Последние посты ГУРНЕВІЧ (@dhurnievic) в Telegram

Посты канала ГУРНЕВІЧ

ГУРНЕВІЧ
Журналіст Радыё Свабода, Беларусь
1,068 подписчиков
164 фото
15 видео
Последнее обновление 09.03.2025 22:25

Похожие каналы

Tribuna.com Беларусь
5,229 подписчиков
Haradzienski
1,469 подписчиков
Годна
1,467 подписчиков

Последний контент, опубликованный в ГУРНЕВІЧ на Telegram

ГУРНЕВІЧ

27 Nov, 16:33

669

Беларусы - мірныя людзі, пакуль іх не пасадзяць на каня. У гісторыі такога мора. Сёння гадавіна Слуцкага збройнага чыну або Слуцкага паўстання, але па-сутнасці тады ў Беларусі адбывалася кароткая беларуска-савецкая вайна. Ад Гомеля да Бешанковіч беларусы выступалі супраць бальшавікоў. А пік адбыўся на Случчыне.

https://www.youtube.com/watch?v=tTbi0PNSj34
ГУРНЕВІЧ

27 Nov, 08:07

1,744

Гэта ўдзельнікі форуму вясковай моладзі ў Палацы Булгакаў у Жылічах (Кіраўскі раён). Чаму я звярнуў увагу на гэты здымак, дзе БРСМаўцы стаяць пад пазалочанымі карнізамі? Бо пазалоту на іх накладаў Алесь Пушкін. Ён удзельнічаў у аднаўленні палацу ў 2021 годзе. Менавіта там яго і арыштавалі. У той дзень, 30 сакавіка, я датэлефанаваўся Алесю. Ён быў акурат на рыштаваннях.

«Як нічога ніякага, працую, кладу золата ў палацы Ігнацыя Булгака. У мяне рукі ў золаце», — сказаў Алесь.

Недзе праз 2 гадзіны яго арыштуюць, а праз 2 гады заб’юць у турме. Гэтае золата на карнізах - яго апошні твор на свабодзе.
ГУРНЕВІЧ

22 Nov, 16:47

1,379

У кастрычніку 2022 года я пісаў, што з палком Каліноўскага найбольш баюся паўтарэння гісторыі. У 1979 годзе польскі рэпарцёр Мар’ян Брандыс напісаў апавяданне “Каралеўства Беларусь” на падставе сваіх дзяцячых успамінаў.

У 1920 годзе, калі ён быў дзіцем, да іх у кватэру ў Лодзі (цэнтральная Польшча) размеркавалі беларускага афіцэра Сцяпана Савіцкага з добраахвотніцкай дывізіі Булак-Балаховіча, саюзніка польскай арміі, якая прымала ўдзел у бітвах з бальшавікамі. Польшча абяцала беларусам стварыць уласную армію ў складзе польскай. Некаторы час сядзіба Беларускай вайсковай камісіі была акурат у Лодзі, дзе былі інтэрніраваныя беларускія салдаты. Там яны разлічвалі стварыць сваю армію.

І вось у кватэру Брандыса па размеркаванні трапляе Сцяпан і жыве там некаторы час. Вучыць хлопца беларускім словам, чытае вершы, расказвае пра Каралеўства Беларусь, за якое ён хутка паедзе змагацца. Да Сцяпана прыходзяць сябры, капітан Карпюк з сынам Алесем. Усе мараць пра сваё Каралеўства Беларусь. Калі бабуля аўтара грае на фартэпіяне, Сцяпан плача ад суму. На дзіцячай мапе, там дзе павінна быць радзіма, ён піша словы “Каралеўства Беларусь”. Але вельмі хутка ўсе яны знікаюць.

У 1921 Польшча і СССР дамовіліся ў Рызе аб падзеле Беларусі і беларускія падраздзяленні былі распушчаныя. Беларуская вайсковая камісія ў Лодзі перастала існаваць, а беларусам адмовілі ў стварэнні сваіх адзінак, каб змагацца за "Каралеўства Беларусь".

