Слова “грант” стала нейкай лаянкай, а дарма. Яго неабходна рэабілітаваць. І не проста рэабілітаваць, а зрабіць інструментам функцыянавання дзяржавы. Бо дзяржаўная сістэма, праз кантраляваныя ёю Дамы культуры і калектывы, цэлыя ўстановы, у разы менш эфектыўная.
Усё сваё дзяцінства і юнацтва я не мог зразумець, навошта ў Налібаках патрэбныя Дом культуры. Апрача дыскатэк два разы ў тыдзень, там было пуста. Гэта была мёртвая ўстанова. Кінапаказы там скончыліся ў канцы 90-х. Рэпетыцыі мясцовага фальклорнага ансамблю там пачыналіся напярэдадні прыезду “нечаканай” праверкі з раёна. Нас тады здымалі з урокаў, каб мы раз у год паспявалі са сцэны ДК.
У шафе там віселі нацыянальныя касцюмы, каб іх выпрасіць на калядаванне, якое мы, моладзь, ладзілі самі ў вёсцы, трэба было хадзіць і прасіць з вачыма ката са “Шрэка” некалькі дзён. Гукавую тэхніку, якая стаяла пад замком, выпрасіць было яшчэ складаней. Адказ быў просты – “хлопцы, усё чысліцца (на балансе) не дам”. Гэта ўсё ляжала лежма і гніло. Пры гэтым, у ДК былі працаўладкаваныя людзі, якія зараблялі за гэта грошы. Вядома, так было не паўсюль. Але з гісторый сяброў ведаю, што шмат дзе ў Беларусі справа выглядала менавіта так. Гэта фіяска.
Самыя паспяховыя рэчы, якія робяцца, гэта справа актыўных людзей. Ад пачатку і да канца. І матываваць трэба іх.
У Польшчы, напрыклад, гарады іпрызначаюць частку бюджэту на праекты жыхароў. Мэрыя Варшавы ў гэтым годзе раздасць на гранты 25 мільёнаў даляраў. На конкурс прыходзіць больш тысячы праектаў.
Пераможцаў праз галасаванне выбіраюць гараджане. Самыя папулярныя праекты датычаць азелянення ў горадзе, пасадкі дрэваў, кустоў, будаўніцтва роварных сцежак, лавак, набыццё новых кніг у бібліятэкі, псіхалагічныя кансультацыі для моладзі, культурныя падзеі, кірмашы здаровага харчавання. Гэта сотні праектаў. Такая ж практыка раздачы грантаў у Міністэрства культуры. Сёлета на праекты грамадзян прызначана 6 мілёьнаў даляраў.
Некалькі год таму ўлады Ісландыі разбалі сваім грамадзянам 3 мільёны даляраў. Усё адбывалася ў рамках конкурсу найлепшых ідэяй святкавання дня незалежнасьці. У аргкамітэт прыслалі 170 праектаў, парламент у выніку зацьвердзіў 100.
Бюджэт быў размеркаваны так, каб імпрэзы ахапілі ўсю краіну. Гранты пайшлі на пастаноўку ў Ісландзкай оперы, на спектаклі ў тэатрах. Датацыя для прыватнай тэлекампаніі на 10-серыйны серыял пра падзеі 1918 году, калі Ісландыя аддзялілася ад Даніі.
Акрамя гэтага, гранты пайшлі на выставы пра касцёлы Ісландыі, пра зямлю і прыроду ў ісладзкай культуры. За грошы з гэтых грантаў адбыўся Фестываль дзіцячай культуры прысвечаны правам дзіцяці за 100 гадоў незалежнасці, Фестываль дзіцячай кнігі, Фестываль для дзяцей, прысьвечаны нацыянальным спевам, Фестываль паўночнага танцу, цыкл тэлепаралачаў пра будучыню Ісландыі, заняткі для сем’яў у вясковых дамах культуры ўзімку, калі людзі мала ездзяць па краіне. Раздалі грошы на стварэнне гістарычных сайтаў, нават на пасадку лесу з нагоды юбілею дзяржаўнасці і гендэрныя праекты, прывязаныя да юбілею незалежнасці. Частку грантаў атрымала ісландская дыяспара за мяжой.
Быў нават экзатычны праект –“Гарачыя дыскусіі” пра незалежнасць, якія прайшлі ў “гарачых джакузі”. Ініцыятары напісалі ў абгрунтаванні, што калі сітуацыя раптам выйдзе з-пад кантролю з-за эмоцыяў, то можна будзе акунуацца ў ледзяную ваду ў басейне побач.
Людзі ўдзельнічалі цэлымі «сельсаветамі», дварамі ў гарадах, школамі. Папулярнасць конкурсу была настолькі вялікай, што ўлады працягнулі прыём заявак на новыя праекты з новым бюджэтам.
Новымі інстытутамі павінны быць актыўныя людзі. Ніхто не зробіць лепш, чым чалавек, які сапраўды хоча зрабіць.