ГУРНЕВІЧ (@dhurnievic) Kanalının Son Gönderileri

ГУРНЕВІЧ Telegram Gönderileri

ГУРНЕВІЧ
Журналіст Радыё Свабода, Беларусь
1,068 Abone
164 Fotoğraf
15 Video
Son Güncelleme 09.03.2025 22:25

ГУРНЕВІЧ tarafından Telegram'da paylaşılan en son içerikler

ГУРНЕВІЧ

13 Dec, 08:04

1,402

2/2

🇵🇱 Ідэі стварэньня партызанскіх атрадаў пацярпелі крах. Большасць прыхільнікаў апазіцыі лічыла, што гэта няправільны шлях. Людзі былі перакананыя, што «Салідарнасць» выйграла летам 1980 году, бо рабочыя, якія абвясцілі страйк, не выйшлі з фабрык на вуліцы, дзе адбыліся б сутыкненні і бойкі, як гэта было ў снежні 1970 году. Яны засталіся на фабрыках і чакалі, пакуль улада дасць слабіну.

🇵🇱 Калі нехта думае, што адна вялікая арганізацыя была б больш эфектыўнай, то ён памыляецца. У адну такую вялікую арганізацыю агентуры значна прасцей пранікнуць, кантраляваць яе знутры і знішчыць. У польскай апазіцыі канкуравалі вельмі розныя ідэі, людзі дыскутавалі, спаборнічалі паміж сабой. Гэта стала падмуркам польскай дэмакратыі пасля 1989 году.
ГУРНЕВІЧ

12 Dec, 08:19

899

На Spotify i Apple Podcasts з'явіліся тры новыя беларускія падкасты. Варта падпісацца

Гэта праекты беларускай службы Радыё Ватыкан.

"Філасофскія нататкі" прысвечаныя самым вядомым у свеце мыслярам. Ад Платона, Арыстоцеля, Макіявелі, Тамаша Аквінскага да утопій Томаса Мора. Аўтар - кс. Раман Суша, лаўрэат прэстыжнай узнагароды папскага Фонду Centesimus Annus за даследаванне мітадызайну ў лічбавую эпоху.

Падкаст "Старонкі гісторыі" прысвечаны гісторыі Каталіцкага Касцёла на беларускіх землях. Гэта гутаркі з кандыдаткай гістарычных навук Раісай Зянюк. Раю паслухаць пра ксяндза Юзафа Барадзюлю, які 25 год правёў у ГУЛАГах.

Падкаст "У люстэрку вечнасці" - праект мастацтвазнаўцы Сяргея Харэўскага. Ён расказвае пра мастакоў, дойлідаў, фатографаў розных эпох, знітаваных з Беларуссю. Орда, Тышкевіч, Альхімовіч. Усяго амаль 30.

Дарэчы, сачыць за абнаўленнямі і навінамі можна праз тг-канал радыё. Там і падкастаў больш, і агулам навін.

Варта падпісацца. https://t.me/vaticannewsbe
ГУРНЕВІЧ

11 Dec, 16:12

804

Гэты збор подпісаў за кандыдатаў быў незвычайны нават як на беларускія ўмовы. Паглядзеў гадзіны відэаматэрыялу афіцыйных каналаў і выбраў для вас самае смачнае і сенсацыйнае.

Нам трэба ваш лайк пад відэа, калі для вас гэта бяспечна. Дзякуй.

https://www.youtube.com/watch?v=_VUgC60m1Qs
ГУРНЕВІЧ

11 Dec, 10:12

792

30 год таму пачалася Першая чачэнская вайна. Памятаю, як у дзяцінстве глядзеў навіны на ОРТ і на слова "Дудаеў" дранцьвеў ад страху. Калі пасля яго забойства я даведаўся, што на мітынгу ў Менску Зянон Пазьняк абвясціў хвіліну цішыні па Дудаеве, то не мог зразумець - навошта, ён жа тэрарыст. Такія былі часы, калі амаль не было іншых крыніц інфармацыі.