Сцяпана малады Мар’ян Брандыс ўжо больш ніколі не ўбачыў. А Карпюка з сынам апошні раз убачыў у 1931 годзе:

“Я якраз ішоў у радасным настроі з сімпатычнай дзяўчынай на танцы да сяброў, як яны раптам вынырнулі са снежнай завеі. Выглядалі яны ўжо не як людзі, а як два бясформенныя, пашарпаныя тулавы, забытыя Богам і гісторыяй. На гэты раз яны не зрабілі выгляду, што не пазналі мяне. Адным кароткім позіркам яны ахапілі мяне ўсяго, з маімі серабрыстымі пучкамі на пагонах, з дзёрзкімі шэйзерамі, якія віднеліся з-пад паліто, з маім радасным тварам і прыгожай дзяўчынай побач. У гэтым кароткім позірку было столькі варожасці і нянавісці, што голас затрымаўся ў горле, і я быў вымушаны апусціць вочы. Толькі тады я заўважыў іх ногі. Абутку на іх ужо не было. Іх ногі былі абматаныя анучамі, перавязанымі звычайнай тоўстай вяроўкай. Яны нічым не адрозніваліся ад знакамітых палескіх лапцяў, якія я бачыў падчас сваіх вайсковых вучэнняў на нагах сялян са Слонімшчыны, Ваўкавышчыны і Баранавіччыны».
ГУРНЕВІЧ

20 Nov, 18:55

1,512

Сёння як за дэтэктывам сачыў за навінамі пра нібыта ператрус у кватэры Агнешкі Рамашэўскай. Маўляў, мільённая карупцыя на Белсаце. Асабліва забаўна было, калі яна ў рэальным часе гэта абвяргала, седзячы ў той самай кватэры, а журналісты настойвалі на сваім, седзячы ў рэдакцыях. Так многім хочацца яе пасадзіць. Паколькі Рамашэўска больш не кіруе на Белсаце, то я магу казаць праўду. Яна мне нічога не зробіць: ані добрага, ані кепскага. Зрэшты, я і так не працую там восем год. А цяпер не працуе і яна. То бок, ані ўзяць на працу, ані тым больш звольніць, яна мяне не можа.

Памятаю дзень, калі мы пазнаёміліся. 2007 год. Знаёмы паляк папярэдзіў, што мне патэлефануе асоба з Польскай тэлевізіі, каб распытаць пару рэчаў пра беларусаў у Варшаве, нібыта ствараецца беларускі тэлеканал. Я тады працаваў на Польскім радыё, гэта практычна праз дарогу. Я падбег у кавярню TVP. За столікам сядзела Рамашэўска і яе паплечніца Бэата Красіцка (яе таксама нядаўна звольнілі з каналу). Мяне папрасілі параіць кандыдатаў на сакратарку-беларуску. Яшчэ нікога і нічога не было. Увесь канал тады сядзеў за тым столікам – тыя дзве жанчыны. Уявіце іх задачу, стварыць канал для іншай краіны з аўтарытарнай ўладай, з сеткай карэспандэнтаў унутры, без аніводнай акрэдытацыі, студыямі, на іншай мове (і зразумець, як важна, каб гэта была беларуская мова). Многіх супрацоўнікаў даводзілася вучыць дзе ў камеры аб’ектыў. Але ўсё ўдалося.

А колькі Белсат зрабіў для нацыянальнай культуры!!! Гістарычныя перадачы, канцэрты, дакументальныя фільмы. Творцы, якіх уласная дзяржава кінула, знайшлі там свой прытулак. Рамашэўску вечна дакаралі польскія нацыяналісты, што яна за польскія грошы развівае беларускі парадак дня.

Фармальна каналам кіравала полька, але беларусы маглі там рабіць усё, што хочуць. Праграмы і праекты? Прапануйце і рабіце. Ніхто нікому нічога не замінаў. Былі зацятыя крытыкі Белсату звонку. Іх запрашалі і прапаноўвалі рабіць. І ішлі ж людзі. Рамашэўска заўсёды слухала парадаў звонку, стварала Грамадскія рады, дзе вядомыя беларусы казалі заўвагі пра канал, прапановы. Усялякага бывала. Памятаю, як доктар навук рабіў прапановы па вопратцы для дзяўчат-вядучых і грыме.

