Годна

@hodnaby


Мы — каманда экспертак і экспертаў у пытанні беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці.

Усё будзе Годна!
Падрабязней на https://hodna.org/

Зваротная сувязь: @hodna_by

Годна

22 Oct, 16:44


Малады талент, якога забілі савецкія ўлады. Расказваем пра Юлія Таўбіна⬇️

Дзесяцігадовы Юлій прыехаў у Беларусь з бацькамі з Варонежскай губерні. Але гэта не перашкаджала яму любіць нашую краіну і натхняцца ёй.

У жыцці паэта было моцнае сяброўства. Разам з Аркадзем Куляшовым і Змітром Астапенкам хлопцы жылі ў мінскім пакойчыку на вуліцы Люксембург. Праз шмат гадоў сваім загінулым сябрам Юлію Таўбіну і Змітру Астапенку Аркадзь Куляшоў прысвяціў паэму “Маналог”.

Літаратар уваходзіў у нефармальны ТАВІЗ (Таварыства аматараў выпіць і закусіць). Збіраліся ў кагосьці на кватэры, у шашлычнай ці ў рэстаране пад Домам пісьменніка. Не толькі елі і пілі, а чыталі вершы і горача дыскутавалі.

Першы раз паэта арыштавалі ў 1933 годзе. Пакаранне – высылка ў Цюмень. Паўторна затрымалі ў 1936 годзе, а ў 1937 – расстралялі. Юнаку было 26 гадоў.

Юлій Таўбін быў адным з найбольш таленавітых паэтаў і перакладчыкаў свайго часу. Застаецца толькі здагадвацца, колькі яшчэ змог бы зрабіць літаратар, каб не трагічная смерць.

Годна

21 Oct, 17:10


Першы беларускі перакладчык “Фаўста” Гётэ і адзін з заснавальнікаў літаратурнага аб’яднання “Маладняк”. Расказваем пра беларускага паэта Алеся Дудара📚

Беларус быў не толькі паэтам. Быў акторам у трупе Галубка, перакладчыкам, яркім, але супярэчлівым, літаратурным крытыкам. Здольнасці пісьменніка адзначаў Янка Купала.

Ніводны скандал не абыходзіўся без маладога паэта. Ён разам з іншымі напісаў “Ліст трох” супраць згортвання беларусізацыі ва ўніверсітэце. Падпісаў “Ліст сямі” разам з літаратарамі, заклапочанымі нацыянальнай палітыкай партыі.

У 1929, пасля верша “Пасеклі край наш папалам”, быў сасланы ў Смаленск. Там жа яго зноў арыштавалі па справе Саюза вызвалення Беларусі. У 1936 годзе паэта затрымалі яшчэ раз, а ў 1937 Алесь Дудар быў расстраляны. Яму было толькі 32 гады.

*Да 29 кастрычніка мы будзем распавядаць пра тых, хто пацярпеў ад савецкіх рэпрэсій. Запрашаем вас далучацца! Дзяліцца пастамі і самім іх ствараць. Не забываць пра людзей, якія любілі Беларусь і праз гэта так несправядліва загінулі💔

Годна

16 Oct, 16:10


Што пачытаць? 5 самых беларускіх кніг ад каманды Годна💥

📌 Максім Гарэцкі “Дзве душы”.
Беларусы і беларускі часта сумяшчаюць у сабе супрацьлеглыя рысы. Беларуская гісторыя бывае вельмі супярэчлівай. Вось і галоўны герой кнігі вагаецца паміж дзвюма ўласнымі душамі.

📌 Ларыса Геніюш “Споведзь”.
У яе паэзіі адчуваецца трагічнасць лёсу разам з тым моцным духам, які і дазволіў да канца жыцця заставацца годнай беларускай.

📌 Уладзімір Караткевіч “Каласы пад сярпом тваім”.
Згадваць пра гэтага пісьменніка можна, пакуль усе беларусы і беларускі не прачытаюць яго кнігі. Базавы твор для таго, каб палюбіць Беларусь.