Дзякуй Богу, цяпер магчымасці ў інфармацыі іншыя і можна выпраўляць свае паталагічныя ўспаміны з дзяцінства. Дапамагае ў гэтым чачэнскі гісторык, былы прэс-сакратар і дарадца прэзідэнта Ічкерыі Аслана Масхадава, Майербек Вачагаеў:

«Першай памылкай чачэнцаў падчас першай вайны было тое, што яны намагаліся дзейнічаць як армія. Як толькі яны разбегліся і пачалі дзейнічаць як атрады, як ваяры, асобныя групы, з гэтага моманту расейцы ня ведалі, з кім яны змагаюцца. Вайна з чачэнскага боку вялася выключна партызанскай барацьбой. Калі б гэта была звычайная армія, то расейскае войска знішчыла б яе імгненна. Расейцы маглі лёгка прайсці нават у горную частку, але вяртацца для іх заўсёды было праблемай. Бо з гор, зь лесу, адусюль наносіліся ўдары. Іх проста падрывалі. Яны не ведалі, што той хлопчык, якому 10–11 год, які падышоў да іх і спрабаваў штосьці гаварыць па-руску, ён насамрэч падклаў міну і яшчэ расказаў сваім, колькі там расейцаў.

І падчас першай, і падчас другой вайны ў чачэнцаў не было страху. Калі прыяжджала калона, то чачэнскія хлопцы крычалі «Ваня, Ваня» і паказвалі жэст з пальцам, яны ўсяляк дэманстравалі расейцам сваю пагарду. А па-другое, чачэнцам было шкада расейцаў. Гэта была не нянавісць, а пагарда, бо яны паводзілі сябе па-скоцку. Тое, што яны цяпер рабілі ў Бучы, мы ўсё гэта перажылі. Для нас гэта Алды, Зандак, усе тыя населеныя пункты, якія яны праходзілі і дзе гвалцілі нашых людзей. Расейскія салдаты адразалі чачэнцам вушы, галовы. Яны паказалі прыклад. Здзек над нябожчыкам лічыўся ў чачэнцаў чымсьці неверагодным. І вось нам пачалі прадаваць галовы без целаў, або целы без галоваў. Прадавалі па 3 тысячы даляраў. Сям’ю, у якой былі такія грошы, цяжка было знайсьці, збіраць грошы мусіў увесь род. У чачэнскай традыцыі лічыцца праблемай хаваць чалавека нават без аднаго пальца. І калі табе даюць цела бязь нейкай часткі — гэта абраза і прыніжэнне роду. Расейцы паказалі прыклад, а пасля пайшлі і ў нас мярзотнікі, якія казалі — а чаму мы ня можам?"

Рэкамендую тэкст цалкам https://smarturl.click/xBowY
ГУРНЕВІЧ

08 Dec, 12:48

993

«Пуцін усіх перайграў». Падзенне рэжыму Асада ў Сірыі нагадала мне гэтую збітую формулу. Яе вельмі часта паўтаралі, калі казалі пра Сірыю. Маўляў, ох, ох, якія геніяльны стратэг і тактык Пуцін. Злы, але геній. Мяне гэта тады здзіўляла і я напісаў у 2018 годзе тэкст. Ён ніжэй.

Расея размаўляе з ЗША наконт Сірыі. «Пуцін усіх перайграў». Расея праводзіць Чэмпіянат свету па футболе. «Пуцін усіх перайграў». Пуцін сустракаецца з Трампам. «Пуцін усіх перайграў». Калі мы лайкаем і шэрым гэтую лухту, то сапраўды дапамагаем Пуціну выйграць.

Савецкія газеты выкарыстоўвалі для прапаганды цэлыя развароты. У эпоху сацыяльных сетак гэта робяць кароткія выразы-штампы. Паколькі многія з іх забаўныя, мы бяздумна посцім іх. Без рэфлексіі пра наступствы. Так мы ствараем бурбалку, у якую самі сябе заганяем. А потым зацята пачынаем змагацца з праблемай, якую самі стварылі.

