ПОСТ СКРЫПТУМ
Тут яшчэ некалькі слоў дзеля разуменьня рацыянальнай пазыцыі міру паводле прэзыдэнта Трампа. Прэзыдэнт зыходзіць з факту беспэрспэктыўнай (зь ягонага гледзішча) ваенна-франтавой стагнацыі расейска-украінскай вайны, калі фронт, практычна, ня рухаецца, але кожны дзень з абодвух бакоў гінуць тысячы людзей. (Гэта нагадвае акопную стагнацыю 1-й Сусьветнай вайны).
У гэтым становішчы Трамп хоча спыніць ваенныя дзеяньні і заключыць перамір'е на аснове існуючага ваеннага статус-кво, сесьці за стол перамоваў аб міры, спыніць пагібель людзей і, фактычна, уратаваць украінскую нацыю ад вынішчэньня. (І, зразумела, засьведчыць сябе міратворцам.)
У выніку магла б быць выпрацавана нейкая сітуацыйная канцэпцыя міру з вызначэньнем часовага (ці абмежаванага) статусу акупаваных тэрыторый, з магчымасьцю адбудовы Украіны. (Нешта накшталт сітуацыі з колішнім мірам паміж СССР і Фінляндыяй.) Тут праяўленьне стратэгічнага думаньня з разьлікам на дзясяткі гадоў наперад. (Далёка ня кожны палітык і ня кожны народ валодае такім думаньнем).
Прэзыдэнт Трамп улічвае таксама, што, нягледзячы на стагнацыю фронту, ваенная ініцыятыва ў руках расейцаў. Таму першыя лагодныя кантакты ён пачаў з Пуціным. Існуе меркаваньне, што толькі Трамп можа пасадзіць Пуціна за стол перамоваў. Бо Пуцін рэальна не зацікаўлены ў спыненьні ваенных дзеяньняў. Ён мог бы пайсьці на перамовы, але на ўмовах Расеі (бо што істотна -- і ваенная перавага на баку Масквы і ваенныя дзеяньні вядуцца на тэрыторыі Украіны.).
Для ўкраінцаў (тут пазыцыя прэзыдэнта Зяленскага) такі варыянт міру ўспрымаецца як небясьпечны, бо не прадугледжвае надзейных гарантыяў бясьпекі і ўкраінскую нацыю не ўратуе. Атрымаўшы перадышку, Пуцін падрыхтуецца і адновіць ваенныя дзеяньні. Ніякім дамовам з Пуціным нельга давяраць. Ён ставіць задачу ліквідаваць Украіну і ўкраінскі народ. Стратэгічная пазыцыя ўкраінцаў тут такая -- атрымаць шмат дасканалай зброі ад ЗША і зрабіць пералом у вайне на карысьць Украіны, каб Масква выглядала паражэнцам. У гэтай сытуацыі можна было б прыступаць да перамоваў аб міры і аб вяртаньні акупаваных тэрыторый.
План добры і, у прынцыпе, ажыцьцявімы. Але пры адной істотнай умове: пры татальнай дапамозе Амэрыкі і ўсяго Заходняга дэмакратычнага сьвету. І вось тут прычына канфлікту прэзыдэнта Трампа з прэзыдэнтам Зяленскім і, фактычна, -- з Украінай.
Пэзыдэнт Трамп і ягоная адміністрацыя апасаюцца, што Амэрыка ўлезе ў новы В'етнам, у бясконцую вайну, куды будзе няспынна піхаць свае ваенныя нарыхтоўкі і мільярды даляраў, не здабываючы істотнай перавагі, бо рэсурсы Расеі велізарныя (плюс Паўночная Карэя, Іран і пры аказіі нават Кітай), а рэсурсы Украіны (дзе галоўнае -- людзі, салдаты, якіх не хапае) не вялікія, і без апоры на ЗША, пераламаць сітуацыю на фронце будзе цяжка (а з цягам часу яшчэ цяжэй).
Разумеючы гэта, прэзідэнт Трамп хоча пазьбегнуць разьвіцьця падзеяў, якія могуць рэальна прывесьці да пашырэньня вайны і перарастаньня яе ў 3-ю сусьветную. Пра гэта ён вымушаны быў нават сказаць адкрыта сп. Зяленскаму ў час спрэчкі ў Белым Доме. Яго вельмі раздражняе, нават выводзіць з сябе, што сп. Зяленскі тут яго ўпарта не разумее і настойвае на тэрміновых гарантыях бясьпекі (за кошт Амэрыкі) альбо да працягу вайны да перамогі і, зразумела, пры падтрымцы і зноў жа -- пры дапамозе Амэрыкі (інакш не атрымаецца).
Патрыятызм сп. Зяленскага тут добра зразумелы і варты пахвалы, гэтак жа як і рацыяналізм і адказнасьць прэзыдэнта Трампа. У прынцыпе справядліва было б, каб амэрыканцы моцна дапамаглі Украіне, на якую напаў агрэсар. Можна было б надоўга спыніць агрэсіўную палітыку Расеі. Але рацыянальнае рашэньне будзе прымаць прэзыдэнт Трамп, які (калі апаненты ня здолеюць паразумецца) ня спыніцца нават перад самымі нечаканымі дзеяньнямі. Ягоная пазыцыя тэрміновага міру і заканчэньня выйны застаецца нязьменнай. Чакаюцца перамены.
ЗП.