За 10 год працы на канале я не ўзгадаю цэнзуры. Просьба была адна – не лезці ў польскую палітычную барацьбу, бо яна бязлітасная, а мы не можам сабе дазволіць стаць яе інструментам, бо ў нас іншыя задачы. І гэта было слушна. Бо на жаль, у Польшчы СМІ – частка ідэалагічнай вайны. Улады мяняліся, але з кожнай з іх было аднолькава няпроста. Трэба было шукаць агульную мову, пераконваць. Але Рамашэўскай 17 год удавалася. Дзякуючы свайму характару танкісткі яна прабівала кожны мур. Калі дзверы не адчыняліся рукой, яна выбівала іх нагамі. Усё дзеля сваёй каманды. І калі Рамашэўску хацелі прыбіраць на больш згаворлівага кіраўніка, каманда заўсёды яе адстойвала. Усе ведалі, што яе галоўны рухавік у працы – ідэя. Таму сёння, калі я чую пра нейкія падазрэнні ў карупцыі, я рагачу ўголас. Калі я чую, што яе позна звольнілі, бо яе нейкія не такія погляды, мне шкада гэтых прымітыўных людзей. На Белсаце працавалі ўсе: ад манархістаў да анархістаў.

За 10 год працы на Белсаце я выдатна зразумеў гэтую асобу. Былі і ў мяне канфлікты з ёй. І пасля сыходу з Белсату ў нас была ўзаемная крыўда. Але менавіта таму мае словы вартыя сёння больш. Вядома, яна рабіла ўсё гэта не адна, але каманду сабрала яна. А беларусы атрымалі моцны інструмент уплыву на сваё грамадства. Тыя, каму ўсё не так, алё! У вас вялікі выбар?

Апошнія некалькі год Белсат быў у выдатнейшай форме. Нягледзячы на ўсе перашкоды ў Беларусі, аўдыторыя каналу ўсё роўна была і ёсць там. Белстаўцы стварылі для Польшчы і самы паспяховы ў гісторыі сучаснай Польшчы расейскамоўны медыйны праект. Такога інструменту ўплыву на мільённую аўдыторыю расейцаў у палякаў не было ад часу нападаў на Маскву сотні гадоў таму. І ўсё гэта за мізэрныя грошы, якіх на Захадзе падобным каналам хапае на месяц (тут у год). Найлепшае, што маглі зрабіць польскія палітыкі для каналу – проста яго не чапаць. Але законы польскай палітыкі, на жаль, бязлітасныя. Таму, Белсат жыві!
ГУРНЕВІЧ

20 Nov, 14:12

935

«Гэта не да канца карэктна», — Дзікавіцкі пра прызначэньне Коўшык кіраўніцай «Белсату»

https://www.youtube.com/watch?v=Mvu5JXSQNUU&t=412s
ГУРНЕВІЧ

19 Nov, 07:37

1,218

Атрымаў ад дэпутата Палаты прадстаўнікоў індульгенцыю, каб звацца сапраўдным літвінам. Вядома, літвінамі маюць права звацца ўсе беларусы, бо яны былі часткай ВКЛ, але да такіх як я у Ігара Марзалюка асаблівае стаўленне. Я не проста літвін, а старалітвін.

Паглядзеў гадзінны выступ Ігара Аляксандравіча на Белта, прысвечаны міфам пра ВКЛ. Калі вам шкада гадзіны, пераказваю.

Міф N1: Літоўцы стварылі імперыю да Мажайска, а славяне былі ў ёй на падтанцоўках. Гэта міф у сучаснай Літве, але Марзалюк кажа, што нават літоўская акадэмічная навука яго не падтрымлівае.

Міф N2: Літоўцы – не літоўцы, а жмудзіны. А Літва насамрэч славянская, таму беларуская. Гэта міф папулярны сярод беларусаў, які распаўсюджваюць беларускія нацыяналісты.
Марзалюк лічыць, што Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае – гэта факт беларускай гістарычнай дзяржаўнасці.

Для яго ВКЛРіЖ – гэта форма ня толькі і ня столькі балцкай дзяржаўнасці, а ў першую чаргу беларускай дзяржаўнасці. Або русінскай, бо ў ВКЛ русінамі продкаў беларусаў і ўкраінцаў. Украінцы на гэтую дзяржаўнасць не прэтэндавалі. Міхайла Грушэўскі пісаў, што калі і бачыць славянскую дзяржаўнасць у ВКЛ, то ў першую чаргу беларускую спадчыну.

Першапачаткова Літва, як кажа гісторык, гэта балты і балцкая мова. На тэрыторыі сучаснай Беларусі балты жылі на Гарадзеншчыне і заходняй Меншчыне. Але адбывалася славянская экспансія на гэтую тэрыторыю. Так узнікалі гарады Горадня, Ваўкавыск, Наваградак. Славянская культура была вышэйшай за балцкую, балты плацілі даніну славянам.