Штамп «Пуцін усіх перайграў» адныя пішуць ад захаплення, другія са страху і безвыходнасці, а іншыя для сьмеху. Але ўсе яны дапамагаюць ствараць ілюзію пра паспяховага лідэра-супэрмэна, які ледзь не кіруе светам. Механізм ператварэння хлусні ў «праўду» вядомы: паўтарыць хлусню шмат разоў. І тады ў самых, здавалася б, вытрывалых, узьнікаюць сумневы.

Пуцін, маўляў, моцны, бо ўвёў войскі ў Крым, кантралюе Данбас, яго агентаў ловяць ажно ў Вашынгтоне або вінавацяць у атручванні замежных грамадзян у Англіі. Але затрымайцеся на імгненне. Праз Крым Пуцін заварыў такую кашу, якую яго краіна будзе расхлёбваць дзесяцігоддзямі. А камфортам і дабрабытам сваіх грамадзянаў Расея за гэта ўжо плоціць. На Данбасе «рускі мір» кантралюе невялікі лапік зямлі. На больш у іх не хапіла сілы перад украінцамі. Злоўленыя на Захадзе расейскія агенты — гэта ж іх поўны правал і сорам расейскіх спецслужбаў.

Пуцін перайграў хіба толькі Буціну, якая была гатовая прадаваць сваё цела амерыканскім палітыкам. А што Пуцін выйграў у Сірыі? Труны з расейскімі пілётамі і шалёныя выдаткі на вайну? Расейскі ВУП роўны маленечкім Бельгіі і Нідэрландам. Там, дзе расейскія кампаніі здабываць нафту і газ, каб грэць імі Еўропу, людзі паляць у печках дровамі і ня маюць каналізацыі. Пасля пафасных і страшных прамоваў Пуціна расейскія ракеты не запускаюцца з палігонаў, а тэхніка глухне на парадах. Дык каго перайграў Пуцін, апрача людзей, з якімі ён жыве ў адной краіне? Таму быць задаволены ад фразы «Пуцін усіх перайграў» можа быць толькі сам Пуцін.

Эфект Пуціна не большы за неўсвядомленую цягу маладых дзяўчынак перад кепскімі хлопчыкамі. То Пуцін на кані з голым торсам, то лётае з журавамі, то рассякае воды Чорнага мора і можа даць у твар пры неабходнасці. Bad guys заўсёды падаюцца больш сэксоўнымі, адважнымі і самаўпэўненымі. На моцных нават крытыкі і апаненты глядзяць прыцішана. Са страхам, але і з захапленнем. Аднак псіхолягі даўно раскусілі «альфасамцоў». Іх сакрэт — звычайная паказуха для публікі.

Любы небарака можа стаць альфасамцом, калі б для ўласных мэтаў ён выкарыстоўваў спецслужбы, войска і пляваў на законы. Бачылі мы прыклады Чаўшэску, Кадафі і Мугабэ, ведаем. Што гэта за мастацтва? Перайграла ўсіх Амерыка, купіўшы Аляску за капейкі і зарабляючы на ёй мільярды, і выклікаючы гэтым зайздрасць Расеі. Перайграла Фінляндыя, якая кінула Расею і пабудавала эфэктыўную дзяржаву, у якой быць дыктатарам проста нявыгадна. Перайграе Пуціна кожная краіна, куды ўцякаюць расейцы з мазгамі і грашыма.

Самая агрэсіўная зброя пуцінскай Расеі — гэта прапаганда. Яна танная і эфектыўная. Прапагандзе ўдаецца рабіць з мазгоў мякіну, а людзей няздольнымі думаць і рабіць высновы. Вялікасьць і геній Пуціна — частка гэтай прапаганды.

Расея ня там, дзе людзі размаўляюць па-расейску, і тым больш, яна не бязмежная, як лічыць сам Пуцін. Мяжа Расеі заканчваецца там, дзе людзі не дазваляюць павесіць сабе на вушы расейскую локшыну.
ГУРНЕВІЧ

05 Dec, 08:30

1,197

Лукашэнка сумняецца, што новы міністар культуры павалачэ місію, бо ён творца, а не мэнэджэр. Сумнянецца і сам міністар, які прызнаецца, што ён адміністаратар.

