📖 Вобраз Высоцкага ў рамане “Чорны замак Альшанскі”
Вось якім гэтага персанажа апавядальнік бачыць упершыню: “…высокі, выключна складзены і збіты мужчына год сарака з нечым. Валасы цёмна-русыя, светлыя вочы прыжмураны. У руках лянівая грацыя, па якой відаць: можа быць нечакана рухлівы. Нос прамы, рот няўлоўна ўсміхаецца”. Космічу здаецца, што гэты чалавек, мабыць, даволі разумны: “…была ў ім гэткая старасялянская ветлівасць і выхаванасць, але было і нешта дужа інтэлігентнае”.
Калі затым ў размове з галоўным героем возны Ігнась Высоцкі гаворыць, што ён толькі чатыры класы польскай гімназіі скончыў і яго “вышыблі за ўдзел у патрыятычным гуртку”, Косміч адказвае: “То падвучыліся б недзе на бухгалтарскіх ці нейкіх агранамічных там курсах”. Высоцкі тлумачыць, што гэта яму не патрэбна. Ён удае з сябе простага чалавека, звычайнага абывацеля, які нібыта толькі і марыць, што пра спакойнае жыццё: “Па-мойму, дык жыві ціха, хоць фурманам, і нікуды не лезь”.
Ад Высоцкага Косміч даведваецца пра трагічны лёс яго сваякоў: “траюраднага брата палякі павесілі перад самым вераснем” (1939 года) за тое, што “нібыта забіў правакатара”, а другога брата, стрыечнага, немцы ў 1944-м расстралялі за падполле. Пазней, праўда, высвятляецца, што гэтыя “браты” выдуманыя. А Крыштоф, Уладак і Ігнась – гэта адна і тая ж асоба.
У эпізодзе, калі Высоцкі абражаецца на словы пасажыра цягніка, які называе іх “тубыльцы”, Косміч прыкмячае гэтую яго рэакцыю і напачатку думае, што, мабыць, возны мае “пэўнае імкненне да пашаны”. І толькі пазней, калі ўся праўда выкрываецца, становіцца зразумелым, чаму слова “тубыльцы” вывела Высоцкага з раўнавагі. Яго раздражняла тое, што ён быў прывязаны да гэтага месца, вымушаны быў сядзець тут і шукаць схаваны нямецкі архіў, які можа выкрыць усю праўду. А праўда была ў тым, што Высоцкі быў здраднікам, забойцам і бандытам. Расказваючы пра ўчынкі гэтага злачынцы, былы пракуратар Яраслаў Мірашэўскі адзначае: “Выключная жорсткасць, зверства, бесчалавечча, нуль маралі, аніякага раскаяння. Небяспечны люты звер, кат і вылюдак”.
Высоцкаму двойчы ўдаецца пазбегнуць пакарання смерцю. Спачатку ў 1939-м яму вынеслі смяротны прысуд за забойства сына палясоўшчыка Андрона Сая. Але 1-га верасня пачалася вайна, і ўжо было не да выканання прысуду. Высоцкі цудоўным чынам застаўся жывы, узяў сабе новае імя – Уладак. Падчас вайны ён быў звязаны з акупантамі. Але неяк немцы, праглядаючы турэмныя акты, натрапілі на смяротны прысуд Крыштофу Высоцкаму. Устанавіць асобу было нескладана. Высоцкага арыштавалі і, як усе затым думалі, пакаралі разам з іншымі падпольшчыкамі. Вось толькі яму зноў пашчасціла выжыць. Якраз быў ліпень 1944-га, і акупанты кінуліся наўцёкі. У першыя пасляваенныя гады Высоцкі кіраваў бандай, якая дзейнічала ў акрузе, і быў вядомы пад прозвішчам Кулеш.
Такім чынам, Высоцкі-Кулеш – адзін з тых адмоўных персанажаў у творы, што ўвасабляюць усё злое і бесчалавечнае. Галоўны герой Антон Косміч з самага пачатку адчувае штосьці няладнае ў словах і паводзінах Высоцкага і ўрэшце выкрывае яго як злачынцу.