📌 Васіль Быкаў “Доўгая дарога дадому”.
Расповед і развагі пісьменніка пра падзеі яго ўласнага жыцця. Выдатная магчымасць хаця б крыху зразумець эпоху для тых, хто не бачыў той час на свае вочы.

📌 Ева Вежнавец “Па што ідзеш, воўча?”.
Самая сучасная з усіх кніг і разам з гэтым такая блізкая да нашых каранёў.

Годна

14 Oct, 11:42


Беларусь і бюстгальтар. Што яны маюць агульнага між сабой?

Менавіта ўраджэнка Беларусі Іда Кагановіч-Разэнталь стварыла бюстгальтар у сучасным выглядзе. Яна хацела зрабіць жыццё жанчын зручней💥

📌 1886 год – нарадзілася ў яўрэйскай сям’і ў Ракаве.
📌 1902 год – пераехала ў Варшаву, пачала працаваць швачкай.
📌 1904 год – пераехала ў ЗША.

Разам з мужам Іда адкрыла краму адзення Maiden Form. Кліенткі крамы скардзіліся на нязручныя гарсэты. Іда заўважыла праблему і дапамагла яе вырашыць.

Спадарыня Разэнталь і яе каляжанкі падзялілі бюстгальтар з нязручнай палоскі тканіны на дзве часткі-чашкі. Спачатку яго прадавалі як дапаўненне да сукенак, але аксесуар пачаў карыстацца такой папулярнасцю, што бюстгальтар пачалі прадаваць асобна.

Іда разам з мужам прыдумала мадэлі для цяжарных і маці, якія кормяць немаўля. Таксама з’явіліся шлейкі, даўжыня якіх рэгулюецца, стандарты чашак розных памераў, зашпілка, якая рэгулюецца па шырыні. Зараз гэта ўсё звычайныя і звыклыя мадэлі, а тады гэта было сапраўднае вынаходніцтва!

Годна

13 Oct, 16:31


Беларускія дзеткі стварылі больш выяваў Францыска Скарыны, чым ёсць у Google😮

Ім дапамаглі нейрасеткі. Скарыну спрабавалі намаляваць “супермэнам эпохі Адраджэння”⚡️

З красавіка гэтага года ініцыятыва “Дзеці для дзяцей” праводзіла семінары па нейраілюстрацыях для маленькіх беларусаў і беларусак у Польшчы. На семінарах дзеці стварылі некалькі сотняў ілюстрацый, прысвечаных Усяславу Чарадзею, Анастасіі Слуцкай, Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу і іншым беларускім дзеячам і дзяячкам.

Сачыць за ініцыятывай можна па спасылцы.

А мы паказваем вам некаторыя з гэтых выяваў☺️

Годна

10 Oct, 09:11


Кароль беларускай гістарычнай прозы💥
10 кастрычніка 1940 года нарадзіўся Кастусь Тарасаў.

Ён напісаў “Тры жыцці княгіні Рагнеды”, “Апошняе каханне князя Міндоўга”, папулярную кнігу “Памяць пра легенды” і не толькі. Калі вам надакучваюць сухія факты, ведайце, што можна пачытаць не толькі Караткевіча, а яшчэ, напрыклад, і Кастуся Тарасава📚

Спачатку пісьменнік атрымаў тэхнічную адукацыю. Працаваў слесарам, майстрам шкловарэння, тэхнолагам. Але пісаць беларус марыў яшчэ з юнацтва. Так што не спыняйцеся на шляху да сваіх мараў!

Роднай мовай Тарасава была руская. З цягам часу ён вывучыў беларускую і пачаў пісаць на ёй. Бачыце, ніколі не позна вучыцца новаму☝️

"Усё жыццё мяне цягнула мінулае, але цяпер мне стала цікава будучыня, гадоў гэтак праз дзвесце. Як людзі будуць жыць у ёй? І ці могуць у ёй захавацца беларусы, якія ў большасці сваёй не ведаюць сваёй мовы, гісторыі сваёй краіны, і якіх суседзі – рускія і палякі – заўсёды расцягвалі ў свае дзяржавы?" – такое пытанне дужа хвалявала аўтара.