Але ёсць у Руслана Чарнецкага іншыя "плюсы". Ён лічыць, што Лукашэнка любіць усе 10 млн беларусаў як сваіх дзвяцей. Гэта ён убачыў у вачах Лукашэнкі. У новага міністра культуры таксама ўжо 5 год ёсць хобі - гепалітыка. Ён прыйшоў да высновы, што супраць Беларусі вядуць "кагнітыўную" вайну. Ваююць тыя, хто не можа змірыцца, што ў Беларусі падчас кавіду не ўвялі локдаўн.

За што беларускай культуры такая кара?

https://www.youtube.com/watch?v=ounobiKku4g&t=10s
ГУРНЕВІЧ

29 Nov, 17:31

1,629

Як Панамарэнка прыкінуўся беларускім нацыяналістам

Прапагандысты Лукашэнкі прапануюць расстраляць Мікіту Мелказёрава за словы, што былы кіраўнік Савецкай Беларусі Панцеляймон Панамарэнка “лайно”. Пра яго ёсць цікавы факт. Паўгода таму мой калега Сяргей Абламейка зрабіў інтэрвію з гісторыкам Яўгенам Мірановічам, які выдаў дзве кнігі пра нямецкую акупацыю Беларусі. Некаторыя рэчы гучаць сенсацыйна. Прапаную тэзісы Мірановіча.

🔹У 1941 годзе савецкая ўлада жадала стрымаць нямецкі паход на Маскву. Трэба было мабілізаваць сілы супраціву ўсімі магчымымі спосабамі. Заклікалі да савецкага патрыятызму, каб беларусы бралі ў рукі любую зброю, косы і сякеры. Але гэта не спрацавала.

🔹Праз Малянкова Панамарэнка пераслаў Сталіну дакумент пра стварэнне беларускай арміі. Новая структура павінна была так і называцца: Беларуская нацыянальная армія. Ён пісаў, што з мабілізацыяй не павінна быць праблемы, што ў шэрагах Чырвонай арміі ў той час павінна было быць ня менш за 800 000 беларусаў.

🔹Панамарэнка пісаў у тым мемарыяле, што беларуская нацыянальная свядомасць ва ўмовах нямецкай акупацыі саспела настолькі, што беларусы проста чакаюць фармальнай нагоды, каб пачаць пад нацыянальнымі лозунгамі помсціць за тыя злачынствы, якія немцы ўчынілі на тэрыторыі акупаванай Беларусі.

🔹Таму Панамарэнка прапанаваў пачаць мабілізацыю беларусаў пры дапамозе патрыятычных лозунгаў. Ён меў інфармацыю, што ў акупаванай Беларусі рабілі немцы. Яны апелявалі да нацыянальнага пачуцця беларусаў, каб мабілізаваць іх супраць камуністычнага падполля. Масква на такі падыход пагадзілася.

🔹Панамарэнка загадаў праводзіць усю агітацыю і прапаганду сярод тых людзей, што апынуліся на тэрыторыі Расеі, а таксама і сярод тых, хто апынуўся пад акупацыяй, выключна на беларускай мове. Ён таксама загадаў як найхутчэй стварыць рэдакцыю беларускага радыё, якая будзе вяшчаць па-беларуску.

🔹Панамарэнка прапанаваў сабраць усе наяўныя інтэлектуальныя беларускія сілы, у тым ліку Янку Купалу і Якуба Коласа, спявачку Ларысу Александроўскую, і выкарыстоўваць іх у першую чаргу, як найбольш вядомых, а таксама трэба было сабраць наогул усіх творчых людзей, якія валодалі беларускай мовай.

🔹На здзіўленне, відаць, самога Панамарэнкі ад Сталіна прыйшоў адказ: «Абсалютна згодны з гэтым». Сталін нават не аспрэчыў прапанаванай Панамарэнкам назвы. Але ўзнікла простая праблема. З Чырвонай арміі нельга было забіраць салдат.