Потым, у XIII ст., Літва пачала нападаць на славянскія землі. Але апрача нападаў быў і сімбіёз.
Вільню стварылі славяне, пра гэта сведчаць археалагічныя знаходкі. Калі ўзнікае Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае, то ядро ў яго было і славянскае, і балцкае. Але мяжа паступова перасоўвалася на карысць Беларусі. Беларуская мова пашыралася на Літву.

У XIV-XVI стст. Тэрмін Літва пачынае мяняцца. Літва – гэта заходняя Беларусь і Віленшчына. Руссю лічылі Віцебск і Магілёў. Але з цягам часу літвінамі пачалі называць усіх жыхароў ВКЛ. Нават на Смаленшчыны людзей называлі літвінамі, або яны самі сябе так называлі.

Літвіны, як кажа Марзалюк, гэта беларускамоўнае каталіцкае насельніцтва заходняй Беларусі, якое лічыць сябе палякамі. Бо яны былі паганцамі і пазней чым праваслаўныя русіны прынялі хрост, паводле лацінскага абраду. Марзалюк тлумачыць, што літоўцы і старалітвіны – не адно і тое ж. Старалітвіны – паланізаваная шляхта ВКЛ, якая памятала пра княства, але сваю будучыню без Польшчы не бачыла. Яны ўспрымалі Літву як частку будучай Польшчы і лічылі яе славянскай краінай. Марзалюк кажа, што ў міжваеннай Літве такіх людзей нацыяналісты ў Коўна называлі літоўцамі-рэнегатамі.

Марзалюк цытуе ўспаміны Люцыяна Жэлігоўскага, якія ён напісаў у Лондане падчас ІІ сусветнай вайны. У іх ініцыятар Сярэдняй Літвы піша, што спадчына Літвы належыць двум культурам – беларускай і польскай. Але Марзалюк усё ж заўважае, што ВКЛ – гэта супольная спадчына нас усіх. І Літвы, і Беларусі.

Тэрытарыяльных прэтэнзій да сучаснай Літвы Марзалюк не мае. Але і мірыцца з заявамі, што беларусы не маюць дачынення ані да ВКЛ, ані да Вільні, ён не збіраецца.
ГУРНЕВІЧ

18 Nov, 12:11

1,171

Беларусы ніколі ў гісторыі не хацелі ваяваць за Беларусь, таму ў нас усё так кепска. Ёсць такі выраз. З нагоды Дня незалежнасці Латвіі (Dievs, svētī Latviju) я проста з цікаўнасці глянуў, як змагаліся латышы. І гэта пацьвярджае тэзіс, як шмат у гісторыі вырашаюць выпадковасці, на якія бенефіцыяр гэтай гісторыі меў не такі вялікі ўплыў. (і ў гэтым няма трагедыі).

Незалежнасць Латвіі ўрад Карліса Улманіса абвясціў тады, калі краіна была пад нямецкім кантролем, у 1918 годзе. Але адразу пасля гэтага пачаўся наступ бальшавікоў на Латвію. Улманіс разам з немцамі абвясцілі мабілізацыю, каб бараніцца ад чырвоных. Але жадаючых латышоў было ня шмат, гэта былі сотні людзей. Касцяк складалі немцы (мясцовыя і салдаты, якія сюды трапілі падчас І сусветнай). Улманіс абяцаў ім пашпарты і зямлю.

У бальшавіцкай жа латыскай арміі, якая хацела стварыць бальшавіцкую Латвію, 80% салдат былі латышамі. Яны ішлі туды дзеля таго, каб атрымаць зямлю, якая была ў вялікай ступені ў руках немцаў. Немцы былі нацыянальна меншасцю ў Латвіі, складалі каля 10%, але былі буйнымі землеўласнікамі.

Немцы баяліся, што Улманіс іх кіне, таму ўчынілі путч, і разагналі яго ўрад. Улманіс жа са сваёй камандай уцёк у Ліепае і быў вымушаны чатыры месяцы правесці на караблі “Саратаў”. Ён то стаяў у порце Ліепаі, то плаваў па моры. Судна ахоўвалі французскія і ангельская жаўнеры. Латвію ўрад не кантраляваў. Немцы прызначылі больш лаяльны сабе.