Годна

06 Oct, 12:40


6 кастрычніка 1876 года нарадзіўся Ян Булгак. Распавядаем пра яго📷

Ян Булгак – этнограф, фалькларыст і пісьменнік. Але найбольш вядомы ён як фатограф. Здольнасць да фатаграфіі Булгак адкрыў выпадкова ва ўзросце 29 гадоў. Тады яго жонцы Ганне падарылі на Дзень нараджэння фотаапарат📸

Друкаваўся ў польскіх і нямецкіх часопісах, а пасля атрымаў пасаду штатнага фатографа пры віленскім магістраце. Па здымках Булгака можна вывучаць Беларусь пачатку ХХ стагоддзя. Захаваліся кадры з Міра, Крэва, Наваградка, Горадні, Нясвіжа, Пінска, Слоніма і іншых беларускіх мясцінаў🏠

Выкладаў мастацкую фатаграфію ва ўніверсітэце Стэфана Баторыя. Дарэчы, сам фатограф не навучаўся ў класічным акадэмічным асяродку. Але гэта не перашкодзіла яму выкладаць і дзяліцца ўласным прафесіяналізмам.

На пачатку ХХ стагоддзя фатограф пабываў у Сядзібе Булгакаў у Жылічах. Фотаздымкі, дзе Ян Булгак адлюстраваў інтэр’ер і знешні выгляд, апынуліся вельмі карыснымі на этапе рэстаўрацыі будынка.

Годна

05 Oct, 15:57


Падарожніца, першая жанчына, якая стала лекаркай у Рэчы Паспалітай, аўтарка мемуараў – Саламея Русецкая. Расказваем 5 прычынаў, чаму гэтая беларуска такая фантастычная

1) Шмат падарожнічала. Нават у наш час гэта захапляе. І хаця ў той час падарожнічаць было цяжэй, Саламея наведала Стамбул, Вену, Сафію, Пецярбург і іншыя гарады.

2) Была таленавітай лекаркай. Спачатку разам з мужам працавала ў Стамбуле. На некаторы час спынялася ў Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі і Францішкі Уршулі Радзівіл у Нясвіжы.

3) Зарабляла ўласным майстэрствам і працай. Ад першага мужа ёй засталіся вялікія сродкі, але іх яна патраціла на падарожжы і дабрачыннасць. Далей працягвала жыць дзякуючы працы.

4) Напісала кнігу пра ўсе свае прыгоды.

5) Якім бы складаным не было яе жыццё, ніколі не адчайвалася. Яе беспадстаўна абвінавачвалі, спрабавалі атруціць, яна зведала здраду, а часам увогуле знаходзілася ў кроку ад смерці. Але працягвала жыць, працаваць і ствараць💥

Годна

03 Oct, 16:00


Што паглядзець на ўсходзе Беларусі? Распавядаем пра 5 цікавых месцаў у Мсціславе🔥

📌 Замкавая гара XII-XIII стагоддзя(1). Кажуць, што Мсціслаў стаіць на шасці гарах, і гэта – адна з іх. Хаця ўсе артэфакты там былі адноўленыя, але ўявіць старажытную атмасферу можна.

📌 Касцёл Унебаўзяцця Дзевы Марыі(2). Помнік архітэктуры XVII стагоддзя.

📌 Яшчэ ў Мсціславе можна наведаць гісторыка-археалагічны музей(3). Там вы зможаце пабачыць амаль такі ж друкавальны станок, як той, за якім працаваў Пётр Мсціславец.

📌 Мужчынская гімназія ХІХ стагоддзя(4). Пасля рэвалюцыі будынак пераўтварыўся ў педагагічны тэхнікум. Тут навучаліся беларускія паэты Аркадзь Куляшоў і Юлій Таўбін. Сюды завітваў і Якуб Колас, каб выступіць перад навучэнцамі.

📌 Фрагменты Тупічэўскага манастыра(5). Яго гісторыя пачалася яшчэ ў XVII стагоддзі. Цяпер на гэтым месцы знаходзіцца масласырзавод.

Больш пра ўсход Беларусі можаце даведацца ў нашым выпуску “Бусь Беларусь” Мсціслаў – Белая Царква – Стражэвічы.