🔹Тады Панамарэнка прапанаваў паглядзець, колькі сярод 800 000 эвакуаваных з БССР ёсць мужчын ва ўзросце ад 19 да 50 гадоў. Атрымалася, што такіх каля 135 000. Але нацыянальны склад гэтых людзей не адпавядаў патрэбам арміі, якая б называлася нацыянальнай беларускай. 54% людзей, якія выехалі з Беларусі, гэта былі габрэі.

🔹Пачалі думаць над іншымі варыянтамі і прыдумалі Беларускую спецыяльную армію. У рэгламенце было ўсё тое ж самае, што і ў Чырвонай арміі. Адзіная спецыфіка беларускага характару палягала ў тым, што там было дададзена, што беларус ніколі не здаецца ў палон, што беларус выконвае ўсе загады сваіх камандзіраў і г. д.

🔹У гэтую армію меліся ўключаныя 6000 расейскіх афіцэраў і некалькі тысяч функцыянераў НКВД. Беларусам не давяралі. Ну, і меркавалася, што з-за лініі фронту будзе прыведзена некалькі тысяч чалавек. Толькі палова мелася быць беларусамі, рэшта - шматнацыянальная.

🔹Але ўрэшце спахапіліся, што нават у складзе гэтай арміі былі б узброеныя беларусы, якія былі ахвярамі гаспадарчых, сацыяльных і палітычных эксперымэнтаў 1930-х гадоў. Так дачакаліся да снежня 1942 году — пачатку 1943-га, калі дыскусіі пра беларускую армію скончыліся. З пункту гледжання Сталіна, пасля Сталінграду ўжо не было сэнсу ствараць нейкія беларускія фармаванні.

Што паказвае ўся гэтая гісторыя? Што ўзровень нацыянальнай свядомасці беларусаў, нягледзячы на вынішчэнне эліт у БССР, Курапаты, русіфікацыю, быў настолькі моцным, што і немцы, і бальшавікі, хацелі яго разыгрываць у сваіх інтарэсах. А што было б, каб яго у сваіх інтарэсах выкарысталі самі беларусы? Ого-го!
ГУРНЕВІЧ

29 Nov, 10:49

944

2/2

Але ў гэтых двух артыкулах Мацкевіча я звярнуў асноўную ўвагу не на гэта. А на тое, як тагачасная польская эліта ўспрымала беларускі рух - як рэальную пагрозу. Вядома, шэрым кардыналам там лічылі Маскву, але рух то ўсё роўна быў беларускім, ён абапіраўся на тутэйшае насельніцтва, з яго мовай і культурай, на арганізацыі з прыметнікамі "беларускі", "беларуская". Такім жа эфектыўным інструментам, але да пэўнага часу (пакуль не ўбачыла ў гэтым пагрозы) беларускі рух лічылі і літоўцы. Кепская навіна, што наш беларускі рух выкарыстоўвалі для чужых інтарэсаў. Добрая, што яго бачылі настолькі перспектыўным і эфектыўны, што хацелі выкарыстоўваць. Адсюль гістарычны урок - зрабіць на яго стаўку самім і карыстацца напоўніцу.
ГУРНЕВІЧ

29 Nov, 10:49

928

"Менск абрастае не проста пер'ем, а небяспечным пер'ем ястраба. Ён становіцца вялікай і сур’ёзнай сілай", - так у 1928 годзе ў віленскай польскай прэсе пісаў бадай самы ўплывовы тагачасны польскі публіцыст Юзаф Мацкевіч. Пазычыў учора ў бібліятэцы збор ягоных артыкулаў міжваеннага часу і два з іх перачытваю ўжо па некалькі разоў, не даючы веры.

