Пошукі старога Гомеля

@stary_homel


Гістарычныя даследаванні Гомеля онлайн.

Нас цікавяць артэфакты і з'явы гарадскога асяроддзя мінуўшчыны.

Скрынка для зваротнай сувязі: https://t.me/poshuki

Пошукі старога Гомеля

21 Oct, 18:54


Вядомыя і памеры калодзежа-міквы: глыбіня 10 сажаней (21,3 м), над зямлёю 1 сажань.

За сваю працу будаўнік Майсей Бандароў атрымаў заробак у 100 рублёў і 5 рублёў прэміі. Яшчэ 25 рублёў давялося сплаціць равіну за асвячэнне.

З тэксту архіўных дакументаў вынікае, што міква існавала і раней, чым быў пабудаваны будынак Цэнтральнай лазні / Лязні Рудзіеўскага ў 1895 годзе. Іначай, калодзеж не паспеў бы прыйсці ў нягоднасць за 6 год.

Галоўнае ж пытанне: як гомельскія яўрэі карысталіся міквай, застаецца нераскрытым. Ці быў спуск непасрэдна ў калодзеж? Ці вада падавалася ў цёплую лазню? Магчыма, вы зможаце прапанаваць уцямную версію.

Пошукі старога Гомеля

17 Oct, 18:18


Знайшоўся архіў Табалевіча!

Раней мы расказвалі пра мадам Табалевіч, якая напачатку 20 стагоддзя стварыла ў Гомелі прыватную жаночую гімназію і першы дзіцячы садок.

Цяпер на адным з расійскіх аўкцыёнаў прадаюць фотаздымкі Панцеляймона Табалевіча – мужа заснавальніцы навучальных устаноў. Ён быў выкладчыкам гімнастыкі і ў царскія, і ў савецкія часы.

На першых двух здымках ён лёгка пазнаецца: у цывільным і вайсковым.

Хто гэтыя доўгавалосая дзяўчына і маленькая дзяўчынка, што за здымкі з вайсковымі і інтэр'ерамі мы не ведаем. Можаце паспрабаваць высунуць версію ў каментарах.

На некаторых лістах можна заўважыць лісты больш позняга друку часоў БССР.

Пошукі старога Гомеля

13 Oct, 16:40


Правільны адказ!

На гэтым малюнку тэрыторыя ўздоўж вуліцы Савецкай паміж вуліцамі Кожара і Галавацкага.

На месцы вялікага збудавання з купалам сёння гасцініцы Турыст і Надзея. На месцы пешаходнай вуліцы – зялёная зона, якую мясцовыя жыхары змаглі захаваць ад забудовы толькі ў апошнія гады.

Іншыя 9-павярховікі каля пешаходнай вуліцы былі рэалізаваныя амаль так, як на макеце.

Што гэта за вялізарны аб’ект з купалам, цяжка сказаць. Там мог быць і цырк, і палац культуры, і канцэртная зала.

Пошукі старога Гомеля

12 Oct, 18:26


Загадка на вечар!

На гэтым простым малюнку візуалізацыя адміністрацыйна-дзелавога цэнтра Гомеля. У 1966 годзе тут праектаваліся: пешаходная вуліца, басейн, гатэль-высотка, жылыя дамы на адзіным стылабаце.

Яшчэ напачатку 1960-х гадоў у Гомелі працягвалі будаваць псеўдагістарычныя будынкі у стылі так званага "сталінскага ампіру". А тут такое!

Спадарства, паспрабуйце здагадацца па апісанні гэтага раёна, дзе ён павінен быў з'явіцца і што цяпер на яго месцы.

Пошукі старога Гомеля

10 Oct, 18:36


Сёння прапаноўваем вам, шаноўныя падпісчыкі, фатаздымак яшчэ аднаго дзіцячага садка.

Гэта ўжо часы БССР, Гомель, 1928 год. Дзіцячы садок носіць імя камуніста Красіна. На жаль, у спісе дашкольных устаноў 1927 года такі садок не значыцца.

Пошукі старога Гомеля

07 Oct, 18:36


Вы ўжо бачылі алічбаваны макет старыжатнага Гомеля 12 стагоддзя?

Макет быў зроблены Антонам Базыленкам па матэрыялах археолага Алега Макушнікава яшчэ ў 2019 годзе. Цяпер жа макет алічбаваны Вікторыяй Макоўскай.

На мадэлі ўмацаваная цэнтральная частка Гомеля 12 стагоддзя. Макет хоць і зроблены з простых матэрыялаў, але цалкам перадае структуру сярэднявечага Гомеля.

Прыемнага прагляду: https://sketchfab.com/3d-models/the-miniature-of-old-rus-homel-0535ee6840ad4c55b1cb7b4fa471eb24?fbclid=PAAaZYHWPbp_522Vdw6dbik66-zawA5Mck4TS576QsWyM5Q_CrCnD1Nj9W8hQ

Пошукі старога Гомеля

06 Oct, 18:47


Што да пытання, дзе і калі мог быць зроблены эпічны здымак з дзецьмі?

Зробім адразу тры здагадкі:

Месца - гарадскі бульвар (сёння скверык Грамыкі), як бліжэйшае зялёнае месца каля садка.

Час - паміж 1915 і 1917 (даволі змрочны час Першай сусветнай).

Нагода карнавала - дзень летняга сонцастаяння 21 чэрвеня.

Спрачайцеся, калі не згодныя!

Пошукі старога Гомеля

06 Oct, 18:39


У нас атрымалася знайсці апісанне гэтага будынку!

Месціўся ён на нязручнай зямлі – фактычна ў Каўказскім яру. Гэта абумовіла ягоную спецыфічную планіроўку. Уваход быў з другога паверху, з яго можна было патрапіць уніз на першы і ўверх - на трэці.

На 1910 год будынкам валодаў мешчанін Іван Рудзько. На той момант там гімназіі яшчэ не было. Трэці паверх займаў Мікалаеўскі банк. На 1 і 2 паверхах месціліся такія ж прасторныя апартаменты ў 6 і 7 пакояў. Відаць, хапіла там месца і для дзявочай гімназіі, і для малых гомельцаў.

У 1918 годзе гімназія была нацыяналізаваная і ператворана ў працоўную школу. У 1920-гадах ёй надалі №7 і імя Калініна. Табалевіч страціла пасаду дырэктаркі, але засталася пры школе: яны разам з мужам сталі простымі настаўнікамі. Выкладалі яны да 1926 года, пакуль не з'ехалі ў Ленінград.

Вядома, што ў пасляваенны час старэнькая Табалевіч прыязджала ў Гомель і спрабавала адшукаць былую гімназію. Але марна, будынак быў цалкам зруйнаваны пасля вайны дзеля пашырэння галоўнай вуліцы Гомеля.