Былы супрацоўнік Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Шклярава, экскурсавод Аляксандр Нікіцін быў асуджаны да пазбаўлення волі па абвінавачванні ва ўдзеле ў пратэстах. Гэта вынікае з дадзеных Гомельскага абласнога суда.
Прысуд выносіў Дзяніс Кузенек, які стаў суддзём літаральна некалькі месяцаў таму. Да гэтага ён шмат гадоў працаваў следчым.
Дакладны тэрмін, які ён прысудзіў Нікіціну, пакуль не называецца. Вядома, што да гэтага хлопца судзілі па адміністрацыйным артыкуле за падпіску на старонку, абвешчаную «экстрэмісцкай».
Верагодна, спачатку хлопца затрымалі за «падпіскі», а пры праверцы тэлефона маглі знайсці здымкі з пратэстаў 2020 года, за што ўрэшце ўзбудзілі крымінальную справу.
Аляксандра называлі «легендай Веткаўскага музею», «любімым экскурсаводам». Ён захапляўся краязнаўствам яшчэ з юнацтва, любіў бываць у экспедыцыях і збіраць старадаўнія рэчы. Некаторыя нават выкупляў за ўласныя грошы.