Адразу кантэкст: Пасля І сусветнай вайны Вільня па міжнародных дамоўленасцях мелася адысці Літве. Але Польшча ўсё роўна далучыла Вільню да сябе. І практычна ўвесь міжваенны час Коўна і Варшава па гэтай прычыне варагавалі. Але ў публіцыста Мацкевіча, нечакана для мяне, ледзь не галоўным гульцом у справе прыналежнасці Вільні выступае савецкі Менск. У 1928 годзе Мацкевіч наведаў Коўна і напісаў пасля два артыкулы. У іх ён крытыкаваў літоўскі ўрад, які марачы пра Вільню, заігрываў з беларускім нацыянальным рухам. Мацкевіч лічыў, што Менск можа ўсіх пераіграць.

"Літоўскія палітыкі гадамі рабілі стаўку на беларусаў. Яны стваралі розных Ластоўскіх, падтрымлівалі беларускія арганізацыі на Віленскай зямлі. На самой Віленшчыне літоўскія дзеячы, якія салідарныя з беларускім рухам, працягваюць рабіць гэтую памылку. Але ў Коўне ўжо не. Яны зразумелі небяспеку беларускага руху, які хаця і штучны, але расце вельмі хутка. Гэты рух пагражае найперш ідэі той Літвы, пра якую мараць літоўцы (з Вільняй). У мяне склалася ўражанне, што на "чырвоны" Менск літоўскія імперыялісты глядзяць з жахам, не разумеючы, што з ім рабіць", піша Юзаф Мацкевіч.

У яго няма сумневаў, што за Менскам стаіць Масква, якая наўмысна радыкалізуе беларусаў. Але Мацкевіч піша, што неабходна супрацьстаяць менавіта беларускаму нацыянальнамы руху, бо ён "дэструктыўна ўплывае на землі былога ВКЛ". Публіцыст папярэджвае, што дзеянні Менска небяспечныя як для Коўна, так і для Варшавы. Сакрэт гэтай небяспекі ён бачыць у рэалізме беларускай палітыкі і антырэалізме літоўскай.

"У Коўне толькі і размоваў, што пра Вільню. У Менску пра Вільню не кажуць увогуле. Коўна абапірае свае прэтэнзіі на Вільню, згадваючы гісторыю. А Менск - на сучаснае бягучае жыццё. У Коўне пра Вільню кажуць натоўпы дзеячоў, якія Вільні не бачылі на вочы і не адчуваюць да яе ніякага ўнутранага сентыменту. Менск жа, наадварот, не кажучы ані слова пра гісторыю ВКЛ, спрабуе захапіць гэтыя землі з апорай на той элемент, які калісьці быў асновай насельніцтва ВКЛ." - піша Мацкевіч. Ён падсумоўвае абедзьве палітыкі так: адны кажуць толькі словы, а іншыя - дзейнічаюць. Далей Мацкевіч канстатуе, што беларускія арганізацыі на Віленшчыне працуюць вельмі эфектыўна і што польская дзяржава выдаткоўвае магутныя сродкі, каб ім супрастаяць. Дзеянні Літвы Мацкевіч лічыць значна слабейшымі

"Дзеянні Коўна пачынаюцца і сканчваюцца на лініі 4ай польскай памежнай брыгады. А Менск мае ў нас "Грамаду", ён здольны стварыць унутры нашай дзяржавы цэлую армію дыверсійных групаў". - жаліцца Мацкевіч.

Далей ён піша, што нішто Польшчы не пагражае так як Менск, ані Коўна, ані Жэнева (маецца на ўвазе сядзіба Лігі нацый, тагачаснага ААН). Мацкевіч заклікае Літву быць салідарнай з Польшай, супрацоўнічаць разам, каб не даць Менску перамагчы. Публіцыст палохае літоўцаў, што калі яны і зоймуць калісьці Вільню ад Польшчы, то Савецкая Расея не дазволіць ім яе ўтрымаць. Тут Мацкевіч выказаўся візіянерскім талентам і памылкай адначасова. Заняўшы Вільню праз 12 год, Літва сапраўды страціла рэальную незалежнасць, але рэалізавала геапалітычную мару. А сёння мае і незалежнасць, і Вільню. Джэкпот, Літва ўсіх "пераіграла".
ГУРНЕВІЧ