Бальшавікі ў гэты час паспяхова занялі Рыгу і ў выніку ўсю амаль краіну. Дарэчы, падчас захопу Рыгі 4 латыскія роты, лаяльныя Улманісу, перайшлі на бок бальшавікоў. І магчыма б у бальшавікоў і атрымалася збудаваць чырвоную Латвію. Але… яны заняліся ўлюбёнай справай – тэрорам, барацьбой з рэлігіяй. І замест таго, каб раздаваць зямлю жаўнерам, якія паспяхова занялі Латвію, бальшавіцкі ўрад Латвіі пачаў рабіць там саўгасы/калгасы. Салдаты расчаравіліся і чырвонае войска дэмаралізавалася.

Немцы тым часам перлі і пачалі перамагаць бальшавікоў. Менавіта немцы, бо латышоў там быў мізэр. Улманіс хоць і плаваў на караблі, але здолеў дамовіцца з эстонцамі, што ўзамен за перадачу Эстоніі 12 памежных “сельсаветаў”, эстонцы створаць латыскую вайсковую адзінку, якая пойдзе на бальшавікоў з Поўначы. Запісалася 600 эстонскіх латышоў. Як бы там ні было з лічбамі, армія Латвіі, складзеная пераважна з немцаў, усё ж перамагла бальшавікоў. Улманіс не сядзеў на караблі склаўшы рукі. Ён вёў перамовы з прадстаўнікамі Антанты і тыя паспрыялі ягонаму вяртанню ў Рыгу, ціснучы на немцаў. У выніку латышоў на полю бою падтрымалі палякі (12 тысяч палякаў і 8 тысяч латышоў). Яны прымусілі расейцаў прызнаць Латвію ў жніўні 1920 году.

Дзяржава сталася фактам. І хоць праз 20 год бальшавікі ізноў яе акупуюць, гэтых двух дзясяткаў год хапіла, каб у нацыі стварыўся моцны стрыжань. Хоць латышы ў баявым змаганні не складалі большасці ў сваёй арміі, але яны таленавіта выкарысталі акно магчымасцяў. Яно ў іх, праўда, было крыху шырэйшае.
ГУРНЕВІЧ

13 Nov, 20:11

1,473

Мяне з інтэрвію Святланы Алексіевіч Насце Роўдзе тры дні не адпускае адна фраза. Яна пра тое, што з намі робіць дыктатура, але не ў сэнсе пакутаў рэпрэсаваных і слёз іх сем’яў. Гэта мы ведаем.

"Што такое дыктатура? Яна ўвесь час нас прызямляе, робіць нас глупейшымі, чым мы ёсць, не дае нам развівацца. Бо мы абмяркоўваем вар’яцтва, якое нараджаецца ў іх галовах. Лёгка трапіць у адчай ад усяго гэтага". - кажа пісьменніца.

Унутраная эміграцыя таленавітых і актыўных людзей унутры Беларусі стала адной з формаў перажыць гэты цёмны час. Любая іх актыўнасць - гэта пагроза. Іх за гэта нельга асуджаць, бо зараз галоўнае выжыць.

Вядома, нешта і адбываецца. І публічна, і падпольна. Запісваюцца тык-токі, пішуцца нешматлікія кнігі, людзі разам спяваюць і вандруюць. Пэўна робіцца тое, што магчыма. Але агулам людзі культуры, навукі, мастацтва вымушаныя жыць у творчым падполлі. Гэта катастрофа для краіны. Зачыненыя тэмы для даследаванняў, адсутнасць пляцовак для сустрэч, закрыццё СМІ, якія часта давалі людзям трыбуну і імпульс. Колькі цікавых з’яў мы страцілі за гэты час, якія б маглі ўзбагаціць краіну. Ліквідацыя 1700 арганізацый, якія рабілі тое, за што нам падабалася Беларусь у апошнія гады. Наступствы яшчэ будуць жахлівыя.

