арыштавалі паэта ў лістападзе 1936 года.
Зміцер Жылуновіч скончыў жыццё ў магілёўскай псіхіятрычнай лякарні.

У высылку адправілі жонку і дачку Жылуновіча. Вярнулася назад у Беларусь толькі дачка Галіна.
#нерасстраляныя
Годна

22 Oct, 16:44

402

Малады талент, якога забілі савецкія ўлады. Расказваем пра Юлія Таўбіна⬇️

Дзесяцігадовы Юлій прыехаў у Беларусь з бацькамі з Варонежскай губерні. Але гэта не перашкаджала яму любіць нашую краіну і натхняцца ёй.

У жыцці паэта было моцнае сяброўства. Разам з Аркадзем Куляшовым і Змітром Астапенкам хлопцы жылі ў мінскім пакойчыку на вуліцы Люксембург. Праз шмат гадоў сваім загінулым сябрам Юлію Таўбіну і Змітру Астапенку Аркадзь Куляшоў прысвяціў паэму “Маналог”.

Літаратар уваходзіў у нефармальны ТАВІЗ (Таварыства аматараў выпіць і закусіць). Збіраліся ў кагосьці на кватэры, у шашлычнай ці ў рэстаране пад Домам пісьменніка. Не толькі елі і пілі, а чыталі вершы і горача дыскутавалі.

Першы раз паэта арыштавалі ў 1933 годзе. Пакаранне – высылка ў Цюмень. Паўторна затрымалі ў 1936 годзе, а ў 1937 – расстралялі. Юнаку было 26 гадоў.

Застаецца толькі здагадвацца, колькі яшчэ змог бы зрабіць літаратар, каб не трагічная смерць.
#нерасстраляныя
Годна

21 Oct, 17:10

409

Першы беларускі перакладчык “Фаўста” Гётэ і адзін з заснавальнікаў літаратурнага аб’яднання “Маладняк”. Расказваем пра беларускага паэта Алеся Дудара📚

Беларус быў не толькі паэтам. Быў акторам у трупе Галубка, перакладчыкам, яркім, але супярэчлівым, літаратурным крытыкам. Здольнасці пісьменніка адзначаў Янка Купала.

Ніводны скандал не абыходзіўся без маладога паэта. Ён разам з іншымі напісаў “Ліст трох” супраць згортвання беларусізацыі ва ўніверсітэце. Падпісаў “Ліст сямі” разам з літаратарамі, заклапочанымі нацыянальнай палітыкай партыі.

У 1929, пасля верша “Пасеклі край наш папалам”, быў сасланы ў Смаленск. Там жа яго зноў арыштавалі па справе Саюза вызвалення Беларусі. У 1936 годзе паэта затрымалі яшчэ раз, а ў 1937 Алесь Дудар быў расстраляны. Яму было толькі 32 гады.

*Да 29 кастрычніка мы будзем распавядаць пра тых, хто пацярпеў ад савецкіх рэпрэсій. Запрашаем вас далучацца! Не забываць пра людзей, якія любілі Беларусь і праз гэта так несправядліва загінулі💔
#нерасстраляныя