27 Nov, 17:15

793

Беларусы – вельмі сціплыя людзі. Вось днямі я прыгадваў як адбывалася змаганне за незалежнасць Латвіі. Там урад паўгода плаваў на караблі і не кантраляваў практычна нічога на зямлі. У нас быў Слуцкі збройны чын або Слуцкае паўстанне. (спасылка на свежае відэа, дзе за 9 хв тлумачыцца асноўнае, у папярэднім допісе). 4 тысячы чалавек больш за месяц змагаліся супраць бальшавікоў. Але гэта быў пік таго змагання, якое адбывалася ў розных рэгіёнах краіны – ад Гомеля па Бешанковічы. Па-сутнасці, гэта была кароткая беларуска-савецкая вайна. Але мы сціплыя, нам хопіць чын, ну максімум паўстанне.

Партызанілі супраць бальшавікоў на Койданаўшчыне, былі пратэсты на Ігуменшчыне, дзе скінулі савецкую ўладу. Беларускія сяляне захапілі Барысаў. Кіраўніку Савецкай Беларусі Чарвякову дакладалі: “Няма аніводнай воласці павета, дзе не было б бандаў. Па чутках, ва ўсім павеце маецца некалькі тысяч бандытаў”.

Дызертырства з Чырвонай Арміі было магутнае. Шэрагі чырвоных пакінуў увесь кавалерыйскі атрад Барысаўскага ваенкамата, прыхапіўшы коней і зброю. З новастворанай міліцыі сышла палова складу. Разбегліся ахоўнікі мясцовай турмы. А вось цытата з дакладу Ваенрэўкома БССР, лістапад 1920 года.

«Население некоторых волостей, узнав о самоопределении Беларуси, не хочет признавать никакой другой власти, кроме несуществующего правительства «незалежнай Беларусі» и относится очень враждебно к организуемым волостным ревкомам, заявляя, что власть нужно выбирать, а не назначать из Москвы».

Тады ж, у лістападзе пад бел-чырвона-белымі сцягамі паўсталі Пагарэльская і Якшыцкая воласьці.

Вадзім Гігін у адной з нядаўніх перадач на СТВ захапляўся слуцкімі камсамольцамі. А-ёй. Калі на Случчыне стваралі камсамол, то ў яго запісалася ажно … 25 чалавек. Для параўнання. Калі толькі ў адной вёсцы Шышчыцы на той жа Случчыне набіралі ў Чырвоную армію, то туды трапіў толькі адзін мужчына, а астатнія 72 дэзерціравалі і запісаліся добраахвотнікамі ў Брыгаду Беларускай Народнай Рэспублікі. З глускіх лясоў да іх спрабавалі прабіцца 3 тысячы дызертыраў-беларусаў з Чырвонай арміі. Яны даведаліся, што ідзе вайна за беларускую рэспубліку, уцяклі ад бальшавікоў, хаваліся ў лясах. У іх была свая артылерыя, і яны хацелі прабіцца на Случчыну. Але прайсці праз фронт было немагчыма.

Случчакі, якіх гвалтам забіралі ў бальшавіцкую армію, не мелі матывацыі, каб змагацца супраць сваіх. Таму расейскія камандзіры сталі высылць супраць паўстанцаў кітайцаў і татараў, у якіх не было сентыментаў да мясцовых.

У слуцкіх паўстацаў быў свой штаб, была выведка, контрвыведка, быў вайсковы трыбунал, гаспадарчыя тылавыя службы, вайсковая школа, шпіталь. Баявая лінія фронта складала каля ад 45 да 60 км, а баявыя дзеяньні ішлі больш за месяц. Сёння прапагандысты маргіналізаваць тое паўстанне. Але архівы не гараць. Яшчэ пару год таму яны здымалі фільмы і раказвалі, як сяляне без самі, без прымусу, забяспечвалі паўстанцаў харчамі. А ў спецсховшчах захоўваюцца сотні тамоў па судовых справах супраць паўстанцаў. За імі палявалі ад 1920 да 1939 гадоў. Gloria Victis!