Нават за мяжой людзі баяцца лішні раз публічна паказацца. Актыўная маленькая меншасць. Як журналіст я канстатую, што 80% запрошаных гасцей у эфір ці для тэкстаў, якія маглі б пашыраць гарызонты аўдыторыі, адмаўляюцца ад удзелу. Бо ў Беларусі сваякі. Я нікога не асуджаю, але гэта катастрофа. Застаецца бясконца гаварыць пра вар’яцтвы дыктатуры. І аўдыторыю ў прынцыпе мала што цікавіць, а тым больш аўдыторыю ўнутры не цікавяць вар’яцтвы дыктатуры, бо яны штодня навокал. А часам заціўленне можа скончыцца крымінальнай справай. Усё гэта запавольвае навуковыя адкрыцці, дыскусіі на важныя тэмы, тармозіць з’яўленне цікавых высноваў. А вельмі часта робіць немагчымым публічнае нараджэнне новых талентаў. Гэта гуманітарная катастрофа, маштабы якой мы пакуль не ўяўляем.

Нават ва Ўкраіне ў стане вайны ўсё ў разы лепш, бо за імі дзяржава. А ў нас дзяржава гэта і ёсць той, хто абвясціў вайну людзям. Таму адважныя і актыўныя беларусы цяпер на вагу золата. Як унутры, так і за мяжой. Алексіевіч раіць, што каб не трапіць у адчай, трэба займацца цікавай справай. Упэўнены, што многія гэта вельмі паспяхова робяць. Нават ведаю. Але праблема ў тым, што каб яны сталі здабыткам супольнасці, пра іх трэба казаць. А калі пра іх казаць публічна, гэта значыць - ім канец. Хто можа, калі гэта бяспечныя тэмы - стварайце тык-токі, старонкі, ютуб-каналы, блогі. Я сёння трапіў на ютуб-канал - "Реки и озера Беларуси". Пра Дняпро, Сож, Прыпяць, на якіх я ніколі не быў. Заліп амаль на 2 гадзіны ў харастве, замест таго, каб думаць пра дыктатуру. Дзякуй, добры чалавек.
ГУРНЕВІЧ

06 Nov, 19:49

1,620

Зацікавіўся я тут узроўнем палярызацыі паміж дэмакратамі і рэспубліканцамі ў ЗША. Знайшоў цэлае даследаванне (Нэйтан Калмоэ і Ліліяна Мэйсан).

Прыхільнікам абедзьвюх партый задалі пытанне: "Ці лічыце вы, што для нашай краіны было б лепш, каб вялікая колькасць прыхільнікаў супрацьлеглай партыі проста памерла?"

З гэтым пагадзіліся 20% дэмакратаў і 16% рэспубліканцаў.

"Ці згодныя вы з тым, што прыхільнікі супрацьлеглай партыі паводзяць сябе як жывёлы і ім не хапае чалавечых рысаў, каб лічыць іх людзьмі?"

З гэтым пагадзілася па 20% прыхільнікаў абедзьвюх партый.

"Калі б ваша партыя прайграла выбары, то ці было б гэта падставай для насілля?"

З гэтым пагадзілася 18% дэмакратаў і 13% рэспубліканцаў.

Падобнае даследаванне шмат гадоў робіць Pew Research.

У 1994 годзе 21% рэспубліканцаў негатыўна ставіліся да дэмакратаў. У 2022 годзе - 62%.

У дэмакратаў адносна рэспубліканцаў гэты паказнік вырас з 17% да 54%.

72% рэспубліканцаў і 63% дэмакратаў лічыць сваіх апанентаў амаральнымі людзьмі. У 2016 годзе так лічыла менш за 50% рэспубліканцаў і трошкі больш за 30% дэмакратаў.

Вялікая частка прыхільнікаў дзьвюх партый ходзяць у розныя крамы, глядзяць розныя тэлеканалы, не хочуць мець кантактаў са сваякамі з іншымі поглядамі, жыць з апанентамі па-суседству і тым больш ствараць сем’і. Прынамсі ў 2011 годзе па 52% прыхільнікаў абедзьвюх партый заяўлялі, што не жадаюць пабірацца шлюбам з палітычнымі апанентамі.

У 2010 годзе палова рэспубліканцаў і траціна дэмакратаў казалі, што былі б вельмі няшчасныя, калі б іх дзіця вырашыла пабрацца шлюбам з прыхільнікам іншай партыі. У 1960 годзе супернікаў такіх шлюбаў у абедзьвюх партый было па 5%.
ГУРНЕВІЧ

06 Nov, 16:17

1,356

Амерыканскія выбары скончыліся. Давайце пагаворым пра "беларускія выбары" і шасцёрку Лукашэнкі

https://youtu.be/VfxdhAdkW7g?si=OfmlQIRq-U2TyuYp